§ 25–2. Культура Заходняй Беларусі 1921—1939 гг.

3. Літаратура

Заходнебеларуская літаратура развівалася ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту. І. Канчэўскі (І. Абдзіраловіч) у сваім філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» («Извечным путем») раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць сваю незалежнасць. Пісьменнік, крытык, выкладчык Віленскай гімназіі М. Гарэцкі ў 1920 г. напісаў першую «Гісторыю беларускай літаратуры». Кніга была прызначана самаму шырокаму колу чытачоў з арыентацыяй на нацыянальныя беларускія прыярытэты.

З'явіліся маладыя паэты, творчасць якіх была звязана з рэвалюцыйна-дэмакратычным кірункам у паэзіі, адлюстроўвала барацьбу беларускага народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту прысутнічаў у творчасці В. Таўлая, М. Машары, М. Засіма, М. Танка і многіх іншых маладых паэтаў Заходняй Беларусі.