*§ 5—1. Экалагічныя групы раслін у адносінах да светлавога рэжыму асяроддзя існавання

Факультатыўныя геліяфіты (ценевынослівыя расліны)

Факультатыўныя геліяфіты аддаюць перавагу добрай асветленасці, але могуць расці і ў цені. Гэта расліны ўзлескаў, палян, высечак, лугоў, стэпаў (ляшчына, ветраніца лясная, снітка, чарніцы, брусніцы, падарожнік, злакавыя травы, ажыны). Яны ўтвараюць жывое наглебавае покрыва, хмызняковы і ніжні дрэвавы ярусы ў лясах умеранага пояса. На асветленых месцах гэтыя расліны разрастаюцца часта мацней, аднак аптымальнае праяўленне фотасінтэтычнай актыўнасці ў іх адбываецца не пры поўным сонечным асвятленні.

Факультатыўныя геліяфіты ў залежнасці ад ступені ценевыносліва-сці маюць прыстасавальныя асаблівасці, якія збліжаюць іх то з геліяфітамі, то са сцыяфітамі.

У ліставых ценевынослівых дрэвавых парод і хмызнякоў (дуб, ліпа, яліна, бэз, ляшчына) лісты, размешчаныя на перыферыі кроны, маюць структуру, падобную да структуры лістоў геліяфітаў, і называюцца светлавымі. У глыбіні кроны размяшчаюцца ценявыя лісты, якія маюць структуру, падобную да структуры лістоў сцыяфітаў.

У дрэў і хмызнякоў ценявая ці светлавая структура ліста часта вызначаецца ўмовамі асвятлення папярэдняга года, калі закладаюцца пупышкі: калі закладка пупышак ідзе на святле, то фарміруецца светлавая структура, і наадварот.

Калі ў адным і тым жа месцапражыванні заканамерна перыядычна змяняецца светлавы рэжым, расліны ў розныя сезоны могуць выяўляць сябе то як святлолюбівыя, то як ценевынослівыя.

!  Гэта цікава

Гэта цікава. Вясной у дубровах пад полаг лесу пранікае 50—60 % сонечнай радыяцыі. Лісты разетачных парасткаў сніткі звычайнай маюць светлавую структуру і адрозніваюцца высокай інтэнсіўнасцю фотасінтэзу. У гэты час яны ствараюць асноўную частку арганічнага рэчыва гадавой прадукцыі. Лісты сніткі летняй генерацыі, якія з’яўляюцца пры развітым дрэвавым полазе, калі да травяністага полага пранікае ў сярэднім 3,5 % сонечнай радыяцыі, маюць тыповую ценявую структуру, і інтэнсіўнасць фотасінтэзу іх значна ніжэйшая (у 10—20 разоў). Падобную дваістасць у адносінах да святла выяўляе і асака валасістая, святлолюбівая вясной і ценевынослівая летам. Відаць, гэта ўласціва і іншым раслінам дуброўнага разнатраўя.

Часам у раслін змяняюцца патрабаванні да светлавога рэжыму, калі яны аказваюцца ў іншых кліматычных і эдафічных умовах. Так, звычайныя ценевынослівыя расліны хвойнага лесу: чарніцы, семачок еўрапейскі і некаторыя іншыя — у тундры набываюць асаблівасці геліяфітаў.

Найбольш агульная адаптацыя раслін да максімальнага выкарыстання фотасінтэтычнай актыўнасці — гэта прасторавая арыентацыя лістоў. Пры вертыкальным размяшчэнні лістоў сонечнае святло паўней паглынаецца ў ранішнія і ў вячэрнія гадзіны — пры больш нізкім стаянні сонца. Пры гарызантальнай арыентацыі лістоў паўней выкарыстоўваюцца прамяні паўдзённага сонца. Пры дыфузным размяшчэнні, калі лісты ніжняга яруса адхілены гарызантальна, сярэдняга — накіраваны коса ўверх, а верхняга — размяшчаюцца амаль вертыкальна, сонечная радыяцыя на працягу дня ўтылізуецца найбольш поўна.

Паўторым галоўнае. Паводле прыстасаванасці да пэўнага светлавога рэжыму наземныя расліны падзяляюць на тры экалагічныя групы: геліяфіты (святлолюбівыя), сцыяфіты (ценелюбівыя) і факультатыўныя геліяфіты (ценевынослівыя). Яны адрозніваюцца па светлавым оптымуме, форме і ўнутранай будове лістоў, характары іх размяшчэння ў прасторы, тыпе сцябла і жыццёвай форме.