§ 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.
7. Выяўленчае мастацтва Савецкай Беларусі
У 1920-я гг. цэнтрам выяўленчага мастацтва заставаўся Віцебск. Тут актыўна працавала народная мастацкая школа, заснаваная М. Шагалам. У 1923 г. яна была рэарганізавана ў мастацкі тэхнікум. З Віцебскам звязана творчасць мастака, заснавальніка супрэматызму К. Малевіча. Ідэі віцебскіх мастакоў-авангардыстаў вызначылі ў далейшым многія знаходкі і дасягненні сусветнай архітэктуры, дызайну, кніжнай і прамысловай графікі.
Нацыянальная тэматыка, гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народа, яго побыт знайшлі адлюстраванне ў творчасці выдатных беларускіх мастакоў, графікаў, скульптараў: М. Станюты, М. Філіповіча, А. Тычыны, А. Грубэ, А. Бразера і інш. Барацьба за ўладу Саветаў, падзеі Грамадзянскай вайны і сацыялістычнага будаўніцтва сталі вядучай тэмай работ І. Ахрэмчыка.