Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.

Якія былі асноўныя дасягненні беларусазнаўства ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Падручнік: § 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.
Надрукаваны: Госць
Дата: Панядзелак 19 Травень 2025 11:50

1. Палітыка беларусізацыі

У сакавіку 1921 г. адбыўся Х з'езд РКП(б). На абмеркаванне былі вынесеныя пытанні аб неабходнасці развіцця і ўмацавання савецкай дзяржаўнасці ў формах, якія адпавядаюць нацыянальнаму абліччу народаў, аб стварэнні ў рэспубліках на роднай мове суда, адміністрацыі, органаў улады і гаспадаркі з мясцовых людзей, якія ведаюць побыт і псіхалогію насельніцтва; аб развіцці на месцах прэсы, школы, тэатра, клубнай справы на роднай мове. У такой сітуацыі кіраўніцтва КП(б)Б атрымала магчымасць прыступіць да правядзення нацыянальнай палітыкі. Рашэннем ІІ сесіі ЦВК БССР у ліпені 1924 г. было афіцыйна абвешчана аб пераходзе да беларусізацыі — усебаковай дзейнасці партыйных, дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый па нацыянальна-дзяржаўным і нацыянальна-культурным будаўніцтве ў БССР, нацэленым на развіццё беларускай мовы, культуры, навукі і адукацыі. З гэтай мэтай была створана спецыяльная камісія на чале з членам Прэзідыума ЦВК БССР А. Хацкевічам, які бачыў яе задачу ў тым, каб «прыстасаваць дзяржаўны апарат, школы, мастацтва, літаратуру да абслугоўвання асноўнай масы насельніцтва на яго роднай мове». Такія ж камісіі былі створаны пры акруговых выканаўчых камітэтах.

Найважнейшае месца ў палітыцы беларусізацыі адводзілася развіццю беларускай мовы, якая станавілася пераважнай у адносінах паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі. Мовай узаемаадносін дзяржаўных органаў БССР з органамі СССР і саюзных рэспублік станавілася руская мова. На тэрыторыі БССР прызнаваліся раўнапраўнымі беларуская, руская, польская і яўрэйская мовы.

У 1924—1928 гг. былі створаны адпаведныя ўмовы для навуковай распрацоўкі праблем беларускай мовы, яе гісторыі, сучаснай лексікі і граматычных норм, тэрміналогіі на аснове вывучэння народнай мовы. Ажыццяўляўся паступовы пераход да выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўным апараце, установах адукацыі, навукі, культуры, тэрытарыяльных частках Чырвонай арміі. Беларуская мова ўводзілася таксама на рабфаках, у школах рабочай і сялянскай моладзі, у партыйных і камсамольскіх школах.

Высокімі тэмпамі праходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. У 1928 г. каля 80 % школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Выкладанне большасці дысцыплін у многіх прафесійна-тэхнічных навучальных установах і ВНУ ажыццяўлялася на беларускай мове. У якасці абавязковых прадметаў вывучаліся гісторыя, эканоміка і геаграфія Беларусі, беларуская літаратура. Да 1928 г. 80 % агульнаадукацыйных школ перайшлі на беларускую мову навучання. Значна павялічылася колькасць кніг, перыёдыкі на беларускай мове.

Правядзеннем беларусізацыі займаліся людзі з багатымі тэарэтычнымі ведамі, практычным вопытам, высокай грамадзянскай пазіцыяй, якія займалі ключавыя пасады: старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў, старшыня СНК БССР М. Галадзед, пісьменнік Д. Жылуновіч, гісторык В. Ігнатоўскі, народны камісар асветы А. Баліцкі, загадчык аддзела ЦК КП(б)Б А. Адамовіч, старшыні Нацыянальнай камісіі ЦВК БССР А. Хацкевіч, Д. Чарнушэвіч. Вялікую працу па беларусізацыі праводзілі многія вядомыя навукоўцы, літаратары, вопытныя педагогі, сярод якіх былі С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, А. Смоліч, В. Ластоўскі і інш.

Аднак у канцы 1920-х гг. адбылося паступовае згортванне беларусізацыі. Гэта было звязана з нарастаннем тэндэнцый цэнтралізацыі ў Савецкім Саюзе.

2. Развіццё сістэмы адукацыі ў Савецкай Беларусі

У 1920-я гг. першачарговымі задачамі былі развіццё адукацыі на роднай мове, ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Для вырашэння гэтых задач неабходна было стварыць новую сістэму адукацыі.

У 1922 г. у БССР уводзілася пачатковая чатырохгадовая школа, а таксама школа з сямігадовым тэрмінам навучання. З 1926 г. навучанне ў пачатковай школе стала абавязковым. У 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем.

Істотныя змены ў сістэме адукацыі адбыліся ў 1930-я гг. У школах рэспублікі была адноўлена класна-ўрочная сістэма навучання са строга вызначаным раскладам і пастаянным саставам навучэнцаў (яна была адменена бальшавікамі пасля кастрычніка 1917 г.). Навучальныя групы-брыгады зноў пачалі называцца класамі. Уводзіліся пасада класнага кіраўніка, школьная форма, вучнёўскі білет, аднаўляліся штодзённыя дамашнія заданні.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.

Далейшае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/1940 навучальным годзе ў БССР працавала 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.

Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўлялася ў вышэйшых навучальных установах. У 1921 г. быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у складзе рабочага і медыцынскага факультэтаў і факультэта грамадскіх навук. Першым рэктарам быў прызначаны вядомы гісторык-славіст У. Пічэта.

Акрамя БДУ ў БССР былі адкрыты камуністычны ўніверсітэт у Мінску, Віцебскі ветэрынарны інстытут, Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і інш. Усяго да канца 1930-х гг. у БССР працавала больш за 20 вышэйшых навучальных устаноў, у якіх навучалася 15,5 тыс. студэнтаў.

3. Станаўленне беларускай савецкай навукі

У 1920-я гг. зараджаецца беларуская савецкая навука. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Ён стаў вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай рэспублікі, асноўнай задачай якой з’яўлялася каардынацыя ўсёй навуковай працы ў БССР. Першым старшынёй Інбелкульта быў прызначаны С. Некрашэвіч, у 1925 г. яго змяніў У. Ігнатоўскі. У арганізацыі і працы Інбелкульта прымалі ўдзел Д. Жылуновіч, У. Пічэта, Я. Карскі, Я. Купала, Я. Колас, І. Лёсік, З. Бядуля, М. Гарэц­кі і інш.

12 кастрычніка 1928 г. Бюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі прыняло рашэнне аб стварэнні на аснове Інстытута беларускай культуры Беларускай акадэміі навук (з 1936 г. — ​Акадэмія навук БССР). Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў вядомы гісторык У. Ігнатоўскі.

Пачаўся новы этап у развіцці айчыннай навукі. Навукоўцы Акадэміі навук займаліся пошукам карысных выкапняў, гідраэнергетычных рэсурсаў, даследаваннем праблем арганічнай і неарганічнай хіміі, павышэння ўраджайнасці, распрацоўвалі праблемы гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, філасофіі.

4. Ажыццяўленне культурнай рэвалюцыі

У 1920—1930-я гг. у СССР і БССР праводзіліся актыўныя пераўтварэнні ў галіне навукі, культуры, адукацыі, якія атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.

Да канца першай пяцігодкі (1933 г.) быў завершаны пераход да ўсеагульнай абавязковай пачатковай адукацыі і працягвалася работа па ўвядзенні ўсеагульнага сямігадовага навучання.

З 1932 г. пачалося пераўтварэнне сямігадовай школы ў сярэднюю. Сярэдняя школа набыла выразную структуру: пачатковая школа (1—4 класы), няпоўная сярэдняя школа (1—7 класы), сярэдняя школа (1—10 класы). У 1939 г. была пастаўлена задача ажыццяўлення ўсеагульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе і ўсеагульнага сямігадовага ў вёсцы.

Працягнулася праца па ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва. Пісьменнае насельніцтва БССР ва ўзросце 9 гадоў і старэй у 1939 г. склала 79 %. Аднак цалкам пераадолець непісьменнасць да канца 1930-х гг. не ўдалося. У 1933 г. была праведзена рэформа беларускага правапісу, у выніку беларуская мова была набліжана да рускай.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.

З 1935 г. былі адмененыя ўсе абмежаванні пры прыёме ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы для дзяцей былых эксплуататарскіх класаў.

Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/40 навучальным годзе ў БССР працавалі 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.

Далейшае развіццё атрымала вышэйшая школа. У канцы 1930-х гг. у 23 вышэйшых навучальных установах БССР вучылася 15 тыс. студэнтаў. За гады першых пяцігодак у БССР было падрыхтавана больш за 40 тыс. спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.

5. Беларуская савецкая літаратура, музыка, тэатр

1920-я гг. былі ад­значаны росквітам беларускай літаратуры. У гэты час узніклі літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» (1923 г.), «Узвышша» (1926 г.), «Полымя» (1927 г.). Плённа працавалі беларускія пісьменнікі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, М. Гарэцкі. У літаратуры пісьменнікі павінны былі прытрымлівацца метаду сацыялістычнага рэалізму, які патрабаваў праўдзівага, гістарычна канкрэтнага малюнка рэчаіснасці ў яе рэвалюцыйным развіцці. Пры гэтым акцэнт рабіўся на адлюстраванні поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, паказе савецкага чалавека ў якасці творцы і гаспадара новага жыцця.

У 1920–1930-я гг. паспяхова развівалася музычнае мастацтва. У гарадах адкрываліся музычныя тэхнікумы і школы, з’яўляліся ­гурткі мастацкай самадзейнасці, свае дзверы адчынілі новыя тэатры і канцэртныя залы. У музычную творчасць прыйшло новае пакаленне таленавітых выканаўцаў: Л. Александроўская, Р. Млодэк, М. Дзя­нісаў.

Заснавальнікамі беларускай савецкай оперы, сімфоніі, камернай музыкі з’яўляюцца М. Чуркін, М. Аладаў, Я. Цікоцкі. У 1924 г. была пастаўлена першая беларуская опера на рэвалюцыйную тэму — ​«Вызваленне працы» М. Чуркіна. Кампазітар Я. Цікоцкі стварыў Першую сімфонію, якая была прысвечана вызваленню Беларусі ад польскіх акупантаў, а таксама напісаў оперу «Міхась Падгорны».

У 1932 г. адбылося адкрыццё Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1933 г. — ​Беларускага тэатра оперы і балета. У развіцці музычнага мастацтва важную ролю адыграла створаная ў 1937 г. у Мінску Беларуская дзяржаўная філармонія. У яе склад увайшлі сімфанічны аркестр і аркестр народных інструментаў, ансамбль народнай песні і танца, харавая капэла.

Важную ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва адыграў Беларускі першы дзяржаўны тэатр, адкрыты ў Мінску ў 1920 г. (сучасны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы) пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. Яго справу працягнуў таленавіты беларускі драматург Е. Міровіч. Паралельна дзейнічала тэатральная трупа пад кіраўніцтвам У. Галубка. У 1926 г. яна была ператворана ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. У 1926 г. у Віцебску адкрыўся другі беларускі драматычны тэатр (сучасны Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа), трупу якога склалі выпускнікі беларускай драматычнай студыі пры МХАТе (Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр).

У 1932 г. Беларускі вандроўны тэатр быў рэарганізаваны ў трэці беларускі дзяржаўны тэатр з базай у Гомелі. У. Галубку першаму ў рэспубліцы было прысвоена званне народнага артыста БССР. Выдатныя майстры сцэны — ​У. Крыловіч, Б. Платонаў, У. Уладамірскі, Ф. Ждановіч, П. Малчанаў, А. Ільінскі, Л. Ржэцкая — ​сваёй творчасцю паднялі на новую, больш якасную прыступку нацыянальнае тэатральнае мастацтва.

У 1930-я гг. былі адкрыты новыя тэатры — ​Тэатр юнага гледача БССР (1931 г.), Дзяржаўны рускі тэатр БССР (1932 г.), абласныя тэатры. У 1937 г. у рэспубліцы дзейнічала 15 тэатраў.

6. Зараджэнне беларускага кіно

У 1920-я гг. беларускі кінематограф пачаўся са здымкаў дакументальных фільмаў. За 1925–1926 гг. аператар М. Лявонцьеў зняў больш за 30 стужак, у тым ліку «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — ​здаровы дух». У 1928 г. у Ленінградзе была адкрыта кінастудыя «Савец­кая Беларусь», якая ў 1929 г. пераехала ў Мінск.

Вядучай у кінематаграфіі была тэма барацьбы беларускага народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Першы беларускі мастацкі фільм (яшчэ нямы) па сцэнарыі М. Чарота «Лясная быль» быў зняты ў 1926 г. вядомым рэжысёрам Ю. Тарычам. Галоўным героем фільма быў юны партызанскі разведчык Грыша, які ўдзельнічае ў барацьбе з польскімі інтэрвентамі. Сярод лепшых фільмаў для дзяцей была экранізацыя аповесці Я. Маўра «Палескія рабінзоны» (1934 г., рэжысёры І. Бахар і Л. Малчанаў).

7. Выяўленчае мастацтва Савецкай Беларусі

У 1920-я гг. цэнтрам выяўленчага мастацтва заставаўся Віцебск. Тут актыўна працавала народная мастацкая школа, заснаваная М. Шагалам. У 1923 г. яна была рэарганізавана ў мастацкі тэхнікум. З Віцебскам звязана творчасць мастака, заснавальніка супрэматызму К. Малевіча. Ідэі віцебскіх мастакоў-авангардыстаў вызначылі ў далейшым многія знаходкі і дасягненні сусветнай архітэктуры, дызайну, кніжнай і прамысловай графікі.

Нацыянальная тэматыка, гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народа, яго побыт знайшлі адлюстраванне ў творчасці выдатных беларускіх мастакоў, графікаў, скульптараў: М. Станюты, М. Філіповіча, А. Тычыны, А. Грубэ, А. Бразера і інш. Барацьба за ўладу Саветаў, падзеі Грамадзянскай вайны і сацыялістычнага будаўніцтва сталі вядучай тэмай работ І. Ахрэмчыка.

8. Архітэктура

У 1920–1930-я гг. ствараюцца праекты забудоў гарадоў, рабочых пасёлкаў, унікальныя манументальныя аб’екты.

Выбітнымі архітэктурнымі будынкамі 1930-х гг. сталі Дом урада, Дом Чыр­вонай арміі, будынкі Акадэміі навук, Тэатра оперы і балета (архітэктар І. Лангбард), Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Мінскага палаца піянераў і школьнікаў (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін) у Мінску, а таксама новыя будынкі ў Магілёве, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах.

Пытанні і заданні

1. Якія падзеі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў 1920—1930-я гг. у найбольшай меры вызначылі развіццё беларускай культуры ў гэты перыяд? Сваё меркаванне абгрунтуйце.

2. Сфармулюйце тры тэзісы, адлюстраваўшы ў іх асноўныя дасягненні сістэмы адукацыі БССР ў 1920—1930-я гг.

3. Якія ўстановы культуры, навукі, адукацыі, створаныя ў БССР у 1920—1930-я гг., дзейнічаюць і сёння? На прыкладзе аднаго з іх, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, пакажыце, якія змены адбыліся ў іх дзейнасці.

4. Падрыхтуйце разгорнутае паведамленне (на выбар) аб адным з дзеячаў культуры Беларусі або аб развіцці якога-небудзь віду мастацтва (жывапіс, архітэктура, тэатр, скульптура і г. д.) у дадзены перыяд.