§ 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.
4. Ажыццяўленне культурнай рэвалюцыі
У 1920—1930-я гг. у СССР і БССР праводзіліся актыўныя пераўтварэнні ў галіне навукі, культуры, адукацыі, якія атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.
Да канца першай пяцігодкі (1933 г.) быў завершаны пераход да ўсеагульнай абавязковай пачатковай адукацыі і працягвалася работа па ўвядзенні ўсеагульнага сямігадовага навучання.
З 1932 г. пачалося пераўтварэнне сямігадовай школы ў сярэднюю. Сярэдняя школа набыла выразную структуру: пачатковая школа (1—4 класы), няпоўная сярэдняя школа (1—7 класы), сярэдняя школа (1—10 класы). У 1939 г. была пастаўлена задача ажыццяўлення ўсеагульнай сярэдняй адукацыі ў горадзе і ўсеагульнага сямігадовага ў вёсцы.
Працягнулася праца па ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва. Пісьменнае насельніцтва БССР ва ўзросце 9 гадоў і старэй у 1939 г. склала 79 %. Аднак цалкам пераадолець непісьменнасць да канца 1930-х гг. не ўдалося. У 1933 г. была праведзена рэформа беларускага правапісу, у выніку беларуская мова была набліжана да рускай.
Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.
З 1935 г. былі адмененыя ўсе абмежаванні пры прыёме ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы для дзяцей былых эксплуататарскіх класаў.
Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/40 навучальным годзе ў БССР працавалі 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.
Далейшае развіццё атрымала вышэйшая школа. У канцы 1930-х гг. у 23 вышэйшых навучальных установах БССР вучылася 15 тыс. студэнтаў. За гады першых пяцігодак у БССР было падрыхтавана больш за 40 тыс. спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі.