§ 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.
3. Станаўленне беларускай савецкай навукі
У 1920-я гг. зараджаецца беларуская савецкая навука. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Ён стаў вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай рэспублікі, асноўнай задачай якой з’яўлялася каардынацыя ўсёй навуковай працы ў БССР. Першым старшынёй Інбелкульта быў прызначаны С. Некрашэвіч, у 1925 г. яго змяніў У. Ігнатоўскі. У арганізацыі і працы Інбелкульта прымалі ўдзел Д. Жылуновіч, У. Пічэта, Я. Карскі, Я. Купала, Я. Колас, І. Лёсік, З. Бядуля, М. Гарэцкі і інш.
12 кастрычніка 1928 г. Бюро Цэнтральнага камітэта Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі прыняло рашэнне аб стварэнні на аснове Інстытута беларускай культуры Беларускай акадэміі навук (з 1936 г. — Акадэмія навук БССР). Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў вядомы гісторык У. Ігнатоўскі.
Пачаўся новы этап у развіцці айчыннай навукі. Навукоўцы Акадэміі навук займаліся пошукам карысных выкапняў, гідраэнергетычных рэсурсаў, даследаваннем праблем арганічнай і неарганічнай хіміі, павышэння ўраджайнасці, распрацоўвалі праблемы гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, філасофіі.