§ 25–1. Беларуская савецкая культура ў 1920-я — 1930-я гг.

2. Развіццё сістэмы адукацыі ў Савецкай Беларусі

У 1920-я гг. першачарговымі задачамі былі развіццё адукацыі на роднай мове, ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Для вырашэння гэтых задач неабходна было стварыць новую сістэму адукацыі.

У 1922 г. у БССР уводзілася пачатковая чатырохгадовая школа, а таксама школа з сямігадовым тэрмінам навучання. З 1926 г. навучанне ў пачатковай школе стала абавязковым. У 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем.

Істотныя змены ў сістэме адукацыі адбыліся ў 1930-я гг. У школах рэспублікі была адноўлена класна-ўрочная сістэма навучання са строга вызначаным раскладам і пастаянным саставам навучэнцаў (яна была адменена бальшавікамі пасля кастрычніка 1917 г.). Навучальныя групы-брыгады зноў пачалі называцца класамі. Уводзіліся пасада класнага кіраўніка, школьная форма, вучнёўскі білет, аднаўляліся штодзённыя дамашнія заданні.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.

Далейшае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/1940 навучальным годзе ў БССР працавала 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.

Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўлялася ў вышэйшых навучальных установах. У 1921 г. быў заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у складзе рабочага і медыцынскага факультэтаў і факультэта грамадскіх навук. Першым рэктарам быў прызначаны вядомы гісторык-славіст У. Пічэта.

Акрамя БДУ ў БССР былі адкрыты камуністычны ўніверсітэт у Мінску, Віцебскі ветэрынарны інстытут, Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі і інш. Усяго да канца 1930-х гг. у БССР працавала больш за 20 вышэйшых навучальных устаноў, у якіх навучалася 15,5 тыс. студэнтаў.