*§ 5—1. Экалагічныя групы раслін у адносінах да светлавога рэжыму асяроддзя існавання

Сцыяфіты (ценелюбівыя расліны)

Сцыяфіты — гэта расліны, якія ўвесь час жывуць у моцна зацененых месцах (ніжнія ярусы трапічнага лесу, горныя цясніны, таежныя ельнікі, лесастэпавыя дубровы). Пры асветленасці 0,1—0,2 % поўнага дзённага святла могуць расці толькі імхі. Дзеразе і папараці патрабуецца 0,25—0,5 % поўнага дзённага святла, а кветкавыя расліны сустракаюцца звычайна там, дзе асветленасць у пахмурныя дні дасягае не менш за 0,5—1 %. У паўночных шыракалістых і цёмнахваёвых лясах полаг самкнутага дрэвастою можа прапускаць усяго 1—2 % поўнай асветленасці. Слабая асветленасць тут спалучаецца з павышанай вільготнасцю паветра і павышаным утрыманнем у ім СО2, асабліва ў паверхні глебы. Тыповымі сцыяфітамі гэтых лясоў з’яўляюцца зялёныя імхі, дзераза, кісліца, бальзамін, падалешнік еўрапейскі, майнік двухлісты.

Лісты сцыяфітаў цёмна-зялёныя, больш буйныя і тонкія, чым у ге-ліяфітаў. Клеткі эпідэрмісу буйнейшыя, але з больш тонкімі вонкавымі сценкамі і тонкай кутыкулай, часта змяшчаюць хларапласты. Плошча жылак удвая меншая, чым у лістоў геліяфітаў. Шмат у якіх ценелюбівых раслін ліставыя пласцінкі размяшчаюцца гарызантальна амаль пад прамым вуглом да крыніцы святла, нярэдка добра бачна ліставая мазаіка.

Клеткі мезафілу буйнейшыя, чым у геліяфітаў, добра развіта губчатая парэнхіма, якая змяшчае шмат міжклетнікаў. Слупкаватая парэнхіма развіта слаба і прадстаўлена, як правіла, адным пластом клетак ці мае нетыповую будову і складаецца не з цыліндрычных, а з трапецападобных клетак. Хларапласты буйныя, але колькасць іх у клетках невялікая. У сцыяфітаў у параўнанні з геліяфітамі менш хларафілу. З меншай інтэнсіўнасцю працякаюць у іх транспірацыя і дыханне. Інтэнсіўнасць фотасінтэзу, хутка дасягнуўшы максімуму, перастае ўзрастаць пры ўзмацненні асветленасці, а на вельмі яркім святле можа нават панізіцца.