§ 24–4. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст.
5. Станаўленне беларускага прафесійнага тэатра
У фарміраванні новага Беларускага прафесійнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах гастралявалі драматычныя трупы з Расіі, Украіны, Польшчы. Вядучым драматургам у 1840–1850-я гг. быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1852 г. ім была створана першая беларуская трупа спецыяльна для пастаноўкі яго камедыі-оперы «Сялянка» («Ідылія»). Пазней В. Дуніным-Марцінкевічам былі напісаны п’есы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», «Пінская шляхта».
У пачатку ХХ ст. актывізавалася тэатральнае жыццё, арганізоўваліся шматлікія музычна-драматычныя гурткі і «беларускія вечарынкі». Іх праграма складалася з дэкламацыі твораў беларускіх пісьменнікаў, музычных нумароў, танцаў, харавых выступленняў. У 1906 г. у в. Пятроўшчына пад Мінскам з поспехам прайшла першая «беларуская вечарынка». У Вільні пад кіраўніцтвам А. Бурбіса дзейнічаў беларускі музычна-драматычны гурток, на сцэне якога была пастаўлена п’еса паводле твора Я. Купалы «Паўлінка».
На аснове традыцый «беларускіх вечарынак» у 1907 г. паўстала першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — тэатр прафесійнага тыпу. У яго дзейнасці арганічна перапляталіся драматургія, вакальнае выкананне, танцы. Выступленні трупы ў Вільні, Пецярбургу і Варшаве заўсёды мелі вялікі поспех. Напярэдадні Першай сусветнай вайны фінансавыя цяжкасці фактычна спынілі дзейнасць тэатра І. Буйніцкага.
Прадаўжальнікам традыцый І. Буйніцкага было «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», якое ўзнікла ў Мінску вясной 1917 г. пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. Яно ўпершыню ажыццявіла пастаноўку драмы Я. Купалы «Раскіданае гняздо».