§ 24–4. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст.
3. Навуковыя даследаванні Беларусі
Ва ўмовах уздыму грамадска-палітычнага і нацыянальнага руху ў Беларусі ў пачатку ХХ ст. узмацнілася ўвага да гістарычнага мінулага беларускага народа.
На працягу 1903—1922 гг. была апублікавана фундаментальная праца акадэміка Я. Карскага «Беларусы», у якой падрабязна даследаваны беларуская мова і літаратура, складзена этнаграфічная карта рассялення беларусаў. У 1916 г. Я. Карскі быў удастоены звання акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук. Вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага зрабілі навуковыя працы М. В. Доўнар-Запольскага. На беларускай мове ў 1910 г. В. У. Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», дзе паспрабаваў паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.
У 1914 г. у Беларусі дзейнічала больш за 50 навуковых і культурна-асветніцкіх таварыстваў. У 1902 г. у Магілёве былі створаны Таварыства па вывучэнні беларускага краю і гісторыка-этнаграфічны музей. У 1908 г. у Мінску быў арганізаваны царкоўны археалагічны камітэт. У 1909 г. створана Віцебская архіўная камісія, якая выяўляла і публікавала гістарычныя дакументы па гісторыі Віцебшчыны.
У 1912 г. у Мінску з’явілася Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі, якое правяло шэраг даследаванняў рэк Палесся.