*§ 5—1. Экалагічныя групы раслін у адносінах да светлавога рэжыму асяроддзя існавання

Геліяфіты (святлолюбівыя расліны)

Геліяфіты жывуць на адкрытых тэрыторыях, паглынаюць шмат сонечнай энергіі. Гэта расліны пустынь, стэпаў, высакагорных лугоў, пустак і абочын дарог (кавыль, падбел, расходнік, малачай), пустазелле і культурныя расліны (лебяда, сланечнік, кукуруза, пшаніца). Святлолюбівыя дрэвы ўтвараюць светлыя лясы, іх кроны не змыкаюцца (лістоўніца, сасна, асіна, бяроза).

Геліяфіты часта маюць парасткі са скарочаным міжвузеллем, моцна разгалінаваныя, нярэдка разетачныя.

Лісты геліяфітаў звычайна дробныя ці з рассечанай ліставой пла-сцінкай, з тоўстай вонкавай сценкай клетак эпідэрмісу, нярэдка пакрытай васковым налётам ці густым апушэннем. У ліставых пласцінках вялікая колькасць вусцейкаў на адзінку плошчы, часта пагружаных, маецца густая сетка жылак, добра развіты механічныя тканкі. Лісты арыентаваны вертыкальна ці пад вялікім вуглом да гарызонту, таму атрымліваюць толькі прамяні, якія слізгаюць. У іх ёсць прыстасаванні для павароту ліставых пласцінак рабром да сонца ў залежнасці ад вышыні яго стаяння.

Унутраная будова ліста прыстасавана да больш поўнага паглынання святла і высокай фотасінтэтычнай актыўнасці. Мезафіл (мякаць ліста) добра развіты, асабліва слупкаватая парэнхіма. Яна можа быць двухслаёвай ці шматслойнай (у некаторых саванных раслін Заходняй Афрыкі — да 10 слаёў), нярэдка развіта як пад верхнім, так і пад ніжнім эпідэрмісам. Дробныя хларапласты ў вялікай колькасці (да 200 і больш) размешчаны ў клетках уздоўж падоўжных сценак.

Расліны з засушлівых абласцей (пустынь, саванаў) могуць фотасінтэзаваць пры высокіх тэмпературах і пры закрытых вусцейках, што часта назіраецца ў гарачыя гадзіны дня.