§ 24–3. Побыт і лад жыцця насельніцтва Беларусі ў XIX ст.

2. Побыт сялян. Лад жыцця працоўных

У сярэдзіне XIX ст. сярод сялянства Беларусі была распаўсюджаная вялікая і малая патрыярхальная сям'я. Вялікая сям'я складалася з некалькіх шлюбных пар, жыла ў адным доме і вяла агульную гаспадарку. Усёй маёмасцю ў такой сям'і распараджаўся яе кіраўнік, ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Найважнейшыя гаспадарчыя справы (пачатак сельскагаспадарчых работ, набыццё або продаж маёмасці, жывёлы і г. д.) вырашаліся пры ўдзеле дарослых членаў сям'і, асабліва мужчын, хоць у канчатковым вырашэнні асноўная роля належала кіраўніку сям'і. У вялікіх сем'ях існаваў строгі падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Распарадчыкам асноўных гаспадарчых работ быў бацька, а ў выпадку яго адсутнасці — старэйшы сын. Галава сям'і карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Жанчына станавілася кіраўніком сям'і толькі пасля смерці мужа, калі ў сям'і не было дарослага сына. Усімі жаночымі працамі кіравала жонка гаспадара, сам ён звычайна не ўмешваўся ў спецыфічна жаночыя працы.

З развіццём капіталізму і разбурэннем патрыярхальных асноў сям'і межы паміж «мужчынскімі» і «жаночымі» працамі сціраліся. Калі не хапала мужчынскіх працоўных рук, жанчыны і дзяўчаты выконвалі мужчынскія працы, нават такія, як ворыва і касьба. У выпадку неабходнасці, асабліва калі мужчыны сыходзілі на заробкі, усё рабілі жанчыны. Затое некаторыя жаночыя працы ніколі не выконваліся мужчынамі. Напрыклад, мужчына ніколі не садзіўся за прасніцу або за ткацкі станок, не гатаваў ежу, не даіў кароў. У сем'ях з вялікай павагай і шанаваннем ставіліся да старэйшага пакалення.

Малыя сем'і па сваім характары і ўкладзе былі таксама патрыярхальнымі, асабліва ў тым выпадку, калі муж і жонка жылі разам з бацькамі. У такіх сем'ях вядучую ролю адыгрывалі бацькі мужа. Жонцы часта даводзілася цярпець прыдзіркі з боку свёкра ці свякрухі. Жонка не была ў роўных правах з мужам.

У адрозненне ад сялянскага побыту ўклад жыцця рабочых быў менш патрыярхальным. Сямейныя традыцыі былі больш простымі. Для рабочых характэрнай была толькі адна форма сям'і — малая. Ад малой сялянскай сям'і яна адрознівалася тым, што не з'яўлялася вытворчай ячэйкай, не была заснавана на прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Маладыя юнакі і дзяўчаты былі больш самастойныя ў выбары мужа ці жонкі. Страціў значэнне пасаг (выкуп) для нявесты, якое было распаўсюджана на вёсцы. У рабочай сям'і было больш раўнапраўя паміж яе членамі, у тым ліку паміж жонкай і мужам.