§ 24–1. Культура Беларусі ў першай палове XIX ст.
1. Развіццё адукацыі
У 1803—1804 гг. у Расійскай імперыі была праведзена школьная рэформа, якая вызначыла далейшае развіццё адукацыі і ў Беларусі.
У адпаведнасці з рэформай уся тэрыторыя Расійскай імперыі была падзелена на шэсць навучальных акруг. Тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі, цэнтрам якой стаў адкрыты ў 1803 г. Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Папячыцелем акругі быў прызначаны князь А. Чартарыйскі.
Рэформа насіла саслоўны характар. Адкрываліся пачатковыя школы для дзяцей дзяржаўных сялян і рамеснікаў. Аднак для памешчыцкіх сялян адукацыя не прадугледжвалася. Вышэйшая адукацыя, якую давалі ўніверсітэты, была даступна толькі для дзяцей дваранскага паходжання.
Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі, павятовыя вучылішчы. У павятовых гарадах адкрываліся чатырохгадовыя вучылішчы, а ў губернскіх — гімназіі з сямігадовым тэрмінам навучання. Навучанне ва ўсіх навучальных установах Віленскай навучальнай акругі вялося на польскай мове.
Вядучае месца ў сістэме школьнай адукацыі Беларусі займалі ўніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы. Вялікая іх частка падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. Высокім узроўнем адукацыі вызначаўся Полацкі езуіцкі калегіум, ператвораны ў езуіцкую акадэмію. У 1812–1820 гг. акадэмія мела статус вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі ў Расійскай імперыі.
У 20-я гг. XIX ст. у Беларусі з’явіліся ланкастарскія школы, або школы ўзаемнага навучання, у якіх заняткі з дзецьмі і дарослымі праводзіліся больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка.
Падчас школьнай рэформы 1803—1804 гг. у Беларусі пашырылася сетка свецкіх агульнаадукацыйных школ і павялічылася колькасць навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішч. Так адукацыя ўсё больш набывала свецкі характар. Трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Паступова заваёўвала прызнанне жаночая адукацыя.
Пасля паўстання 1830–1831 гг. адукацыя стала грунтавацца на прынцыпах «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці». Гэта азначала выхаванне і навучанне дзяцей у духу прыхільнасці да Рускай праваслаўнай царквы і адданасці расійскаму самадзяржаўю. Ажыццяўляўся перавод сістэмы адукацыі на рускую мову навучання.
У 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Аб’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. У 1850 г. была ліквідавана Віленская навучальная акруга.
У першай палове XIX ст. у Беларусі зараджаецца прафесійная адукацыя. У 1848 г. у Горы-Горках на базе школы, якая існавала раней, быў адкрыты Земляробчы інстытут — першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтавала аграномаў і заатэхнікаў.
У інстытуце выкладалі агульнаадукацыйныя і сельскагаспадарчыя дысцыпліны, тэрмін навучання складаў чатыры гады. Студэнты і выкладчыкі актыўна займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых выставах.