§ 24–1. Культура Беларусі ў першай палове XIX ст.

1. Развіццё адукацыі

У 1803—1804 гг. у Расійскай імперыі была праведзена школьная рэформа, якая вызначыла далейшае развіццё адукацыі і ў Беларусі.

У адпаведнасці з рэформай уся тэрыторыя Расійскай імперыі была падзелена на шэсць навучальных акруг. Тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі, цэнтрам якой стаў адкрыты ў 1803 г. Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Папячыцелем акругі быў прызначаны князь А. Чартарыйскі.

Рэформа насіла саслоўны характар. Адкрываліся пачатковыя школы для дзяцей дзяржаўных сялян і рамеснікаў. Аднак для памешчыцкіх сялян адукацыя не прадугледжвалася. Вышэйшая адукацыя, якую давалі ўніверсітэты, была даступна толькі для дзяцей дваранскага паходжання.

Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі, павятовыя вучылішчы. У павятовых гарадах адкрываліся чатырох­гадовыя вучылішчы, а ў губернскіх — ​гімназіі з сямігадовым тэрмінам навучання. Навучанне ва ўсіх наву­чальных установах Віленскай наву­чальнай акругі вялося на польскай мове.

Вядучае месца ў сістэме школьнай адукацыі Беларусі займалі ўніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы. Вялікая іх частка падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. Высокім узроўнем адукацыі вызначаўся Полацкі езуіцкі калегіум, ператвораны ў езуіцкую акадэмію. У 1812–1820 гг. акадэмія мела статус вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі ў Расійскай імперыі.

У 20-я гг. XIX ст. у Беларусі з’явіліся ланкастарскія школы, або школы ўзаемнага навучання, у якіх заняткі з дзецьмі і дарослымі праводзіліся больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка.

Падчас школьнай рэформы 1803—1804 гг. у Беларусі пашырылася сетка свецкіх агульнаадукацыйных школ і павялічылася колькасць навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішч. Так адукацыя ўсё больш набывала свецкі характар. Трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Паступова заваёўвала прызнанне жаночая адукацыя.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. адукацыя стала грунтавацца на прынцыпах «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці». Гэта азначала выхаванне і навучанне дзяцей у духу прыхільнасці да Рускай праваслаўнай царквы і адданасці ­расійскаму самадзяржаўю. Ажыццяўляўся перавод сістэмы адукацыі на рускую мову наву­чання.

У 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Аб’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. У 1850 г. была ліквідавана Віленская навучальная акруга.

У першай палове XIX ст. у Беларусі зараджаецца прафесійная адукацыя. У 1848 г. у Горы-Горках на базе школы, якая існавала раней, быў адкрыты Земляробчы інстытут — ​першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтавала аграномаў і заатэхнікаў.

У інстытуце выкладалі агульнаадукацыйныя і сельскагаспадарчыя дысцыпліны, тэрмін навучання складаў чатыры гады. Студэнты і выкладчыкі актыўна займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых выставах.