§ 24–1. Культура Беларусі ў першай палове XIX ст.
Якімі былі асноўныя дасягненні ў развіцці культуры Беларусі ў XVIII ст.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 24–1. Культура Беларусі ў першай палове XIX ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 1 Ноябрь 2024, 04:33 |
1. Развіццё адукацыі
У 1803—1804 гг. у Расійскай імперыі была праведзена школьная рэформа, якая вызначыла далейшае развіццё адукацыі і ў Беларусі.
У адпаведнасці з рэформай уся тэрыторыя Расійскай імперыі была падзелена на шэсць навучальных акруг. Тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі, цэнтрам якой стаў адкрыты ў 1803 г. Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Папячыцелем акругі быў прызначаны князь А. Чартарыйскі.
Рэформа насіла саслоўны характар. Адкрываліся пачатковыя школы для дзяцей дзяржаўных сялян і рамеснікаў. Аднак для памешчыцкіх сялян адукацыя не прадугледжвалася. Вышэйшая адукацыя, якую давалі ўніверсітэты, была даступна толькі для дзяцей дваранскага паходжання.
Сярэднюю адукацыю давалі гімназіі, павятовыя вучылішчы. У павятовых гарадах адкрываліся чатырохгадовыя вучылішчы, а ў губернскіх — гімназіі з сямігадовым тэрмінам навучання. Навучанне ва ўсіх навучальных установах Віленскай навучальнай акругі вялося на польскай мове.
Вядучае месца ў сістэме школьнай адукацыі Беларусі займалі ўніяцкія і каталіцкія навучальныя ўстановы. Вялікая іх частка падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. Высокім узроўнем адукацыі вызначаўся Полацкі езуіцкі калегіум, ператвораны ў езуіцкую акадэмію. У 1812–1820 гг. акадэмія мела статус вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі ў Расійскай імперыі.
У 20-я гг. XIX ст. у Беларусі з’явіліся ланкастарскія школы, або школы ўзаемнага навучання, у якіх заняткі з дзецьмі і дарослымі праводзіліся больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка.
Падчас школьнай рэформы 1803—1804 гг. у Беларусі пашырылася сетка свецкіх агульнаадукацыйных школ і павялічылася колькасць навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішч. Так адукацыя ўсё больш набывала свецкі характар. Трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Паступова заваёўвала прызнанне жаночая адукацыя.
Пасля паўстання 1830–1831 гг. адукацыя стала грунтавацца на прынцыпах «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці». Гэта азначала выхаванне і навучанне дзяцей у духу прыхільнасці да Рускай праваслаўнай царквы і адданасці расійскаму самадзяржаўю. Ажыццяўляўся перавод сістэмы адукацыі на рускую мову навучання.
У 1832 г. быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Аб’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў. У 1850 г. была ліквідавана Віленская навучальная акруга.
У першай палове XIX ст. у Беларусі зараджаецца прафесійная адукацыя. У 1848 г. у Горы-Горках на базе школы, якая існавала раней, быў адкрыты Земляробчы інстытут — першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтавала аграномаў і заатэхнікаў.
У інстытуце выкладалі агульнаадукацыйныя і сельскагаспадарчыя дысцыпліны, тэрмін навучання складаў чатыры гады. Студэнты і выкладчыкі актыўна займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых выставах.
2. Літаратура
У першай палове XIX ст. працягваўся працэс фарміравання новай беларускай літаратуры, заснаванай на народных традыцыях і фальклоры. Галоўным героем літаратурных твораў стаў беларускі прыгонны селянін з яго нягодамі, клопатамі, перажываннямі, імкненнем да барацьбы за лепшую будучыню.
Адным з першых пачаў выкарыстоўваць у сваіх творах жывую беларускую гаворку беларускі пісьменнік, драматург В. Дунін-Марцінкевіч. Героі яго твораў гавораць на розных мовах: сяляне — на беларускіх дыялектах, шляхціцы — па-польску, чыноўнікі — па-польску і часам па-руску. Найбольш вядомымі сталі творы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», «Пінская шляхта», «Гапон».
Свой уклад у развіццё новай беларускай літаратуры ўнеслі Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля. На аснове беларускіх народных песень, казак, паданняў Я. Баршчэўскі стварыў адзін з лепшых сваіх твораў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Выбітнымі помнікамі літаратуры першай паловы XIX ст. з'яўляюцца ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія распаўсюджваліся ў рукапісных копіях. У цяперашні час найбольш верагоднымі іх аўтарамі лічацца В. Равінска і К. Вераніцын.
Першым беларускім сялянскім паэтам стаў П. Багрым. 3a распаўсюджванне антыпрыгонных твораў ён быў адпраўлены ў салдаты. Царскія чыноўнікі канфіскавалі тры сшыткі паэтычных твораў, якія не знойдзеныя да гэтага часу.
Творчасць У. Сыракомлі, Я. Баршчэўскага, А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча стала прыкладам мастацкага стылю «рамантызм», які быў распаўсюджаны ў Еўропе ва ўсіх відах мастацтва ў канцы XVIII — першай палове XIX ст.
3. Рамантызм у выяўленчым мастацтве
Рамантызм пракраўся ў культуру і мастацтва Беларусі ў пачатку XIX ст. Найбольш ярка гэты мастацкі стыль выявіўся ў жывапісе. Пад яго ўплывам узрасла цікавасць мастакоў да ўнутранага свету чалавека, яго пачуццяў. Галоўным персанажам стаў вобраз героя-пакутніка. Прырода адлюстроўвалася вельмі эмацыйна. Карціны адрозніваліся дынамізмам, насычаным каларытам, кантрастам колераў, святлаценяў, лёгкай манерай пісьма. На змену антычным сюжэтам прыйшла «ўсходняя» тэматыка з паказам дзіўнага жыцця народаў Азіі і Афрыкі. Узрасла цікавасць і да дасягненняў народнай культуры. Асаблівасць рамантызму ў беларускім жывапісе заключалася ў тым, што найбольшы ўплыў ён аказаў на партрэт, у якім мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай незалежнай асобы — «героя свайго часу».
Яркім прадстаўніком рамантызму ў беларускім жывапісе быў В. Ваньковіч (1800—1842). Мастак стварыў серыю высокамастацкіх кампазіцыйных партрэтаў: «Міцкевіч на гары Аю-Даг», партрэт А. С. Пушкіна і інш.
Агульнапрызнаным майстрам партрэтнага жанру З'яўляецца і. Аляшкевіч (1777—1830). Вядомасць яму прынеслі выкананыя ім партрэты выбітных беларускіх дзяржаўных і палітычных дзеячаў — А. Чартарыйскага, Л. Сапегі, М. Радзівіла. З ранніх карцін заслугоўваюць увагі «Групавы партрэт», «Партрэт дзяўчынкі».
Заснавальнікам і непераўзыдзеным майстрам беларускага класічнага нацюрморта быў ураджэнец Віцебшчыны І. Хруцкі (1810—1885). У 1839 г. за нацюрморт «Кветкі і садавіна» яму было прысвоена званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Разам з тым вядомасць і славу мастаку прынеслі партрэты: «Партрэт жонкі», «Партрэт хлопчыка ў саламяным капелюшы», «Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай».
У першай палове XIX ст. у выяўленчым мастацтве нароўні з пейзажам развіваўся гістарычны жанр. Шмат карцін гэтага жанру стварыў жывапісец Я. Дамель (1780—1840). У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця: «Вызваленне Т. Касцюшкі з турмы», «Адступленне французаў з Вільні». Я. Дамель вядомы і як партрэтыст, і як пейзажыст.
4. Класіцызм у архітэктуры
У архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX ст. панаваў класіцызм. Гэтаму стылю былі ўласцівы дакладнасць планіроўкі, манументальнасць форм, выкарыстанне антычнай ордарнай сістэмы. Першыя будынкі ў стылі класіцызму з'явіліся ў буйных гарадах (прысутныя месцы, навучальныя ўстановы, палацы губернатараў), а таксама ў маёнтках рускіх дваран, якія атрымалі землі ў Беларусі ад царскага ўрада. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца паштовы дом у Полацку, вучэбны корпус Магілёўскай семінарыі, галоўны корпус сельскагаспадарчага інстытута ў Горках.
У гэты час былі створаны палацава-сядзібныя комплексы, якія здзіўлялі сваёй пышнасцю і багаццем. Будаваліся яны ў парках з мноствам цяністых алей, гротаў, масткоў, альтанак і павільёнаў. Тыповымі будынкамі беларускага класіцызму былі Гомельскі палац-сядзіба П. А. Румянцава-Задунайскага (1785), Жыліцкі палац (Кіраўскі раён; 1830-я гг.), Сноўскі палац (Нясвіжскі раён; пабудаваны ў 1827 г.).
У культавым будаўніцтве прыярытэты аддаваліся праваслаўным храмам: царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Дубае Пінскага раёна (1811 г.), Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі (1809—1811 гг.). Але ў стылі класіцызму ўзводзіліся і каталіцкія храмы — Іосіфаўскі касцёл езуітаў у Лідзе (1787—1825 гг.), касцёл Святой Тэрэзы ў Шчучыне (1829 г.).
У развіццё архітэктуры Беларусі ў той перыяд свой уклад зрабілі рускія архітэктары М. А. Львоў, В. П. Стасаў. Па праекце архітэктара М. А. Львова быў пабудаваны Іосіфаўскі сабор у Магілёве. Ён быў упрыгожаны жывапісам, створаным беларускімі майстрамі пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле рускага мастака У. Л. Баравікоўскага, майстра партрэтнага жывапісу. У 1930-я гг. Іосіфаўскі сабор быў разбураны. Сёння вядуцца работы па яго аднаўленні.
Такім чынам, у складаных і супярэчлівых умовах беларускі народ здолеў захаваць этнічны воблік, сфарміраваць і развіць нацыянальную культуру, якая выявілася ў станаўленні беларускай мовы, новай беларускай літаратуры і мастацтва.
Пытанні і заданні
1. Складзіце і пракаменціруйце схему «Сістэма адукацыі на беларускіх землях пасля рэформы 1803—1804 гг».
2. Ахарактарызуйце працэс станаўлення новай беларускай літаратуры.
3. Раскрыйце праявы рамантызму ў жывапісе.
4. Абмяркуйце, аб чым сведчыла адлюстраванне гістарычных сюжэтаў у выяўленчым мастацтве.
5. Якія помнікі архітэктуры, пабудаваныя ў стылі класіцызму, захаваліся ў вашым населеным пункце? Падрыхтуйце прэзентацыю пра іх для ўрока «Наш край».