§ 23–2. Канфесійная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь

2. Адраджэнне канфесійнага жыцця

Рэспубліка Беларусь — шматканфесійная дзяржава.

За апошнія два дзесяцігоддзі канфесійны фактар стаў адыгрываць прыкметную ролю ў грамадска-палітычным жыцці беларускага грамадства.

З 2008 г. пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей дзейнічае Кансультатыўны міжканфесійны савет, дзейнасць якога нацэлена на развіццё міжканфесійнага дыялогу, захаванне традыцый верацярпімасці, актывізацыю ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў.

З 2014 г. дзейнічае праваслаўны духоўна-адміністрацыйны цэнтр — Мінская Экзархія, які ўключае 19 сінадальных аддзелаў і камісій. Традыцыйна праводзяцца сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.

Беларуская праваслаўная царква ажыццяўляе вялікую працу па духоўна-маральнаму адраджэнню беларускага грамадства. Рэалізуюцца 14 праграм узаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання. Сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі і дзяржаўнымі органамі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія сталі традыцыйнымі: Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні, Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні. Царква ўдзельнічае ў штогадовых Днях беларускага пісьменства.

Праваслаўная царква аказвае вялікую дапамогу дзіцячым дамам, дамам для састарэлых і інвалідаў, а таксама тым, якія маюць патрэбу ў дапамозе на даму. Гэтай дзейнасцю займаюцца рэлігійныя брацтвы і сястрынствы. Пры Беларускім Экзархаце створана праваслаўнае брацтва лекараў, яно аказвае бясплатную медыцынскую дапамогу інвалідам і састарэлым. Праваслаўнае брацтва пры Віцебскай епархіі займаецца духоўнай рэабілітацыяй асоб, якія знаходзяцца ў месцах зняволення.

Праваслаўная царква, якая аб'ядноўвае больш за 80 % вернікаў у рэспубліцы, складае аснову рэлігійнага жыцця краіны, канфесійнай стабільнасці, верацярпімасці і бесканфліктнасці.

Каталіцкая царква актыўна займаецца дабрачыннасцю. Важную ролю ў гэтым адыгрывае арганізацыя «Карытас», аддзяленні якой адкрыты ва ўсіх епархіях. Яны дзейнічаюць па спецыяльных праграмах: праект «Дзеці», праект «Калядныя канікулы», праект «Тыдзень міласэрнасці» і г. д.

Важнымі падзеямі ў канфесійным жыцці краіны сталі:

  • пленарнае пасяджэнне Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы ў Мінску ў 2017 г., удзельнікі якога ў складзе кіраўнікоў біскупскіх канферэнцый з 45 краін свету былі прынятыя Кіраўніком дзяржавы. Сімвалічным стала тое, што пасяджэнне Савета праходзіла ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам;
  • пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы ў Мінску ў 2018 г., а таксама сустрэча Кіраўніка дзяржавы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і членамі Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы;
  • асвячэнне ў рамках пасяджэння Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам галоўнага прастола Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны;
  • уручэнне прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г. за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

У духоўным плане значнымі падзеямі 2020 г. для нашай краіны сталі 550-годдзе цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра — духоўнай святыні нашага народа.

Важнымі напрамкамі адраджэння канфесійнага жыцця з'яўляюцца аднаўленне і будаўніцтва новых храмаў, адкрыццё новых прыходаў, духоўных навучальных устаноў.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі ў адпаведнасці са сваімі статутамі маюць права ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых навучальныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы. Для гэтага могуць выкарыстоўвацца памяшканні, якія належаць і якія прадастаўляюцца ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі (арт. 9). Акрамя таго, за рэлігійнымі аб'яднаннямі прызнаецца права ствараць «Духоўныя навучальныя ўстановы» для прафесійнай падрыхтоўкі святароў, тэолагаў і царкоўнага персаналу (арт. 27 Закона).

У цяперашні час у Беларусі дзейнічаюць сотні нядзельных школ розных канфесій, кадры тэолагаў і святароў рыхтуюць 14 рэлігійных навучальных устаноў, пяць з якіх (у тым ліку Мінская духоўная акадэмія і духоўная семінарыя) належаць Беларускаму Экзархату, дзевяць (уключаючы два тэалагічныя інстытуты) — шасці іншым рэлігійным аб'яднанням (Рымска-каталіцкай царкве, хрысціянам веры евангельскай, іўдаістам).

Дзеючае заканадаўства дазваляе рэлігійным арганізацыям устанаўліваць і падтрымліваць міжнародныя сувязі і кантакты, у тым ліку ў мэтах атрымання рэлігійнай адукацыі (арт. 29 Закона).

Асноўнай мэтай духоўнай адукацыі з'яўляецца прафесійная падрыхтоўка служыцеляў рэлігійных арганізацый, спецыялістаў-багасловаў, выкладчыкаў багаслоўскіх дысцыплін у духоўных навучальных установах рознага тыпу і ўзроўню.

Заснаванне праваслаўных духоўных навучальных устаноў адбываецца па рашэнні Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы. Знаходзячыся пад начальніцкім наглядам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, які ажыццяўляецца праз навучальны камітэт, духоўныя навучальныя ўстановы ўваходзяць у юрысдыкцыю таго архірэя, на тэрыторыі епархіі якога яны знаходзяцца.

У рамках сістэмы духоўных навучальных устаноў можна вылучыць тры тыповыя ўзроўні: пачатковую адукацыю (нядзельныя школы і спецыяльныя багаслоўскія курсы); сярэднюю адукацыю (духоўныя вучылішчы і спецыяльныя багаслоўскія і рэлігіязнаўчыя школы); вышэйшую адукацыю (багаслоўскія факультэты ВНУ, духоўныя семінарыі і Акадэміі).