§ 15-1. Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.

4. Савецкая мадэль мадэрнізацыі: індустрыялізацыя і калектывізацыя

На XIV з’ездзе кампартыі ў снежні 1925 г. быў абвешчаны курс на індустрыялізацыю для абароны і гаспадарчага ўладкавання краіны ў ваенны час.

На пачатковым этапе індустрыялізацыі ў 1926—1928 гг. капіталаўкладанні ў прамысловасць (галоўным чынам у тэхнічнае пераўзбраенне заводаў і фабрык) павялічыліся ўтрая. Паступова сталі будаваць і новыя заводы.

Індустрыялізацыя патрабавала вялізных сродкаў і зберажэнняў. Частка членаў Палітбюро на чале з М. І. Бухарыным лічыла, што неабходна ажыццяўляць узаемадзеянне горада і вёскі на аснове рыначных адносін. Для гэтага, па іх меркаванні, трэба было падтрымаць аднаасобныя гаспадаркі беднякоў і сераднякоў з дапамогай гнуткіх закупачных цэн і выкарыстання дзяржаўных рэзерваў. Стварыць дзяржрэзервы было неабходна за кошт закупкі збожжа за мяжой. Такім чынам, спачатку трэба было развіваць лёгкую прамысловасць, і толькі пасля гэтага ставіць пытанне аб хуткай індустрыялізацыі.

Праціўнікі нэпа сцвярджалі, што ён не мог даць сродкі, неабходныя для паскоранай індустрыялізацыі, для збалансаванага развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі. Пры захаванні нэпа ў канцы 1920-х гг. СССР уступіў бы ў перыяд эканамічнай стагнацыі і ваеннай няздольнасці.

Перамог пункт погляду І. В. Сталіна, які заключаўся ў тым, каб стварыць магутны ваенна-прамысловы комплекс калі не з дапамогай нэпа, то сацыялістычным адміністрацыйным шляхам, пачаўшы з вёскі: правесці «ліквідацыю кулацтва як класа» і ўтварыць буйныя калектыўныя гаспадаркі — калгасы. У ходзе суцэльнай калектывізацыі калгасы станавіліся надзейным, не схільным да рыначнай кан’юнктуры каналам перапампоўвання рэсурсаў аграрнага сектара ў прамысловасць. Першыя калгасы ўзніклі ўжо на рубяжы 1917—1918 гг., але аб’ядноўвалі яны ўсяго толькі каля 1 % бедных сялян. На XV з’ездзе партыі ў 1927 г. было прынята рашэнне аб тым, што калектывізацыя павінна стаць асноўнай задачай партыі ў вёсцы. Арэнда зямлі кулакамі абмяжоўвалася, калгасам прадастаўляліся льготы ў карыстанні зямлёй, крэдыты. У 1928 г. сталі стварацца машынна-трактарныя станцыі (МТС). З восені 1929 г. пачалася прымусовая калектывізацыя. З 1930 г. разгарнулася фарсіраванае стварэнне калгасаў, ліквідавалася кулацтва шляхам канфіскацыі маёмасці заможных сялян, якая перадавалася калгасам. Супраціўленне гвалтоўнай калектывізацыі душылася жорсткімі рэпрэсіямі сялян і духавенства.

Колькасць раскулачаных, па розных звестках, склала 3,5—9 млн. Пік сялянскага супраціўлення прыпаў на пачатак 1930 г. У выніку калектывізацыі на аснове асобных сялянскіх двароў былі створаны буйныя калектыўныя гаспадаркі, адбылося поўнае падпарадкаванне сялянства інтарэсам дзяржавы. Правы сельскага насельніцтва рэзка абмяжоўваліся. Паводле закона з 1930 г. вясковым жыхарам не выдаваліся пашпарты. Пажыццёва запісаны ў калгаснікі селянін не мог пакінуць калектыўную гаспадарку па ўласным жаданні.

Такім чынам, крыніцы сродкаў для індустрыялізацыі былі знойдзены ўнутры краіны: даходы ад сельскай гаспадаркі, ад манаполіі на знешні гандаль збожжам, золатам, лесам, пушнінай. Вырас прагрэсіўны, па сутнасці канфіскацыйны, падатак на нэпманаў. У выніку да 1933 г. прыватны сектар у прамысловасці і гандлі практычна быў ліквідаваны.

Вялікія рэсурсы для індустрыялізацыі мела нематэрыяльная крыніца — духоўная энергія працоўных, працоўны энтузіязм, які выклікала будаўніцтва новай дзяржавы. Гэта ярка выявілася з 1929 г. у сацыялістычных спаборніцтвах. Была пастаўлена натхняльная мэта — за кароткі тэрмін стварыць сацыялістычнае грамадства, светлую будучыню.

У ходзе рэалізацыі эканамічных планаў давялося вырашаць узніклыя праблемы. У 1931 г. амаль палова капіталаўкладанняў была замарожана ў незавершаных праектах. Яшчэ адной праблемай быў недахоп кваліфікаваных кадраў, у сувязі з чым каля траціны ўстаноўленага абсталявання бяздзейнічала, больш за палову працавала на няпоўную магутнасць. У перыяд другой пцігодкі (1933—1937) бальшавікі абвясцілі такі лозунг: «Кадры, якія авалодалі новай тэхнікай, выашаюць усё!» Пры заводах ствараліся курсы прафесійнага навучання.

Усе матэрыяльныя сродкі краіна траціла на будаўніцтва індустрыяльных гігантаў, а не заводаў і фабрык, якія выпускалі б тавары народнага спажывання. Прыярытэтным было развіццё цяжкай прамысловасці і ваенна-прамысловага комплексу. Сяляне пасля продажу збожжа дзяржаўным збожжанарыхтоўшчыкам нічога не маглі сабе купіць. На рубяжы 1927—1928 гг. выбухнуў востры збожжанарыхтоўчы крызіс. Горад і армія апынуліся пад пагрозай голаду. Бальшавікі ўжылі гвалтоўную канфіскацыю збожжа, як у гады «ваеннага камунізму».

У выніку ў 1929—1937 гг. СССР здзейсніў каласальны індустрыяльны скачок. Па тэхнічным аснашчэнні Савецкі Саюз выйшаў на ўзровень перадавых капіталістычных краін, а па аб’ёмах прамысловай вытворчасці — на другое месца пасля ЗША. Удзельная вага імпарту знізілася да 1 %. Аднак ручная праца пераважала ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, адставала лёгкая прамысловасць.

Змяніўся сацыяльны склад насельніцтва. Удвая вырасла колькасць рабочых, сфарміраваліся савецкі пралетарыят і тэхнічная інтэлігенцыя.

Такім чынам, была закладзена эканамічная база для пабудовы дзяржаўнага сацыялізму савецкага тыпу і будучай перамогі над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне.