Печатать книгуПечатать книгу

§ 15-1. Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.

Ключавая ідэя: сутыкнуўшыся пры сваім стварэнні з вялізнымі цяжкасцямі, савецкая дзяржава здолела ажыццявіць рывок, якому няма роўных у свеце, праўда, заплаціўшы за гэта немалую сацыяльную цану.

Перамога ў Грамадзянскай вайне, адбіццё інтэрвенцыі заходніх дзяржаў і Японіі засведчылі станаўленне новай сацыялістычнай дзяржавы. Паставіўшы сваёй мэтай стварэнне камуністычнага грамадства, савецкая дзяржава паскоранымі тэмпамі пачала праводзіць індустрыялізацыю і мадэрнізацыю.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 15-1. Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:14

1. Грамадзянская вайна ў Расіі: прычыны, асноўныя этапы, вынікі

Стаўленне да прынятага бальшавікамі Декрэта аб міры было неадназначным як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Краіны Антанты былі супраць міру з Германіяй і вялі вайну да перамогі. Германія і яе саюзнікі, наадварот, 2 снежня 1917 г. падпісалі перамір’е і 9 снежня пачалі перамовы аб заключэнні сепаратнага міру з Расіяй. Аднак заключыць мір «без анексій і кантрыбуцый» не ўдалося.

У выніку зацягвання перамоў і пачатку новага наступлення германскіх войскаў 3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны Брэсцкі мір. Паводле мірнага дагавора Расія губляла Польшчу, Эстонію, Латвію, частку Беларусі, Карс, Ардаган, Батум. Яна абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю ў 6 млрд марак, дэмабілізаваць армію і флот. Пытанне аб значэнні Брэсцкага міру застаецца дыскусійным. Аднак, нягледзячы на зневажальныя ўмовы, Расія атрымала мірную перадышку, а бальшавікі выратавалі краіну ад поўнага разгрому.

Пытанне аб прычынах Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі таксама з’яўляецца прадметам абмеркавання. Гэта быў час, калі ішла непрымірымая барацьба за ўладу палітычных груп з прыцягненнем замежных дзяржаў, зацікаўленых у аслабленні Расіі. Ужо 10 снежня 1917 г. Англія і Францыя заключылі сакрэтнае пагадненне аб падзеле еўрапейскай часткі Расіі на «зоны дзеяння». Пазней у Сібіры і на Далёкім Усходзе былі створаны «зоны дзеяння» ЗША і Японіі.

Дзвюма асноўнымі сіламі Грамадзянскай вайны былі «чырвоныя» і «белыя». «Чырвоныя» былі прадстаўлены бальшавікамі і іх прыхільнікамі — у большасці сваёй пралетарыятам, бяднейшым сялянствам і нязначнай часткай інтэлігенцыі. «Белыя» аб’ядноўвалі ўсе антыбальшавіцкія сілы — буржуазію, афіцэрства, заможнае сялянства, казацтва, а таксама рабочых і сялян, якія пацярпелі ад савецкай улады. Акрамя таго, удзельнікамі Грамадзянскай вайны ў Расіі былі інтэрвенты — арміі краін Антанты, што ўварваліся ў Расію, нацыяналістычныя партыі і рухі, якія дабіваліся незалежнасці нярускіх тэрыторый Расійскай імперыі і стварэння нацыянальных дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Грузія), розныя ваенна-палітычныя сілы (анархісты, махноўцы, «зялёныя», басмачы і г. д.) і проста бандыцкія фарміраванні. Пярэстыя па сваім складзе антыбальшавіцкія сілы не мелі адзінага цэнтра кіравання, што дазволіла Чырвонай арміі граміць іх паасобку.

Буйным выступленнем супраць савецкай улады стаў мяцеж Чэхаславацкага корпуса, створанага ў Першую сусветную вайну ў асноўным з ліку 45 тыс. палонных чэшскіх і славацкіх салдат аўстра-венгерскай арміі, якія пагадзіліся ваяваць супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі корпус паступіў пад французскае камандаванне. Паміж савецкім урадам і легіянерамі існавала дамоўленасць аб перапраўцы корпуса ва Уладзівасток для наступнай адпраўкі ў Францыю. Канфлікты легіянераў з мясцовым насельніцтвам прымусілі савецкія ўлады аддаць загад аб раззбраенні корпуса. Тады легіянеры выступілі супраць савецкай улады. З 25 мая 1918 г. корпус пры падтрымцы Антанты і антыбальшавіцкіх сіл пачаў скідаць савецкую ўладу ў Паволжы, Сібіры, на Урале і Далёкім Усходзе.

У гэты ж час у Цэнтральнай Расіі сяляне, незадаволеныя харчовай палітыкай бальшавікоў, узнялі паўстанні. Паспяхова дзейнічала Белая добраахвотніцкая армія. У выніку да лета 1918 г. каля трох чвэртак тэрыторыі былой Расійскай імперыі знаходзілася пад кантролем антыбальшавіцкіх сіл і акупацыйных аўстра-германскіх войскаў.

У верасні 1918 г. ва Уфе быў утвораны першы антыбальшавіцкі кіруючы орган — Часовы Усерасійскі ўрад (Дырэкторыя), у якім пераважалі эсэры. Вайскоўцы лічылі, што толькі дыктатура можа выратаваць Расію. Выканаўчы орган Дырэкторыі — Усерасійскі савет міністраў — пры падтрымцы вайскоўцаў 18 лістапада зрабіў пераварот, ліквідаваў Дырэкторыю, аб’явіў сябе вышэйшым органам дзяржаўнай улады. Савет міністраў прыняў рашэнне часова перадаць уладу адной асобе з дыктатарскімі паўнамоцтвамі — Вярхоўнаму правіцелю Расіі. На гэтую пасаду быў абраны адмірал А. В. Калчак. Ён быў прызнаны кіраўніком Расійскай дзяржавы ўсім белым рухам. Яго ўлада распаўсюджвалася на Урал, Сібір і Далёкі Усход.

Не менш складанай для савецкай улады была сітуацыя ў еўрапейскай частцы краіны. У Польшчы, Прыбалтыцы, Украіне і на тэрыторыі Беларусі ўзніклі буржуазна-нацыяналістычныя ўрады, якія сталі на бок Антанты.

Краіны Антанты выкарыстоўвалі складаную сітуацыю, у якой апынулася Расія, ва ўласных інтарэсах. Раней яны прынялі рашэнне аб непрызнанні Брэсцкага дагавора і ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Расіі. Яшчэ ў сакавіку — красавіку 1918 г. у Мурманску, Архангельску, Уладзівастоку пад маркай выканання «саюзніцкага доўгу» высадзіліся войскі Англіі, Францыі, ЗША і Японіі. Пасля паражэння Германіі маштабы прысутнасці краін Антанты ў Расіі ўзраслі. Замежныя дэсанты высадзіліся ў Адэсе, Крыме, Баку, Батумі. Савецкі ўрад расцаніў гэтыя дзеянні як інтэрвенцыю і заклікаў да адпору агрэсарам.

Аднак буйнамаштабная інтэрвенцыя не адбылася. Урады краін Еўропы і ЗША вымушаны былі вывесці свае войскі ў 1919—1920 гг. з-за незадаволенасці асабовага складу, для якога вайна зацягвалася, а таксама руху сваіх народаў у падтрымку рэвалюцыі ў Расіі. Толькі японскія войскі заставаліся на Далёкім Усходзе да кастрычніка 1922 г.

Чырвоная армія адбіла наступленне Калчака на ўсходнім фронце. Да пачатку 1919 г. улада Саветаў зацвердзілася на большай частцы тэрыторыі Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны.

У 1919 г. пачаўся самы цяжкі этап Грамадзянскай вайны. Інтэрвенцыя цяпер выражалася ў наступленні белагвардзейцаў пры падтрымцы армій прыгранічных дзяржаў — Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Аднак да пачатку 1920 г. калчакаўцы былі разбіты, сам адмірал арыштаваны і расстраляны па прысудзе Іркуцкага рэўкома. Рэшткі дзянікінскай арміі ўмацаваліся ў Крыме. Апошні буйны ачаг белагвардзейскага супраціўлення на паўвостраве быў ліквідаваны ў лістападзе 1920 г. Там войскі пад камандаваннем М. В. Фрунзэ авалодалі пазіцыямі белых, якія лічыліся непрыступнымі. Рэшткі Добраахвотніцкай арміі былі вымушаны ратавацца ўцёкамі на караблях.

Важнай падзеяй Грамадзянскай вайны стала вайна савецкіх рэспублік з Польшчай. Польскае кіраўніцтва на чале з Ю. Пілсудскім імкнулася да аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. Увесну 1919 г. польская армія ўварвалася на тэрыторыю Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны пад маркай ліквідацыі «незаконнай» савецкай улады. Аднак у выніку чэрвеньскага контрнаступлення войскаў Заходняга фронту пад камандаваннем М. М. Тухачэўскага польскія войскі былі адкінуты ў межы Польшчы. На польскай тэрыторыі Чырвоная армія сустрэла ўпартае супраціўленне праціўніка, які атрымаў вялікую дапамогу ад Антанты. Войскі Заходняга фронту былі разбітыя пад Варшавай. Такім чынам, спроба ўсталяваць савецкую ўладу ў Польшчы скончылася няўдачай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага ў сакавіку 1921 г., у склад Польшчы пераходзілі тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Грамадзянская вайна скончылася ўвосень 1922 г. пасля выгнання «белых» і японскіх войскаў з Далёкага Усходу.

Пытанне аб прычынах перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне застаецца дыскусійным. Ключавой прычынай, па ўсім відаць, стала тое, што бальшавікі атрымалі падтрымку пераважнай часткі насельніцтва Расіі — сялянства і працоўных нацыянальных ускраін. Для апошніх вялікае значэнне меў бальшавіцкі прынцып самавызначэння нацый ажно да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Сяляне ж выбралі найменшую з двух бед — харчразвёрстка альбо рэстаўрацыя памешчыцкага землеўладання.

Па колькасці вопытных вайскоўцаў белагвардзейцы валодалі несумненнай перавагай перад Чырвонай арміяй, асабліва на першым этапе Грамадзянскай вайны. Аднак стварэнне буйных вайсковых фарміраванняў ва ўмовах зацяжной вайны выклікала сур’ёзныя праблемы. Масавая мабілізацыя сялян прывяла да непазбежнага абвастрэння класавых супярэчнасцей у радах Белага руху, здачы ў палон, дэзерцірства і нізкай баяздольнасці «белай» арміі. У партызанскім руху ў тыле «белых» армій удзельнічала каля 300 тыс. чалавек.

Выклікалі сумненні ў насельніцтва знешняя палітыка Белага руху, яго арыентацыя на краіны Антанты. Прымаючы дапамогу ад інтэрвентаў, «белыя» заключалі з імі кабальныя палітычныя і фінансавыя дагаворы. У забеспячэнне пазык і паставак Калчак, напрыклад, перадаваў краінам Антанты залаты запас Расіі. Замежнікі за бясцэнак скуплялі аб’екты прамысловасці, вывозілі збожжа, пушніну, воўну, соль, рыбу.

Вялізнае значэнне ў забеспячэнні перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне мела прапаганда. Паўсюль адкрываліся курсы і гурткі «палітпісьменнасці», курсіравалі спецыяльныя агітцягнікі і агітпараходы, друкаваліся лістоўкі, брашуры, газеты, плакаты, запісваліся пласцінкі з выступленнямі савецкіх лідараў, здымалася кіно. Агітацыйныя тэксты і лозунгі бальшавікоў былі простыя і зразумелыя для большасці насельніцтва.

Міжнародная салідарнасць з рускай рэвалюцыяй, стварэнне ў 1919 г. Брэменскай, Баварскай, Венгерскай, Славацкай савецкіх рэспублік, а таксама Камуністычнага інтэрнацыянала сталі важнымі фактарамі, якія аслабілі ваенны націск Антанты на савецкую дзяржаву. У сваю чаргу кіруючыя колы Антанты непрыхільна ставіліся да ідэі Белага руху адрадзіць Расійскую імперыю ў межах 1917 г., да стварэння «адзінай і непадзельнай Расіі», што таксама было на руку бальшавікам.

Грамадзянская вайна мела разбуральныя вынікі для Расіі — не толькі матэрыяльныя, але і сацыяльныя. Так, адбыліся «дэкласаванне» рабочага класа, яго вяртанне ў вёску, збядненне і, наадварот, «асераднячванне» сялянства — зменшылася колькасць як кулакоў (3 %), так і беднаты, «беспасеўшчыкаў» (35 %). У баях, ад голаду і хвароб загінула каля 8 млн чалавек. Эмігравала каля 2 млн чалавек — амаль уся палітычная, фінансава-прамысловая, навукова-мастацкая (у меншай ступені) эліта дарэвалюцыйнай Расіі.

2. Эканамічная палітыка савецкай дзяржавы ў гады Грамадзянскай вайны

Ва ўмовах Грамадзянскай вайны Савецкая дзяржава праводзіла палітыку «ваеннага камунізму». У рамках гэтай палітыкі дзяржава нацыяналізавала прамысловасць, замяніла прыватны гандаль дзяржаўным размеркаваннем прадуктаў па класавай прыкмеце (картачная сістэма), увяла харчовую дыктатуру, харчразвёрстку, па якой фактычна бясплатна забірала ў сялян усе лішкі збожжа, а часта і неабходныя запасы. Яна ўсталявала прамы прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, які рыхтаваў «ліквідацыю грошай», усеагульную працоўную павіннасць; стварала «працоўныя арміі», накіроўвала салдат на «гаспадарчы фронт» — нарыхтоўку лесу, аднаўленне заводаў і дарог; увяла ўраўняльнасць у аплаце працы, бясплатнае карыстанне жыллём, транспартам, камунальнымі паслугамі.

Што датычыцца «белых урадаў», то яны паўсюль адмянілі бальшавіцкі Дэкрэт аб зямлі і вырашалі зямельнае пытанне ў інтарэсах памешчыкаў. У дэкларацыі Дзянікіна па аграрным пытанні дапускалася перадача сялянам усяго толькі невялікай часткі памешчыцкай зямлі за выкуп. Лозунг Белага руху аб адзінай і непадзельнай Расіі не быў падтрыманы на ўскраінах краіны.

3. Новая эканамічная палітыка

Бальшавікі разглядалі палітыку «ваеннага камунізму» не як прадыктаваную вайной надзвычайнуую меру, а як прарыў да сацыялістычнай эканомікі праз пазбаўленне буржуазіі эканамічнай магутнасці. У 1921 г. пачаліся сялянскія паўстанні, у ходзе якіх паўстанцы патрабавалі спыніць харчразвёрстку. Палітыкай «ваеннага камунізму» былі незадаволены і рабочыя, і салдаты, і матросы. Асабліва небяспечным для новай улады было паўстанне матросаў і салдат крэпасці Кранштат у сакавіку 1921 г. Паўстанцы абвясцілі лозунгі: «Саветы — без камуністаў!», «Улада Саветам, а не партыям!».

Рэалізуючы ўстаноўку У. І. Леніна аб тым, што для захавання заваяваных пазіцый у варожым асяроддзі капіталістычных дзяржаў неабходна заключыць саюз з сялянствам, X з’езд кампартыі ў сакавіку 1921 г. прыняў рашэнне аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам — пачалася новая эканамічная палітыка (нэп).

У рамках нэпа быў ажыццёўлены шэраг канкрэтных мерапрыемстваў пры захаванні камандных пазіцый за дзяржавай.

Памер падатку зніжаўся амаль у два разы ў параўнанні з харчразвёрсткай, асноўны яго цяжар ляжаў на заможных сялянах. У кастрычніку 1922 г. быў прыняты Зямельны кодэкс РСФСР. Сяляне атрымалі права выхаду з абшчыны, прымянення наёмнай працы, арэнды зямлі. Пайшла на спад колькасць калгасаў. Сяляне-аднаасобнікі давалі 98,5 % усёй прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Прыватным асобам у гарадах дазвалялася адкрываць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, у выніку ў рознічным гандлі да 1923 г. нэпманы сталі кантраляваць 75 % таваразвароту. Замежныя прадпрымальнікі баяліся ўкладаць грошы ў Савецкую Расію, таму канцэсіі на выкарыстанне прыродных рэсурсаў не атрымалі распаўсюджвання. У 1922 г. была адменена картачная сістэма. «Працоўныя арміі» і працоўная павіннасць замяніліся свабодным наймам на працу. У кастрычніку 1921 г. быў адноўлены Дзяржбанк, які кантраляваў зноў створаныя кааператыўныя банкі. У 1922—1924 гг. была ўведзена цвёрда канвертаваная валюта — чырвонец. Прадугледжвалася, што несацыялістычны лад (таварна-грашовыя адносіны) будзе паступова выціснуты сацыялістычным — нярыначнай эканомікай. Дзяржава захавала свае пазіцыі ў банкаўскай сферы, на буйных прадпрыемствых, транспарце, манаполію знешняга гандлю, нацыяналізацыю зямлі і нетраў.

Галоўным прыярытэтам для існавання Савецкай дзяржавы бальшавікі лічылі аднаўленне буйной прамысловасці. Ва ўмовах практычна суцэльнай стратнасці дзяржаўных прадпрыемстваў для прыцягнення сродкаў у прамысловасць праводзіўся неэквівалентны тавараабмен паміж горадам і вёскай — на прамысловую прадукцыю цэны штучна завышаліся, а на сельскагаспадарчую заніжаліся. Пасля засухі і голаду 1921—1922 г. сяляне не змаглі купляць неабходныя прамтавары. Пачаліся масавыя сялянскія паўстанні і мецяжы: у 1923 г. — у Амурскай вобласці, у 1924 г. — у Грузіі. У выніку цэнавую палітыку зрабілі больш мяккай, быў ажыццёўлены пераход ад натуральнага да грашовага падаткаабкладання сялян.

У 1921—1925 гг. амаль удвая павялічылася колькасць рабочага класа. У 1927 г. працоўны дзень скараціўся да сямі гадзін, а зарплата зраўнавалася з дарэвалюцыйным узроўнем. Даходы бядняцка-серадняцкіх гаспадарак павялічыліся ў параўнанні з дарэвалюцыйным узроўнем на траціну. За першае дзесяцігоддзе савецкай улады ўдвая вырасла колькасць урачоў і медыцынскага персаналу.

4. Савецкая мадэль мадэрнізацыі: індустрыялізацыя і калектывізацыя

На XIV з’ездзе кампартыі ў снежні 1925 г. быў абвешчаны курс на індустрыялізацыю для абароны і гаспадарчага ўладкавання краіны ў ваенны час.

На пачатковым этапе індустрыялізацыі ў 1926—1928 гг. капіталаўкладанні ў прамысловасць (галоўным чынам у тэхнічнае пераўзбраенне заводаў і фабрык) павялічыліся ўтрая. Паступова сталі будаваць і новыя заводы.

Індустрыялізацыя патрабавала вялізных сродкаў і зберажэнняў. Частка членаў Палітбюро на чале з М. І. Бухарыным лічыла, што неабходна ажыццяўляць узаемадзеянне горада і вёскі на аснове рыначных адносін. Для гэтага, па іх меркаванні, трэба было падтрымаць аднаасобныя гаспадаркі беднякоў і сераднякоў з дапамогай гнуткіх закупачных цэн і выкарыстання дзяржаўных рэзерваў. Стварыць дзяржрэзервы было неабходна за кошт закупкі збожжа за мяжой. Такім чынам, спачатку трэба было развіваць лёгкую прамысловасць, і толькі пасля гэтага ставіць пытанне аб хуткай індустрыялізацыі.

Праціўнікі нэпа сцвярджалі, што ён не мог даць сродкі, неабходныя для паскоранай індустрыялізацыі, для збалансаванага развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі. Пры захаванні нэпа ў канцы 1920-х гг. СССР уступіў бы ў перыяд эканамічнай стагнацыі і ваеннай няздольнасці.

Перамог пункт погляду І. В. Сталіна, які заключаўся ў тым, каб стварыць магутны ваенна-прамысловы комплекс калі не з дапамогай нэпа, то сацыялістычным адміністрацыйным шляхам, пачаўшы з вёскі: правесці «ліквідацыю кулацтва як класа» і ўтварыць буйныя калектыўныя гаспадаркі — калгасы. У ходзе суцэльнай калектывізацыі калгасы станавіліся надзейным, не схільным да рыначнай кан’юнктуры каналам перапампоўвання рэсурсаў аграрнага сектара ў прамысловасць. Першыя калгасы ўзніклі ўжо на рубяжы 1917—1918 гг., але аб’ядноўвалі яны ўсяго толькі каля 1 % бедных сялян. На XV з’ездзе партыі ў 1927 г. было прынята рашэнне аб тым, што калектывізацыя павінна стаць асноўнай задачай партыі ў вёсцы. Арэнда зямлі кулакамі абмяжоўвалася, калгасам прадастаўляліся льготы ў карыстанні зямлёй, крэдыты. У 1928 г. сталі стварацца машынна-трактарныя станцыі (МТС). З восені 1929 г. пачалася прымусовая калектывізацыя. З 1930 г. разгарнулася фарсіраванае стварэнне калгасаў, ліквідавалася кулацтва шляхам канфіскацыі маёмасці заможных сялян, якая перадавалася калгасам. Супраціўленне гвалтоўнай калектывізацыі душылася жорсткімі рэпрэсіямі сялян і духавенства.

Колькасць раскулачаных, па розных звестках, склала 3,5—9 млн. Пік сялянскага супраціўлення прыпаў на пачатак 1930 г. У выніку калектывізацыі на аснове асобных сялянскіх двароў былі створаны буйныя калектыўныя гаспадаркі, адбылося поўнае падпарадкаванне сялянства інтарэсам дзяржавы. Правы сельскага насельніцтва рэзка абмяжоўваліся. Паводле закона з 1930 г. вясковым жыхарам не выдаваліся пашпарты. Пажыццёва запісаны ў калгаснікі селянін не мог пакінуць калектыўную гаспадарку па ўласным жаданні.

Такім чынам, крыніцы сродкаў для індустрыялізацыі былі знойдзены ўнутры краіны: даходы ад сельскай гаспадаркі, ад манаполіі на знешні гандаль збожжам, золатам, лесам, пушнінай. Вырас прагрэсіўны, па сутнасці канфіскацыйны, падатак на нэпманаў. У выніку да 1933 г. прыватны сектар у прамысловасці і гандлі практычна быў ліквідаваны.

Вялікія рэсурсы для індустрыялізацыі мела нематэрыяльная крыніца — духоўная энергія працоўных, працоўны энтузіязм, які выклікала будаўніцтва новай дзяржавы. Гэта ярка выявілася з 1929 г. у сацыялістычных спаборніцтвах. Была пастаўлена натхняльная мэта — за кароткі тэрмін стварыць сацыялістычнае грамадства, светлую будучыню.

У ходзе рэалізацыі эканамічных планаў давялося вырашаць узніклыя праблемы. У 1931 г. амаль палова капіталаўкладанняў была замарожана ў незавершаных праектах. Яшчэ адной праблемай быў недахоп кваліфікаваных кадраў, у сувязі з чым каля траціны ўстаноўленага абсталявання бяздзейнічала, больш за палову працавала на няпоўную магутнасць. У перыяд другой пцігодкі (1933—1937) бальшавікі абвясцілі такі лозунг: «Кадры, якія авалодалі новай тэхнікай, выашаюць усё!» Пры заводах ствараліся курсы прафесійнага навучання.

Усе матэрыяльныя сродкі краіна траціла на будаўніцтва індустрыяльных гігантаў, а не заводаў і фабрык, якія выпускалі б тавары народнага спажывання. Прыярытэтным было развіццё цяжкай прамысловасці і ваенна-прамысловага комплексу. Сяляне пасля продажу збожжа дзяржаўным збожжанарыхтоўшчыкам нічога не маглі сабе купіць. На рубяжы 1927—1928 гг. выбухнуў востры збожжанарыхтоўчы крызіс. Горад і армія апынуліся пад пагрозай голаду. Бальшавікі ўжылі гвалтоўную канфіскацыю збожжа, як у гады «ваеннага камунізму».

У выніку ў 1929—1937 гг. СССР здзейсніў каласальны індустрыяльны скачок. Па тэхнічным аснашчэнні Савецкі Саюз выйшаў на ўзровень перадавых капіталістычных краін, а па аб’ёмах прамысловай вытворчасці — на другое месца пасля ЗША. Удзельная вага імпарту знізілася да 1 %. Аднак ручная праца пераважала ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, адставала лёгкая прамысловасць.

Змяніўся сацыяльны склад насельніцтва. Удвая вырасла колькасць рабочых, сфарміраваліся савецкі пралетарыят і тэхнічная інтэлігенцыя.

Такім чынам, была закладзена эканамічная база для пабудовы дзяржаўнага сацыялізму савецкага тыпу і будучай перамогі над фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пытанні

1. Акрэсліце значэнне паняцця «грамадзянская вайна». Прывядзіце прыклады грамадзянскіх войнаў у гісторыі чалавецтва. У чым небяспека грамадзянскіх войнаў?

2. Чаму пасля перамогі рэвалюцыі ў Расіі пачалася Грамадзянская вайна? Якія яе асноўныя вынікі?

3. Ахарактарызуйце палітычныя сілы, якія прымалі ўдзел у Грамадзянскай вайне. Чым тлумачыцца перамога бальшавікоў?

4. Назавіце складнікі савецкай мадэлі мадэрнізацыі. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь.

5. Растлумачце значэнне паняцця «індустрыялізацыя». Параўнайце індустрыялізацыю, якая ажыццяўлялася ў Расіі ў другой палове XIX ст., з індустрыялізацыяй у СССР. Якія былі яе вынікі?

6. Высветліце, якія буйныя прамысловыя прадпрыемствы былі пабудаваныя ў гады першых пяцігодак. Які іх лёс сёння?

7. З якой мэтай праводзілася калектывізацыя? Якія яна мела вынікі?

8. Якія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары абумовілі тэрміны і метады правядзення савецкай мадэрнізацыі? У чым вы бачыце супярэчлівасць яе вынікаў?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне