§ 5. Святло ў жыцці арганізмаў. Фотаперыяд і фотаперыядызм

*Фотаперыяд і фотаперыядызм

Ва ўмераных шыротах цыкл развіцця жывёл і раслін прымеркаваны да сезонаў (пор) года. Сігналам для падрыхтоўкі да змянення сезона служыць працягласць светлавога дня — фотаперыяд, які ў адрозненне ад іншых фактараў заўсёды застаецца пастаянным у пэўным месцы і ў пэўны час. На працягу года даўжыня дня змяняецца строга заканамерна і не схільная да ўздзеяння ваганняў іншых экалагічных фактараў.

Фотаперыяд — даўжыня светлавога дня, якая вызначае поры года. Змена сезонаў адбываецца ў выніку змянення даўжыні светлавога дня. Прычынай гэтага з’яўляецца рух Зямлі вакол Сонца і размяшчэнне яе восі пад вуглом да плоскасці арбіты. Даўжыня светлавога дня ў вобласці экватара адносна пастаянная на працягу ўсяго года (каля 12 г), але ва ўмераных і высокіх шыротах фотаперыяд значна адрозніваецца ў розныя поры года. Найбольшая даўжыня светлавога дня бывае ў дзень летняга сонцастаяння (каля 22 чэрвеня ў Паўночным паўшар’і, каля 22 снежня — у Паўднёвым), а найменшая — у дзень зімовага сонцастаяння (каля 22 снежня ў Паўночным паўшар’і і каля 22 чэрвеня — у Паўднёвым). Змяненне фотаперыяду адыгрывае сігнальную ролю як для раслін, так і для жывёл. Яно з’яўляецца для іх пускавым механізмам, які ўключае паслядоўнасць фізіялагічных працэсаў і вызначае іх сезонныя рытмы.

Фотаперыядызм — характэрная рэакцыя жывых арганізмаў на змяненне даўжыні светлавога дня, якая сінхранізуе іх біялагічную актыўнасць з порамі года.

Паводле тыпу фотаперыядычнай рэакцыі наземныя расліны падзяляюць на тры асноўныя групы: караткадзённыя, даўгадзённыя і нейтральныя да даўжыні светлавога дня.

Гэта цікава

Караткадзённыя расліны цвітуць ранняй вясной ці восенню і маюць патрэбу  ў кароткай даўжыні светлавога дня (менш за 12 г). Да іх належаць суніцы, хрызантэмы, рыс, соя, проса і інш. Даўгадзённыя расліны цвітуць летам і маюць патрэбу ў даўжыні светлавога дня больш за 12 г. Прадстаўнікамі даўгадзённых раслін з’яўляюцца бульба, жыта, ячмень, авёс, пшаніца, радыска і інш. Расліны, нейтральныя да даўжыні светлавога дня, цвітуць незалежна ад даўжыні светлавога дня. Такой здольнасцю валодаюць агурок, сланечнік, кукуруза, тамат, гарох, дзьмухавец.

Такім чынам, рэгулюючы даўжыню светлавога дня ва ўмовах закрытага грунту, можна паскараць ці запавольваць наступленне перыяду цвіцення ў раслін кароткага ці доўгага светлавога дня ў залежнасці ад пастаўленых мэт. У Рэспубліцы Беларусь шырока развіта цяплічная гаспадарка з выкарыстаннем аўтаматычных сістэм святлодыёднага асвятлення, якія зрушваюць тэрміны цвіцення і збору пладоў культур агародніны. Гэта дазваляе збіраць у цяпліцах два і больш ураджаі за год.

Пад фотаперыядычным кантролем знаходзяцца практычна ўсе працэсы жыццядзейнасці, звязаныя з развіццём і размнажэннем арганізмаў. Гэтыя рэакцыі заснаваны не проста на колькасці святла, што атрымліваюць арганізмы, а на заканамерным чаргаванні перыядаў святла і цемнаты, працягласці дня і ночы.

Трэба адзначыць, што арганізмы па-рознаму рэагуюць на змену светлага і цёмнага перыядаў сутак, гэта значыць праяўляюць сутачны фотаперыядызм. Перыяды актыўнасці і спакою настаюць у розны час сутак.

Асабліва прыметна гэта залежнасць выяўляецца ў жывёл. Сярод іх можна вылучыць тры групы: дзённыя, начныя і змрочныя. Дзённыя жывёлы актыўныя ў светлы час сутак (пчала, ластаўка, заяц). Яны складаюць самую шматлікую групу. Здабыванне ежы ў начных арганізмаў адбываецца ў начны час (прусак, цвыркун, сава, філін). Змрочныя арганізмы актыўныя толькі ў час змяркання (бражнік, хрушч).

*Паўторым галоўнае. Сонечны спектр складаецца з бачнага святла, ультрафіялетавых і інфрачырвоных прамянёў. Фотаперыяд — даўжыня светлавога дня, якая вызначае поры года. Фотаперыядызм — характэрная рэакцыя жывых арганізмаў на змяненне даўжыні светлавога дня, якая сінхранізуе іх біялагічную актыўнасць з порамі года. Наземныя расліны паводле тыпу фотаперыядычнай рэакцыі падзяляюць на караткадзённыя, даўгадзённыя і нейтральныя да даўжыні светлавога дня. Жывёл паводле прымеркаванасці перыядаў актыўнасці і спакою да пэўнага часу сутак можна падзяліць на тры асноўныя групы: дзённыя, начныя і змрочныя.