Печатать книгуПечатать книгу

§ 5. Святло ў жыцці арганізмаў. Фотаперыяд і фотаперыядызм

  • Успомніце, якую ролю адыгрывае святло ў жыцці раслін.
  • Як вы думаеце? Навошта патрэбна святло гетэратрофным арганізмам? Ці могуць яны жыць у поўнай цемнаце?
  • Вы даведаецеся пра значэнне кампанентаў сонечнага святла для жыцця арганізмаў, пра паняцці «фотаперыяд» і «фотаперыядызм», пра адаптацыі ды святла ў раслін розных экалагічных груп.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 5. Святло ў жыцці арганізмаў. Фотаперыяд і фотаперыядызм
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 07:04

* Святло як абіятычны фактар асяроддзя

Адной з умоў існавання жыцця на Зямлі з’яўляецца сонечнае святло, якое трапляе з касмічнай прасторы.

Гэта цікава

Пры праходжанні сонечнай радыяцыі праз атмасферу каля 19 % паглынаецца воблакамі і вадзяной парай, 34 % адбіваецца назад у космас, 47 % дасягае зямной паверхні, з іх 24 % — прамая радыяцыя і 23 % — адбітыя прамяні. Расліны звязваюць у працэсе фотасінтэзу ў сярэднім 1 % сонечнай энергіі, якая трапляе на Зямлю.

У сонечным спектры вылучаюць тры асноўныя кампаненты: ультрафіялетавыя прамяні, бачнае святло і інфрачырвоныя прамяні. Іх характарыстыка прыведзена ў табліцы.

 Табліца. Склад сонечнага святла, якое дасягае паверхні Зямлі

Састаўныя кампаненты

Даўжыня хвалі, нм

Утрыманне ў спектры, %

Ультрафіялетавыя прамяні

30—400

             9

Бачнае святло

       400—700

            46

Інфрачырвоныя прамяні

    больш за 700

             45

Ультрафіялетавыя прамяні дзейнічаюць на арганізмы неадназначна ў залежнасці ад дозы. Залішняе апраменьванне ультрафіялетам можа прыносіць істотную шкоду здароўю. Усё жывое на Зямлі ахавана ад згубнага ўплыву ультрафіялетавых прамянёў азонавым слоем зямной атмасферы. Аднак, нягледзячы на ахоўны азонавы слой, на долю ультрафіялетавых прамянёў прыпадае каля 3  % сонечнага святла, якое дасягае паверхні Зямлі. Ультрафіялетавыя прамяні пашкоджваюць храмасомы, могуць выклікаць заўчаснае старэнне, стаць прычынай развіцця катаракты (памутнення крышталіка). Для людзей са светлай скурай ультрафіялетавыя прамяні з’яўляюцца асноўным фактарам, які прыводзіць да меланомы — самай небяспечнай формы рака скуры.

У той жа час у невялікіх дозах ультрафіялетавыя прамяні стымулююць сінтэз пігменту скуры меланіну і вітаміну D. З курса біялогіі 9-га класа вы ўжо ведаеце, што вітамін D уплывае на абмен кальцыю і фосфару ў арганізме. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на рост і развіццё шкілета чалавека.

!  Гэта цікава

Вялікае значэнне вітамін D мае для патомства млекакормячых і птушак. Лісіцы і барсукі, якія выводзяць дзіцянят у норах, рэгулярна выносяць іх на сонца. «Сонечнае купанне» ўласціва шмат якім птушкам. Імкнецца пагрэцца на сонейку пасля зімоўкі і свойская жывёла. Вядома, што ўмеранае ультрафіялетавае апрамяненне маладняка сельскагаспадарчых жывёл станоўча адбіваецца на яго росце і развіцці.

Бачнае святло найбольш важнае для існавання жыцця на Зямлі. Уся разнастайнасць кліматычных умоў і тэмпературы верхніх пластоў марскіх і прэсных вод вызначаецца колькасцю паглынутай сонечнай энергіі. Розныя ўчасткі спектра бачнага святла дзейнічаюць на арганізмы па-рознаму. Чырвоныя прамяні аказваюць цеплавое дзеянне. Сінія і фіялетавыя прамяні змяняюць хуткасць і напрамак некаторых біяхімічных рэакцый. Асабліва вялікае значэнне бачнае святло мае ў жыцці раслін. Яны паглынаюць яго з дапамогай пігментаў і выкарыстоўваюць у працэсе фотасінтэзу.

Расліны здольныя змяняць становішча сваіх органаў у прасторы пад дзеяннем святла, гэта значыць выяўляць фотатрапізм. Фотатрапізм (ад грэч. phōtós — святло) — роставыя рухі органаў раслін пад уплывам аднабаковага асвятлення. Звычайна ў сцёблаў назіраецца дадатны (у напрамку да святла), а ў каранёў — адмоўны (ад святла) фотатрапізмы. Дадатны фотатрапізм можна назіраць на пасевах сланечніка ў час цвіцення. З усходу і да заходу суквецці сланечніка, як лакатары, паварочваюцца ўслед за сонцам.

Святло адыгрывае ролю асноўнага энергетычнага і сігнальнага фактару. Для пераважнай большасці арганізмаў бачнае святло з’яўляецца крыніцай цяпла. Дзённым жывёлам бачнае святло дазваляе арыентавацца ў асяроддзі. Некаторыя начныя віды (совы, філіны) могуць перамяшчацца нават пры слабай асветленасці.

Інфрачырвоныя прамяні з’яўляюцца крыніцай цеплавой энергіі, якая паглынаецца вадой клетак. На іх долю прыпадае 45 % сонечнага святла, якое дасягае Зямлі. Некаторыя наземныя жывёлы (яшчаркі, змеі) выкарыстоўваюць інфрачырвоныя прамяні для павышэння тэмпературы цела.

*Фотаперыяд і фотаперыядызм

Ва ўмераных шыротах цыкл развіцця жывёл і раслін прымеркаваны да сезонаў (пор) года. Сігналам для падрыхтоўкі да змянення сезона служыць працягласць светлавога дня — фотаперыяд, які ў адрозненне ад іншых фактараў заўсёды застаецца пастаянным у пэўным месцы і ў пэўны час. На працягу года даўжыня дня змяняецца строга заканамерна і не схільная да ўздзеяння ваганняў іншых экалагічных фактараў.

Фотаперыяд — даўжыня светлавога дня, якая вызначае поры года. Змена сезонаў адбываецца ў выніку змянення даўжыні светлавога дня. Прычынай гэтага з’яўляецца рух Зямлі вакол Сонца і размяшчэнне яе восі пад вуглом да плоскасці арбіты. Даўжыня светлавога дня ў вобласці экватара адносна пастаянная на працягу ўсяго года (каля 12 г), але ва ўмераных і высокіх шыротах фотаперыяд значна адрозніваецца ў розныя поры года. Найбольшая даўжыня светлавога дня бывае ў дзень летняга сонцастаяння (каля 22 чэрвеня ў Паўночным паўшар’і, каля 22 снежня — у Паўднёвым), а найменшая — у дзень зімовага сонцастаяння (каля 22 снежня ў Паўночным паўшар’і і каля 22 чэрвеня — у Паўднёвым). Змяненне фотаперыяду адыгрывае сігнальную ролю як для раслін, так і для жывёл. Яно з’яўляецца для іх пускавым механізмам, які ўключае паслядоўнасць фізіялагічных працэсаў і вызначае іх сезонныя рытмы.

Фотаперыядызм — характэрная рэакцыя жывых арганізмаў на змяненне даўжыні светлавога дня, якая сінхранізуе іх біялагічную актыўнасць з порамі года.

Паводле тыпу фотаперыядычнай рэакцыі наземныя расліны падзяляюць на тры асноўныя групы: караткадзённыя, даўгадзённыя і нейтральныя да даўжыні светлавога дня.

Гэта цікава

Караткадзённыя расліны цвітуць ранняй вясной ці восенню і маюць патрэбу  ў кароткай даўжыні светлавога дня (менш за 12 г). Да іх належаць суніцы, хрызантэмы, рыс, соя, проса і інш. Даўгадзённыя расліны цвітуць летам і маюць патрэбу ў даўжыні светлавога дня больш за 12 г. Прадстаўнікамі даўгадзённых раслін з’яўляюцца бульба, жыта, ячмень, авёс, пшаніца, радыска і інш. Расліны, нейтральныя да даўжыні светлавога дня, цвітуць незалежна ад даўжыні светлавога дня. Такой здольнасцю валодаюць агурок, сланечнік, кукуруза, тамат, гарох, дзьмухавец.

Такім чынам, рэгулюючы даўжыню светлавога дня ва ўмовах закрытага грунту, можна паскараць ці запавольваць наступленне перыяду цвіцення ў раслін кароткага ці доўгага светлавога дня ў залежнасці ад пастаўленых мэт. У Рэспубліцы Беларусь шырока развіта цяплічная гаспадарка з выкарыстаннем аўтаматычных сістэм святлодыёднага асвятлення, якія зрушваюць тэрміны цвіцення і збору пладоў культур агародніны. Гэта дазваляе збіраць у цяпліцах два і больш ураджаі за год.

Пад фотаперыядычным кантролем знаходзяцца практычна ўсе працэсы жыццядзейнасці, звязаныя з развіццём і размнажэннем арганізмаў. Гэтыя рэакцыі заснаваны не проста на колькасці святла, што атрымліваюць арганізмы, а на заканамерным чаргаванні перыядаў святла і цемнаты, працягласці дня і ночы.

Трэба адзначыць, што арганізмы па-рознаму рэагуюць на змену светлага і цёмнага перыядаў сутак, гэта значыць праяўляюць сутачны фотаперыядызм. Перыяды актыўнасці і спакою настаюць у розны час сутак.

Асабліва прыметна гэта залежнасць выяўляецца ў жывёл. Сярод іх можна вылучыць тры групы: дзённыя, начныя і змрочныя. Дзённыя жывёлы актыўныя ў светлы час сутак (пчала, ластаўка, заяц). Яны складаюць самую шматлікую групу. Здабыванне ежы ў начных арганізмаў адбываецца ў начны час (прусак, цвыркун, сава, філін). Змрочныя арганізмы актыўныя толькі ў час змяркання (бражнік, хрушч).

*Паўторым галоўнае. Сонечны спектр складаецца з бачнага святла, ультрафіялетавых і інфрачырвоных прамянёў. Фотаперыяд — даўжыня светлавога дня, якая вызначае поры года. Фотаперыядызм — характэрная рэакцыя жывых арганізмаў на змяненне даўжыні светлавога дня, якая сінхранізуе іх біялагічную актыўнасць з порамі года. Наземныя расліны паводле тыпу фотаперыядычнай рэакцыі падзяляюць на караткадзённыя, даўгадзённыя і нейтральныя да даўжыні светлавога дня. Жывёл паводле прымеркаванасці перыядаў актыўнасці і спакою да пэўнага часу сутак можна падзяліць на тры асноўныя групы: дзённыя, начныя і змрочныя.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Які ўплыў на арганізмы робяць ультрафіялетавыя прамяні?
*2. У чым заключаецца роля розных частак спектра бачнага святла для арганізмаў?

3. Растлумачце паняцці «фотаперыяд» і «фотаперыядызм».

    Складаныя пытанні

1. Растлумачце, чаму на птушкафабрыках выкарыстоўваюць дадатковае штучнае асвятленне.
2. З прыведзенага пераліку жывёл выберыце прадстаўнікоў, у якіх перыяд актыўнасці прымеркаваны да начнога часу сутак: пчала, прусак, хрушч, сава, ластаўка, цвыркун, бражнік, заяц.
*3. Размяркуйце пералічаныя ніжэй расліны на групы па тыпе фотаперыядычнай рэакцыі: авёс, радыска, дзьмухавец, рыс, бульба, проса, агурок, жыта, кукуруза, тамат, сланечнік, соя, пшаніца, гарох. Назавіце, якія з іх не змогуць плоданасіць у нашых кліматычных умовах. Растлумачце чаму. 

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Правядзіце назіранне за раслінамі, якія растуць у вашай мясцовасці. Параўнайце іх па тэрмінах цвіцення і размяркуйце на групы паводле тыпу фотаперыядычнай рэакцыі.