§ 22–5. Нацыянальная і канфесійная палітыка ў БССР у другой палове 1940-х — 1980-я гг.

3. Асаблівасці канфесійнай палітыкі. Становішча канфесій і вернікаў

У гады Вялікай Айчыннай вайны царква актыўна падтрымала ўсенародную барацьбу супраць ворага. У адказ савецкае кіраўніцтва зрабіла першыя крокі насустрач Рускай праваслаўнай царкве, да якой належала большасць вернікаў.

У верасні 1943 г. па ініцыятыве І. В. Сталіна адбылося аднаўленне Маскоўскай патрыярхіі і дзейнасці Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Гэта быў новы этап ва ўзаемаадносінах савецкай улады і Рускай праваслаўнай царквы.

У пасляваенны час Дзяржаўная канфесійная палітыка стала больш памяркоўнай. Гэта выявілася ў пашырэнні праваслаўных прыходаў, павелічэнні колькасці цэркваў і святароў.

У 1945 г. у Беларусі было зарэгістравана 705 дзеючых цэркваў, а ў 1948 г. іх колькасць павялічылася да 1050. Для падрыхтоўкі святароў у 1947 г. была адкрыта Мінская духоўная семінарыя ў Жыровічах. На тэрыторыі Рэспублікі дзейнічалі тры манастыры: мужчынскі — ​у Жыровічах і жаночыя — ​у Полацку і Гродне.

Стаўленне ўлады да каталіцкай царквы, якая дзейнічала ў асноўным у заходніх абласцях Беларусі, было больш жорсткім. Калі ў 1946 г. налічвалася 238 касцёлаў, то ў 1951 г. службы адпраўляліся ўжо толькі ў 154 храмах. Савецкія ўлады не ­давяралі каталіцкаму духавенству і разглядалі яго як антысавецкі элемент.

Ціск на рэлігію і царкву ўзрос у перыяд кіравання СССР М. С. Хрушчовым. У праграме Камуністычнай партыі, якая абвясціла курс на будаўніцтва камунізму, «рэлігійныя забабоны» разглядаліся як істотная перашкода.

Найважнейшым элементам дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі ў СССР была арганізацыя атэістычнай работы па выкараненні рэлігіі са свядомасці людзей, у першую чаргу дзяцей і моладзі. У вышэйшых навучальных установах краіны з пачатку 1960-х гг. вывучаўся абавязковы курс «Асновы навуковага атэізму».

У другой палове 1960-х — ​першай палове 1980-х гг. адбылося некаторае паслабленне ў антырэлігійнай дзейнасці, аднак яно закранула толькі відавочныя перагібы. У гэты перыяд духавенства было адхілена ад адміністрацыйных і фінансава-гаспадарчых спраў у рэлігійных аб’яднаннях. Пашыралася практыка ўмяшання дзяржаўных органаў ва ўнутрыцаркоўныя справы.

Сітуацыя змянілася ў другой палове 1980-х гг. Ажывілася дзейнасць асноўных рэлігійных канфесій. У 1989 г. быў заснаваны Беларускі Экзархат РПЦ, які атрымаў афіцыйную назву «Беларуская праваслаўная царква» (яе ўзначальвае Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі).