Печатать книгуПечатать книгу

§ 22–5. Нацыянальная і канфесійная палітыка ў БССР у другой палове 1940-х — 1980-я гг.

1. Як ажыццяўлялася палітыка беларусізацыі ў 1920-я гг.? Чаму яна была згорнута?

2. Як змянілася стаўленне савецкай улады да праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 22–5. Нацыянальная і канфесійная палітыка ў БССР у другой палове 1940-х — 1980-я гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:39

1. Нацыянальнае пытанне і яго вырашэнне ў БССР

У пасляваенныя гады БССР працягвала ў пэўнай меры выконваць дзяржаўную, палітычную, эканамічную, сацыяльную і культурную ролі ў аб'яднанні і кансалідацыі беларускай нацыі. Існавалі нацыянальны апарат дзяржаўнай улады, які рэальна дзейнічаў, дзяржаўная нацыянальная сістэма асветы, адукацыі і навукі, прафесійнага мастацтва і культуры, сродкі масавай інфармацыі. У лютым 1944 г. быў прыняты закон СССР аб праве кожнай саюзнай рэспублікі ўступаць у непасрэдныя адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўнікамі. У 1945 г. БССР стала адным з членаў — заснавальнікаў ААН.

Аднак поўнага дзяржаўнага суверэнітэту ў складзе СССР рэспубліка не мела. Міжнародныя дамовы заключаліся ў Маскве, і Беларусь кіравалася знешняй палітыкай СССР.

У 1960-я — 1980-я гг. бурна развівалася беларуская літаратура. Сталі шырока вядомыя творы В. Быкава, У. Караткевіча, А. Адамовіча, Р. Барадуліна і многіх іншых літаратараў. Аднак выкарыстанне беларускай мовы ў сферы мастацкай культуры было абмежаваным, напрыклад, спектаклі на ёй ставіліся толькі ў трох з шаснаццаці тэатраў рэспублікі, а кінафільмы на беларускай мове вылічаліся адзінкамі, па колькасці выданняў на нацыянальнай мове Беларусь у канцы 1980-х гг. займала апошняе месца сярод рэспублік СССР.

Некалькі лепшым было становішча беларускай мовы ў сістэме сродкаў масавай інфармацыі — на ёй пераважна вяшчалі радыё і тэлебачанне, выходзіла шмат перыядычных выданняў.

Выкладанне ў вышэйшых навучальных установах вялося на рускай мове. Колькасць беларускамоўных школ у гарадах была нязначнай. У 1988 г. у такіх школах навучалася толькі 14 % дзяцей. У рускамоўных школах атрымала шырокае распаўсюджванне практыка вызвалення вучняў ад вывучэння беларускай мовы і пераводу выкладання беларускай літаратуры на рускую мову. Адсутнічаў самастойны курс гісторыі Беларусі, а выкладанне беларускай мовы і літаратуры нават у беларускіх школах ажыццяўлялася ў меншым аб'ёме, чым рускай мовы і літаратуры. У такіх умовах далучэнне да нацыянальнай культуры і беларускай мовы стала не толькі неабавязковым, але і цяжкім.

Сфармаваная да пачатку 1960-х гг. гарадская рускамоўная культура ў вачах сельскіх жыхароў набыла высокі сацыяльны прэстыж як пераўзыходзячая ва ўсім вясковую. Гэта ва ўмовах імклівай урбанізацыі 1960-х — 1980-х гг. спрыяла размыванню нацыянальнай самасвядомасці ў сельскіх жыхароў і іх нашчадкаў, якія перасяліліся ў гарады. Такая сітуацыя шмат у чым была звязана з пануючай канцэпцыяй аб непазбежнасці зліцця нацый пры фарміраванні новага савецкага чалавека і пераходзе да камуністычнай фармацыі.

Да сярэдзіны 1980-х гг. не захавалася ні аднаго сацыяльнага інстытута, арыентаванага на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, у выніку чаго яно станавілася асабістай справай, што ажыццяўлялася толькі на сямейным узроўні, і было пазбаўлена якога-небудзь практычнага сэнсу. Беларуская мова практычна цалкам была выцесненая з грамадскага жыцця, а ў гарадах — і з сямейных зносін.

2. Характарыстыка беларускай савецкай ментальнасці

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны з’явілася новая сістэма кіравання краінай, перад народам паўсталі новыя ідэалы і задачы. Жыццё і побыт грамадзяніна паступова падпарадкоўваліся адзінай мэце — пабудове сацыялістычнай, а затым і камуністычнай будучыні. Гэтыя фактары аказалі істотны ўплыў на фарміраванне савецкай ментальнасці. Яна вельмі выразна выяўлялася ў вобразе жыцця савецкага чалавека, які ўключаў асаблівасці зносін, паводзін, складу мыслення. Калектывізму і таварыству савецкага грамадзяніна ў грамадстве надавалася асаблівае значэнне. Згуртаванасць і сяброўства адыгрывалі велізарную ролю ў шматнацыянальнай дзяржаве, што асабліва ярка праявілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як частцы адзінай савецкай сям'і беларусам таксама была ўласціва праява агульнасавецкай ментальнасці. Аднак ва ўмовах фарміравання інтэрнацыянальнага светапогляду беларусы не страцілі нацыянальнай самасвядомасці. Нават у складаных, супярэчлівых умовах савецкага часу беларусы змаглі захаваць сваю культуру, традыцыі, мову, веру.

Такім чынам, ва ўмовах савецкай грамадска-палітычнай сістэмы адбывалася далейшае развіццё беларускай нацыі. Гэты перыяд гісторыі беларускай дзяржаўнасці можна ахарактарызаваць як складаны і супярэчлівы. З аднаго боку, меліся відавочныя дасягненні ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, з другога — пад уплывам працэсу фарміравання агульнасавецкай ментальнасці ўзмацніўся працэс размывання нацыянальнай ідэнтычнасці.

 

3. Асаблівасці канфесійнай палітыкі. Становішча канфесій і вернікаў

У гады Вялікай Айчыннай вайны царква актыўна падтрымала ўсенародную барацьбу супраць ворага. У адказ савецкае кіраўніцтва зрабіла першыя крокі насустрач Рускай праваслаўнай царкве, да якой належала большасць вернікаў.

У верасні 1943 г. па ініцыятыве І. В. Сталіна адбылося аднаўленне Маскоўскай патрыярхіі і дзейнасці Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Гэта быў новы этап ва ўзаемаадносінах савецкай улады і Рускай праваслаўнай царквы.

У пасляваенны час Дзяржаўная канфесійная палітыка стала больш памяркоўнай. Гэта выявілася ў пашырэнні праваслаўных прыходаў, павелічэнні колькасці цэркваў і святароў.

У 1945 г. у Беларусі было зарэгістравана 705 дзеючых цэркваў, а ў 1948 г. іх колькасць павялічылася да 1050. Для падрыхтоўкі святароў у 1947 г. была адкрыта Мінская духоўная семінарыя ў Жыровічах. На тэрыторыі Рэспублікі дзейнічалі тры манастыры: мужчынскі — ​у Жыровічах і жаночыя — ​у Полацку і Гродне.

Стаўленне ўлады да каталіцкай царквы, якая дзейнічала ў асноўным у заходніх абласцях Беларусі, было больш жорсткім. Калі ў 1946 г. налічвалася 238 касцёлаў, то ў 1951 г. службы адпраўляліся ўжо толькі ў 154 храмах. Савецкія ўлады не ­давяралі каталіцкаму духавенству і разглядалі яго як антысавецкі элемент.

Ціск на рэлігію і царкву ўзрос у перыяд кіравання СССР М. С. Хрушчовым. У праграме Камуністычнай партыі, якая абвясціла курс на будаўніцтва камунізму, «рэлігійныя забабоны» разглядаліся як істотная перашкода.

Найважнейшым элементам дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі ў СССР была арганізацыя атэістычнай работы па выкараненні рэлігіі са свядомасці людзей, у першую чаргу дзяцей і моладзі. У вышэйшых навучальных установах краіны з пачатку 1960-х гг. вывучаўся абавязковы курс «Асновы навуковага атэізму».

У другой палове 1960-х — ​першай палове 1980-х гг. адбылося некаторае паслабленне ў антырэлігійнай дзейнасці, аднак яно закранула толькі відавочныя перагібы. У гэты перыяд духавенства было адхілена ад адміністрацыйных і фінансава-гаспадарчых спраў у рэлігійных аб’яднаннях. Пашыралася практыка ўмяшання дзяржаўных органаў ва ўнутрыцаркоўныя справы.

Сітуацыя змянілася ў другой палове 1980-х гг. Ажывілася дзейнасць асноўных рэлігійных канфесій. У 1989 г. быў заснаваны Беларускі Экзархат РПЦ, які атрымаў афіцыйную назву «Беларуская праваслаўная царква» (яе ўзначальвае Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі).

Пытанні і заданні

1. У чым, на вашу думку, заключаўся супярэчлівы характар палітыкі савецкай дзяржавы ў адносінах да рэлігіі? Канкрэтызуйце фактамі выснову аб эвалюцыі адносін дзяржавы і царквы ў СССР.

2. Якое месца і чаму адводзілася рэлігійнаму фактару ў барацьбе з заходняй ідэалогіяй?

3. Як вы думаеце, чаму «рэлігійныя забабоны» разглядаліся кіраўніцтвам СССР як істотная перашкода на шляху да сацыялізму і камунізму?

4. Прасачыце ўплыў антырэлігійнай палітыкі ўлад у дачыненні да вернікаў у 1950—1980-я гг. на прыкладзе свайго рэгіёну.