§ 22–1. Развіццё беларускай нацыі ў 1920—1930-я гг.

3. Нацыянальная палітыка ў БССР у 1930-я гг.

Па выніках перапісу насельніцтва 1926 г. у БССР беларусы складалі 80,6 % насельніцтва, яўрэі — 8,2 %, рускія — 7,7 %, палякі — 2 %, украінцы — 0,7 %, да астатніх 0,8 % належалі латышы, літоўцы, немцы, татары, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Такім чынам, насельніцтва БССР было шматнацыянальным. Беларусы жылі ў асноўным у вёсцы, у гарадах пераважалі рускія і яўрэі. У некаторых беларускіх гарадах і мястэчках рускія і яўрэі складалі да 40—60 % жыхароў.

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг. палітыка беларусізацыі была спыненая. У гэты час пачаліся палітычныя рэпрэсіі па абвінавачванні ў так званым нацыянал-дэмакратызме.

Нацыянал-дэмакратызм — кірунак грамадска-палітычнай думкі, які спалучае агульнадэмакратычныя ідэі і мэты з задачамі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення прыгнечаных народаў. У Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. нацыянал-дэмакратызм уяўляў сабой ідэалогію і практыку беларускіх нацыянальных дзеячаў, накіраваную на стварэнне беларускай дзяржавы, усебаковае развіццё беларускай культуры і мовы, завяршэнне працэсу фарміравання беларускай нацыі, павышэнне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.

У другой палове 1920-х гг. савецкай уладай нацыянал-дэмакратызм быў абвешчаны кулацкім ухілам, контррэвалюцыйнай плынню, варожай антысавецкай ідэалогіяй, мэтай якой была рэстаўрацыя капіталізму ў БССР.

Такія абвінавачванні выліліся ў расправу над беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Апагеем гэтай кампаніі стала расследаванне НКУС палітычнай справы, якая атрымала назву «Саюз вызвалення Беларусі». У 1931 г. за прыналежнасць да яго было асуджана 86 чалавек, галоўным чынам работнікі навукі, культуры, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы. Сярод іх Д. Х. Жылуновіч, Я. Ю. Лёсік, А. А. Смоліч, У. М. Ігнатоўскі, А. Р. Чарвякоў, Д. Ф. Прышчэпаў і інш. Барацьба з «нацдэмаўшчынай» нанесла моцны ўдар па творчай інтэлігенцыі рэспублікі. Былі рэпрэсаваныя такія вядомыя дзеячы культуры, заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры, як М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.

У 1934 г. пачаўся працэс скасавання нацыянальных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.