§ 22–1. Развіццё беларускай нацыі ў 1920—1930-я гг.
2. Палітыка беларусізацыі як праява савецкай нацыянальнай палітыкі. Дасягненні і супярэчнасці пры правядзенні беларусізацыі
У 1920-я гг. у БССР праводзілася палітыка нацыянальна-культурнага і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва — беларусізацыя.
Асноўным зместам палітыкі беларусізацыі былі пытанні развіцця беларускай мовы і культуры. Пры гэтым забяспечваліся правы і магчымасці для свабоднага развіцця моў і культур іншых народаў.
У кароткія тэрміны ў органах дзяржаўнай улады БССР справаводства было пераведзена на беларускую мову. Асноўная ўнутрырэспубліканская дакументацыя друкавалася на чатырох мовах — беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай. Дакументы агульнасаюзнага значэння друкаваліся на беларускай і рускай мовах, прававыя дакументы (пашпарты, пасведчанні і інш.) — на беларускай і адной з трох іншых дзяржаўных моў.
На беларускую мову пераводзіліся навучальныя ўстановы, установы культуры, навуковыя ўстановы, часці Чырвонай арміі, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
Для беларускіх вайскоўцаў былі распрацаваны асобныя воінскія статуты на беларускай мове. У БССР у 1920-я гг. былі як воінскія падраздзяленні, укамплектаваныя беларусамі, так і асобныя падраздзяленні, сфарміраваныя з яўрэяў, палякаў.
Шырокаму распаўсюджванню беларускай мовы садзейнічалі беларускія пісьменнікі і паэты. Да гэтага часу адносіцца творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, Ц. Гартнага, К. Чорнага, М. Лынькова, К. Крапівы і інш.
У навуковых цэнтрах рэспублікі — Інбелкульце, Камісіі па гісторыі партыі (Гістпарце) — праводзіліся даследаванні па праблемах гісторыі, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі.
Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. З 1924 г. масава ствараліся краязнаўчыя арганізацыі, якія да 1927 г. аб’ядналі ўжо больш за 10 тыс. чалавек.
Адным з асноўных кірункаў беларусізацыі стала палітыка каранізацыі, якая прадугледжвала вылучэнне на партыйную, савецкую, гаспадарчую і грамадскую працу прадстаўнікоў карэннага насельніцтва.
Разам з тым пры правядзенні беларусізацыі не абышлося без перагібаў. Некаторыя работнікі без уліку аб’ектыўных умоў і матэрыяльных магчымасцей імкнуліся фарсіраваць тэмпы яе правядзення. Моўныя курсы арганізоўваліся спехам, не хапала падручнікаў, нізкім быў узровень выкладання. У многіх установах складаліся спісы супрацоўнікаў, якім ставілася ў абавязак вывучыць беларускую мову ў самыя кароткія тэрміны. У адваротным выпадку іх чакала звальненне.
Поспехі ў ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў і палітыкі беларусізацыі ў БССР былі афіцыйна прызнаныя дзеячамі Рады БНР. На Берлінскай канферэнцыі 1925 г. яны прызналі Мінск «цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі» і абвясцілі аб роспуску сваіх палітычных цэнтраў. А. І. Цвікевіч, які быў прэм’ер-міністрам БНР у Празе, падпісаў у 1925 г. пратакол аб прызнанні Савецкай Беларусі. Як адзначалася ў пратаколе, гэта зроблена «ў разуменні таго, што… Савецкая Беларусь ёсць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага ярма…»