§ 4. Паняцце пра лімітуючыя фактары

*Закон мінімуму Лібіха

Упершыню вывучэннем лімітуючых фактараў заняўся вучоны-хімік  Ю. Лібіх, адзін з заснавальнікаў аграхіміі, які прапанаваў тэорыю мінеральнага жыўлення раслін. У сярэдзіне XIX ст., вывучаючы ўплыў розных хімічных элементаў на рост раслін, ён вызначыў, што лімітуючым фактарам развіцця раслін з’яўляецца элемент, які прысутнічае ў глебе ў мінімальнай колькасці. Калі яго запасы вычэрпваюцца ў выніку вырошчвання дадзенай культуры, то рост раслін спыняецца, калі нават іншыя элементы знаходзяцца ў вялікай колькасці. Гэта заканамернасць атрымала назву закона мінімуму (1840 г.). Вобразна паказаць яго дапамагае так званая бочка Лібіха, якая адлюстроўвае ўплыў абіятычных фактараў (хімічных элементаў) на жыццядзейнасць раслін.

Калі вышыню налітай вадкасці асацыіраваць з жыццядзейнасцю расліны (арганізма), а вышыня рэек будзе адлюстроўваць утрыманне таго ці іншага хімічнага элемента ў глебе (фактару), то лёгка зразумець, што абмяжоўваць жыццядзейнасць будзе самы мінімальны па ўтрыманні элемент (фактар). Пры гэтым больш высокае ўтрыманне іншых элементаў (фактараў) не мае значэння.

Закон мінімуму Лібіха строга ўжываецца толькі ва ўмовах стацыя-нарнага стану (суадносіны сілы ўздзеяння фактараў на арганізм не змяняюцца) і толькі на ўзроўні хімічных элементаў мінеральнага жыўлення.