§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця

7. Дзяржаўная маладзёжная палітыка

У Рэспубліцы Беларусь чвэрць насельніцтва адносіцца да моладзі (узрост да 31 года). Кірункі дзяржаўнай маладзёж­най палітыкі вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі».

Беларуская дзяржава стымулюе і падтрымлівае будаўніцтва жылля для моладзі і маладых сем’яў праз прадастаўленне субсідый, доўгатэрміновых танных крэдытаў і прыцягненне пазабюджэтных крыніц фінансавання.

У Рэспубліцы Беларусь маладым спецыялістам гарантуецца першае рабочае месца, аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні студэнтаў і навучэнцаў (другасная занятасць), падтрымліваецца студэнцкі атрадны рух.

Беларусь — ​першая краіна на постсавецкай прасторы, у якой на дзяржаўным узроўні студэнцкія атрады атрымалі заканадаўчую падтрымку. Па традыцыі трэці працоўны семестр адкрываецца на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. З 2003 г. адроджаны БРСМ студатрадаўскі рух аб’яднаў больш за 960 тыс. маладых людзей.

У нашай краіне створана сістэма адбору і падтрымкі таленавітых і адораных маладых людзей. Фінансавую дапамогу і падтрымку ім аказваюць спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У рэспубліцы сфарміраваны банк даных адоранай і таленавітай моладзі.

У 2021 г. Урад зацвердзіў стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі да 2030 г. Яе мэтамі з’яўляюцца стварэнне ўмоў для запатрабаванасці моладзі ў краіне, узмацненне далучанасці маладых грамадзян да рэалізацыі дзяржаўных задач па грамадска-­палітычным і сацыяльна-­эканамічным развіцці Беларусі.