Печатать книгуПечатать книгу

§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця

Якія шляхі выхаду з крызісу прадугледжваліся Асноўнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:49

1. Распрацоўка беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця і яе сутнасныя характарыстыкі

У адрозненне ад шэрагу постсавецкіх дзяржаў кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь адмовілася ад радыкальнай рынкавай лібералізацыі гаспадарчага жыцця і зрабіла выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў. Спецыфічны характар падзей сацыяльна-эканамічных змен, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь, атрымаў найменне «беларускай мадэлі развіцця».

Найважнейшай асаблівасцю беларускай эканомікі стала яе сацыяльная арыентацыя, якая прадугледжвае недапушчэнне істотнага сацыяльнага расслаення грамадства, падтрыманне на належным узроўні сістэмы сацыяльнага забеспячэння, аховы здароўя, адукацыі і культуры.

Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця падразумявае, што па меры стварэння новых рынкавых інстытутаў адбываецца паступовае і паслядоўнае скарачэнне прамога ўдзелу дзяржавы ў эканамічных працэсах. Аднак у адносінах да тых сфер эканомікі, дзе вырашаюцца буйнамаштабныя стратэгічныя задачы, пазіцыя дзяржавы застаецца адназначнай: тут рэгуляванне будзе захоўвацца.

У Беларусі абрана мадэль, якая грунтуецца не на масавай, а на індывідуальнай прыватызацыі, нацэленай на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці. Галоўная задача прыватызацыі — прыцягнуць у рэальны сектар эканомікі інвестараў, зацікаўленых у тэхнічным пераўзбраенні і павышэнні канкурэнтаздольнасці прыватызуемых аб'ектаў.

Абвешчаны кіраўніцтвам рэспублікі курс на пабудову рыначнай гаспадаркі меркаваў стварэнне эфектыўных інстытутаў і механізмаў рынкавай эканомікі, якія дазваляюць паспяхова вырашаць сацыяльныя задачы. Эканамічная палітыка ў сацыяльнай рынкавай гаспадарцы – гэта палітыка ўмацавання канкурэнтных рынкавых механізмаў. У той жа час працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі, фарміравання рынкавых механізмаў, як неаднаразова заяўлялася на самым высокім узроўні, будуць мець у Беларусі паступовы, эвалюцыйны характар.

Пры гэтым неабходна падкрэсліць, што большасць прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці ў Рэспубліцы ўяўляюць сабой акцыянерныя таварыствы, у капітале якіх пэўная доля належыць дзяржаве, што ў большасці выпадкаў валодае кантрольнымі пакетамі акцый. Да таго ж, у дачыненні да многіх прыватных прадпрыемстваў дзяржава ажыццяўляе палітыку рэгулявання, карыстаючыся інстытутам "залатой акцыі" і іншымі мерамі.

Палітыка цэнаўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжвае змяшаны характар, злучаючы рынкавыя прынцыпы з дзяржаўным рэгуляваннем коштаў, якое накіравана на абмежаванне іх росту з мэтай стрымлівання інфляцыі. Дзяржава адміністрацыйна рэгулюе цэны на сацыяльна значныя выгоды: жыллёва-камунальныя паслугі, тарыфы на тавары і паслугі натуральных манаполій (транспарт, энерганосьбіты) і г. д.

Планаванне народнай гаспадаркі ў Беларусі ў пэўнай ступені захавала рысы савецкай сістэмы, аднак у рэспубліцы ажыццяўляецца пераход ад дырэктыўнага планавання да індыкатыўнага, які прадугледжвае ўлік інтарэсаў выканаўцаў планавых заданняў, узгадненне планаў дзяржаўных органаў і вытворцаў і г. д.

2. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс і шляхі пераадолення яго наступстваў у Рэспубліцы Беларусь

Сусветны фінансава-эканамічны крызіс выявіўся ў верасні — кастрычніку 2008 г. у выглядзе значнага пагаршэння асноўных эканамічных паказчыкаў у большасці развітых краін і глабальнай рэцэсіі, якая пачалася ў канцы таго ж года пасля крызісу рынку нерухомасці і звязаных з ім каштоўных папер у ЗША. Адбылося скарачэнне аб'ёму сусветнага ВУП, гандлю, зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці ў многіх краінах свету, скарачэнне эканамічнай актыўнасці, падзенне коштаў на нерухомасць. Прычына сусветнага крызісу заключаецца ў адрыве фінансавага сектара эканомікі ад вытворчасці, незабяспечанасці грошай і каштоўных папер рэальнымі актывамі, якія маюць сапраўдны кошт.

Уздзеянне фінансавага крызісу на беларускую эканоміку ішло праз два асноўныя напрамкі: зніжэнне аб'ёмаў (тэмпаў росту) вытворчасці ў краінах-партнёрах і, як следства, памяншэнне попыту на асобныя пазіцыі беларускага экспарту (перш за ўсё нафтапрадукты, чорныя металы, калійныя ўгнаенні, машынабудаўнічая прадукцыя); абмежаванне магчымасцей прыцягнення замежнага капіталу, як у выглядзе знешняга запазычання, так і прамых інвестыцый.

На эканоміку рэспублікі сусветны фінансава-эканамічны крызіс паўплываў не адразу, бо не былі развітыя фондавыя і фінансавыя рынкі ў краіне. І яны, адпаведна, былі слаба інтэграваныя ў сусветную фінансавую сістэму.

Разам з тым з IV квартала 2008 г. пачалі выяўляцца негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай эканомікі:

  • істотнае падзенне экспарту і валютнай выручкі;
  • павелічэнне адмоўнага сальда знешнегандлёвага абароту;
  • скарачэнне валютных рэзерваў, рост напружанасці на валютным рынку;
  • нарастанне дзяржаўнага і валавога знешняга доўгу;
  • зніжэнне рэнтабельнасці і прыбытку;
  • запаволенне тэмпаў эканамічнага росту;
  • рост звышнарматыўных запасаў гатовай прадукцыі на складах і г. д.

У 2009 г. Урад выступіў з Праграмай антыкрызісных мер па рабоце эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу. У адпаведнасці з антыкрызіснай праграмай дзяржаўная падтрымка ажыццяўлялася ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.

У сувязі са змяненнем цэн на сусветным рынку і для захавання заваяваных экспартных пазіцый айчынным таваравытворцам ва ўстаноўленым парадку да 2010 г. было прадастаўлена права рэалізацыі прадукцыі за межы рэспублікі па цэнах, што вызначаюцца з улікам кан'юнктуры рынку, у тым ліку і ніжэй за сабекошт.

Для фінансавага забеспячэння рэалізацыі мерапрыемстваў антыкрызіснай праграмы, іншых дзяржаўных праграм беларуская банкаўская сістэма ў неабходных аб'ёмах аказвала крэдытную падтрымку прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі.

Усе антыкрызісныя мерапрыемствы, якія прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь, складаліся з наступных чатырох асноўных блокаў:

1) першачарговыя меры па лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці;

2) антыкрызісныя меры ў галіне манетарнай і фіскальнай палітыкі;

3) меры па падтрымцы валаўтваральных прадпрыемстваў;

4) сумесны план дзеянняў з Расійскай Федэрацыяй па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу.

Для стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі Рэспублікі Беларусь вялікае значэнне мела супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. МВФ 12 студзеня 2009 г. у рамках рэалізацыі праграмы стэнд-бай прадаставіў Рэспубліцы Беларусь 2,46 млрд даляраў ЗША тэрмінам на пятнаццаць месяцаў. 29 чэрвеня 2009 г. было прынята рашэнне аб павелічэнні аб'ёму фінансавання на 1 млрд даляраў ЗША.

3. Мэты і сродкі рэалізацыі сацыяльна арыентаванай эканомікі

Пад сацыяльна арыентаванай эканомікай маецца на ўвазе пэўны тып эканамічнай сістэмы, які адрозніваецца высокім узроўнем эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага развіцця і забяспечвае дасягненне істотнага ўзроўню дабрабыту і якасці жыцця, сацыяльнай справядлівасці і абароненасці.

Галоўнай мэтай сацыяльнай палітыкі ў доўгатэрміновай перспектыве з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівага росту ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва і стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу. Пры гэтым дзяржава павінна прадаставіць кожнаму працаздольнаму чалавеку ўмовы, якія дазваляюць яму ўласнай працай і прадпрымальнасцю забяспечыць свой дабрабыт і дабрабыт сваёй сям'і і цалкам выканаць сацыяльныя абавязацельствы перад інвалідамі, шматдзетнымі сем'ямі, непрацаздольнымі і малазабяспечанымі слаямі насельніцтва і інш.

Асноўныя напрамкі рэалізацыі сацыяльнай палітыкі:

  • стварэнне ўмоў і магчымасцей усім працаздольным грамадзянам зарабляць сродкі для задавальнення сваіх патрэб;
  • забеспячэнне рацыянальнай занятасці насельніцтва на аснове захавання працоўных месцаў на жыццёва важных і перспектыўных прадпрыемствах, стварэння новых працоўных месцаў, у тым ліку ў прыватным сектары эканомікі;
  • стварэнне гнуткай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў;
  • забеспячэнне росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва;
  • паслядоўнае павышэнне ўзроўню аплаты працы як асноўнай крыніцы грашовых даходаў насельніцтва і найважнейшага стымулу працоўнай актыўнасці работнікаў наёмнай працы;
  • фарміраванне сярэдняга класа як фактару стабілізацыі грамадства на аснове значнага росту грашовых даходаў насельніцтва і зніжэння ўзроўню малазабяспечанасці;
  • павышэнне ўзроўню пенсійнага забеспячэння;
  • павышэнне сацыяльнай абароны маючых патрэбу на аснове ўзмацнення адраснасці аказання дапамогі, рацыяналізацыі сістэмы льгот, паляпшэння сацыяльнага абслугоўвання і інш.

Рэспубліка Беларусь, захоўваючы пераемнасць мэт і прыярытэтаў папярэдніх гадоў, у сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыцы на перыяд 2016—2020 гг. зыходзіла з неабходнасці аднаўлення эканамічнага росту, у тым ліку на аснове ўдасканалення структуры эканомікі, развіцця прыватнага сектара эканомікі, павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і занятасці насельніцтва. Галоўная мэта развіцця краіны — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны грунтуецца на наступных прыярытэтах:

  • інвестыцыі ў мэтах росту прадукцыйнасці працы і фарміравання цэнтраў апераджальнага рэгіянальнага развіцця («Інвестыцыі»). Яны з'яўляюцца асновай развіцця эканомікі ведаў, новых тэхналогій, павышэння прадукцыйнасці працы і якасці жыцця людзей. За кошт інвестыцый эканоміка павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці і канкурэнтаздольнай;
  • стварэнне новых працоўных месцаў і забеспячэнне эфектыўнай занятасці («Занятасць») як асновы для росту прадукцыйнасці працы, даходаў насельніцтва і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве;
  • рост і дыверсіфікацыя экспарту тавараў і паслуг, забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю («Экспарт») у мэтах устойлівага развіцця эканомікі, стабільнасці ўнутранага валютнага рынку і збалансаванасці бюджэту;
  • развіццё інфармацыйнага грамадства і шырокае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій («Інфарматызацыя») як ключавы складнік стратэгіі інавацыйнага развіцця краіны;
  • развіццё патэнцыялу моладзі і яе актыўнае ўцягванне ў стварэнне эканомікі ведаў («Моладзь»). Рэалізацыя творчага патэнцыялу маладога пакалення, прыцягненне яго ў грамадска карысную дзейнасць. Задача дзяржавы — стварэнне ўсіх умоў для паўнавартаснага станаўлення грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

4. Эканамічная інтэграцыя з Расеяй і краінамі СНД

У шматвектарнай знешняй палітыцы Беларусі прыярытэтным з’яўляецца супрацоўніцтва з Расіяй — ​асноўным эканамічным партнёрам краіны. Цесныя эканамічныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй усталяваліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. Ідэю эканамічнай інтэграцыі з Расіяй грамадзяне Беларусі падтрымалі на рэспубліканскім рэферэндуме 1995 г. (82,4 %).

Развіццю эканамічных сувязей садзейнічалі пад­пісанне Дагавора аб стварэнні Садружнасці Беларусі і Расіі ў 1996 г., Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі ў 1997 г., стварэнне Саюзнай дзяржавы 8 снеж­ня 1999 г. Важнымі перадумовамі эканамічнага ўзаема­дзеяння Беларусі і Расіі з’яўляліся тэрытарыяльнае раздзяленне працы і спецыялізацыя і кааперацыя эканамічных сувязей, якія склаліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў у рамках былога СССР.

На Расійскую Федэрацыю пры­падае каля паловы знешнегандлёвага абароту Беларусі. Адтуль Беларусь імпартуе паліўна-­энергетычныя рэсурсы (нафту і газ), металы, машыны і абсталяванне. Аснову беларускага экспарту ў Расію складаюць транспартныя сродкі (аўтамабілі, трактары), прамысловае абсталяванне, тэкстыль, мясныя і малочныя прадукты, кандытарскія вырабы. Больш за 8 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў сёння звязаны ўзаемнымі пастаўкамі прадукцыі.

За апошнія некалькі гадоў тавараабарот паміж нашымі краінамі паказваў устойлівы рост. Так, у 2018 г. ён складаў 35,5 млрд у доларавым эквіваленце, у наступныя гады рост тавараабароту працягнуўся і, па ацэнках экспертаў, да 2020 г. складаў 45 млрд долараў.

Паліўна-­энергетычныя комплексы Беларусі і Расіі інтэграваны на 95 %, ма­шынабудаўнічыя — ​на 85 %, сельскагаспадарчыя — ​на 65 %, будаўнічай індустрыі — ​на 80 %. Доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі перавышае 50 %.

Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД таксама з’яўляецца адным з асноўных знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна ад­стойваючы ідэі інтэграцыі, Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў працэсах аб’яднання на постсавецкай прасторы. 29 мая 2014 г. Расія, Беларусь і Казахстан падпісалі дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). Ён набыў моц 1 студзеня 2015 г. У гэты ж год членамі ЕАЭС сталі Арменія і Кыргызстан. У рамках ЕАЭС забяспечваюцца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, правядзенне скаардынаванай, узгодненай альбо адзінай палітыкі ў ключавых галінах эканомікі.

5. Галоўныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў перыяд суверэнітэту

Мінулае пяцігоддзе (2016—2020 гг.) аказалася складаным не толькі для Беларусі, але і для ўсёй сусветнай супольнасці. Але, нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, Беларусі ўдалося захаваць унутраную стабільнасць і не дапусціць абвалу эканомікі. Галоўныя дасягненні – рост узроўню жыцця насельніцтва, захаванне бяспекі і суверэнітэту краіны.

Па індэксе чалавечага капіталу Сусветнага банка Рэспубліка Беларусь увайшла ў топ-40, заняўшы 36-е месца са 174 дзяржаў па ўзроўні прадукцыйнасці працы новага пакалення работнікаў. Чаканая працягласць жыцця сёння складае 74,5 года.

Па індэксе ўзроўню адукацыі рэспубліка супастащляецца з перадавымі еўрапейскімі краінамі і займае 30-е месца са 189 дзяржаў. Беларуская медыцына характарызуецца высокім узроўнем, перш за ўсё ў педыятрыі (асабліва неанаталогіі), кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі. За мінулае пяцігоддзе ўведзена ў эксплуатацыю 69 паліклінік і бальніц. Па ўзроўні развіцця медыцыны наша краіна ў міжнародным рэйтынгу заняла 59-ю пазіцыю з 93 краін.

Несумнеўныя дасягненні і ў эканоміцы. Рэспубліцы Беларусь удалося захаваць прамысловы патэнцыял і асноўныя вядомыя ў свеце беларускія брэнды. У сусветным рэйтынгу па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь знаходзіцца на 47-й пазіцыі са 152 краін свету.

Беларусь з'яўляецца рэгіянальным лідарам у вытворчасці трактароў, займаючы каля 80 % іх агульнага выпуску ў ЕАЭС, забяспечвае каля траціны сусветнага рынку велікагрузных кар'ерных самазвалаў. Асвоена вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Наша краіна ўваходзіць у тройку лідараў па экспарце калійных угнаенняў, забяспечваючы сёмую частку сусветнай вытворчасці.

Уступіўшы ў сусветны клуб дзяржаў, якія выкарыстоўваюць энергію мірнага атама, рэспубліка атрымала экалагічна чыстую крыніцу энергіі, якая знізіць залежнасць ад вуглевадароднай сыравіны.

Істотную ўвагу дзяржава надае развіццю бізнесу. Прадпрымальніцтва ўносіць значны ўклад у эканоміку. Яно забяспечвае больш за 40 % экспарту тавараў і 50 % ВУП. У краіне створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнага сектара.

За мінулае пяцігоддзе інфляцыя паменшылася да адназначных велічынь, яе ўзровень падтрымліваўся ў мэтавых значэннях. Павысілася даступнасць крэдытаў. Стаўка рэфінансавання зменшана больш чым у тры разы.

Краіна цалкам забяспечвае сябе харчаваннем. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышаюць паказчыкі, дасягнутыя ў краінах ЕС: па мясу – у 1,2 разы, малацэ – у 1,7 разы, гародніне – у 1,4 разы. Наша рэспубліка займае трэцяе месца ў свеце па экспарце масла жывёльнага паходжання, чацвёртае месца — па экспарце сыроў і тварагу.

Захавана ўнікальная для паўнавартаснага і разнастайнага жыцця людзей навакольнае прыроднае асяроддзе. Па індэксе экалагічнай эфектыўнасці Беларусь у сусветным рэйтынгу займае 49-ю пазіцыю са 180 краін.

6. Прыярытэты дзяржавы ў сацыяльна-эканамічнай сферы

Галоўная мэта наступнага пяцігоддзя (2021—2025 гг.) — забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі. У аснове гэтага — даходы, цэны, занятасць, даступнае жыллё, бяспечны транспарт, даступныя і высокатэхналагічныя паслугі ў ахове здароўя і адукацыі.

Эканамічная палітыка дзяржавы будзе накіравана на ўстойлівы рост эканомікі праз павышэнне прадукцыйнасці працы і стварэнне новых працоўных месцаў, стымуляванне ўнутранага спажывання і нарошчванне экспарту.

Сярод ключавых задач — скараціць залежнасць эканамічнага росту ад вуглевадароднай сыравіны, павялічыць экспартны патэнцыял за кошт высокатэхналагічных тавараў, запусціць новы інвестыцыйны цыкл.

Для дасягнення пастаўленых мэт неабходна забяспечыць:

  • рост ВУП у рэальным выражэнні ў 2025 г. — не менш чым у 1,2 разы да ўзроўню 2020 г.;
  • павышэнне чаканай працягласці жыцця да 76,5 года;
  • рост інвестыцый у асноўны капітал больш чым у 1,2 разы да ўзроўню 2020 г.;
  • нарошчванне аб'ёмаў экспарту тавараў і паслуг – больш за 50 млрд даляраў ЗША ў 2025 г.
  • павелічэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва за пяцігоддзе ў 1,2 разы, уключаючы рост пенсійнага забеспячэння вышэй за ўзровень інфляцыі.

Прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнай сферы на бліжэйшае пяцігоддзе вызначаны:

  • «шчаслівая сям'я» — умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх здаровая сям'я, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне моладзі, забеспячэнне актыўнай старасці, клопат аб старэйшым пакаленні;
  • «моцныя рэгіёны» — гэта камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя вытворчасці і прадукцыйная занятасць;
  • «інтэлектуальная краіна» — адукацыя і навучанне, развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу. Гэта адукацыйная сістэма новага тыпу, здольная адказваць на выклікі сучаснага сацыяльна-тэхналагічнага ўкладу. Яна стане асновай для чалавека, здольнага ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, маючы актуальны набор ведаў і ўменняў, застаючыся запатрабаваным на працягу ўсяго жыццёвага шляху;
  • «дзяржава-партнёр» — умацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам. Намаганні будуць накіраваныя на фарміраванне сацыяльнай стабільнасці і дабрабыт народа.

7. Дзяржаўная маладзёжная палітыка

У Рэспубліцы Беларусь чвэрць насельніцтва адносіцца да моладзі (узрост да 31 года). Кірункі дзяржаўнай маладзёж­най палітыкі вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі».

Беларуская дзяржава стымулюе і падтрымлівае будаўніцтва жылля для моладзі і маладых сем’яў праз прадастаўленне субсідый, доўгатэрміновых танных крэдытаў і прыцягненне пазабюджэтных крыніц фінансавання.

У Рэспубліцы Беларусь маладым спецыялістам гарантуецца першае рабочае месца, аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні студэнтаў і навучэнцаў (другасная занятасць), падтрымліваецца студэнцкі атрадны рух.

Беларусь — ​першая краіна на постсавецкай прасторы, у якой на дзяржаўным узроўні студэнцкія атрады атрымалі заканадаўчую падтрымку. Па традыцыі трэці працоўны семестр адкрываецца на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. З 2003 г. адроджаны БРСМ студатрадаўскі рух аб’яднаў больш за 960 тыс. маладых людзей.

У нашай краіне створана сістэма адбору і падтрымкі таленавітых і адораных маладых людзей. Фінансавую дапамогу і падтрымку ім аказваюць спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У рэспубліцы сфарміраваны банк даных адоранай і таленавітай моладзі.

У 2021 г. Урад зацвердзіў стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Беларусі да 2030 г. Яе мэтамі з’яўляюцца стварэнне ўмоў для запатрабаванасці моладзі ў краіне, узмацненне далучанасці маладых грамадзян да рэалізацыі дзяржаўных задач па грамадска-­палітычным і сацыяльна-­эканамічным развіцці Беларусі.

Пытанні і заданні

1. Вызначце, як у беларускай мадэлі развіцця спалучаюцца рысы рынкавай і планавай эканомікі. Якую ролю адыгрывае дзяржава ў гаспадарчым жыцці?

2. Растлумачце неабходнасць дзяржаўнага рэгулявання моладзевай палітыкі і сацыяльнай падтрымкі моладзі.

3. Сфармулюйце прычыны, якія абумоўліваюць неабходнасць эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй.

4. У чым выяўляецца сацыяльная арыентацыя і шматукладнасць беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця?

5. Вызначце прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на сучасным этапе.

6. Падрыхтуйце інфаграфіку «Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў перыяд суверэнітэту».