§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця

6. Прыярытэты дзяржавы ў сацыяльна-эканамічнай сферы

Галоўная мэта наступнага пяцігоддзя (2021—2025 гг.) — забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі. У аснове гэтага — даходы, цэны, занятасць, даступнае жыллё, бяспечны транспарт, даступныя і высокатэхналагічныя паслугі ў ахове здароўя і адукацыі.

Эканамічная палітыка дзяржавы будзе накіравана на ўстойлівы рост эканомікі праз павышэнне прадукцыйнасці працы і стварэнне новых працоўных месцаў, стымуляванне ўнутранага спажывання і нарошчванне экспарту.

Сярод ключавых задач — скараціць залежнасць эканамічнага росту ад вуглевадароднай сыравіны, павялічыць экспартны патэнцыял за кошт высокатэхналагічных тавараў, запусціць новы інвестыцыйны цыкл.

Для дасягнення пастаўленых мэт неабходна забяспечыць:

  • рост ВУП у рэальным выражэнні ў 2025 г. — не менш чым у 1,2 разы да ўзроўню 2020 г.;
  • павышэнне чаканай працягласці жыцця да 76,5 года;
  • рост інвестыцый у асноўны капітал больш чым у 1,2 разы да ўзроўню 2020 г.;
  • нарошчванне аб'ёмаў экспарту тавараў і паслуг – больш за 50 млрд даляраў ЗША ў 2025 г.
  • павелічэнне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва за пяцігоддзе ў 1,2 разы, уключаючы рост пенсійнага забеспячэння вышэй за ўзровень інфляцыі.

Прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнай сферы на бліжэйшае пяцігоддзе вызначаны:

  • «шчаслівая сям'я» — умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх здаровая сям'я, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне моладзі, забеспячэнне актыўнай старасці, клопат аб старэйшым пакаленні;
  • «моцныя рэгіёны» — гэта камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя вытворчасці і прадукцыйная занятасць;
  • «інтэлектуальная краіна» — адукацыя і навучанне, развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу. Гэта адукацыйная сістэма новага тыпу, здольная адказваць на выклікі сучаснага сацыяльна-тэхналагічнага ўкладу. Яна стане асновай для чалавека, здольнага ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, маючы актуальны набор ведаў і ўменняў, застаючыся запатрабаваным на працягу ўсяго жыццёвага шляху;
  • «дзяржава-партнёр» — умацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам. Намаганні будуць накіраваныя на фарміраванне сацыяльнай стабільнасці і дабрабыт народа.