§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця

5. Галоўныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў перыяд суверэнітэту

Мінулае пяцігоддзе (2016—2020 гг.) аказалася складаным не толькі для Беларусі, але і для ўсёй сусветнай супольнасці. Але, нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, Беларусі ўдалося захаваць унутраную стабільнасць і не дапусціць абвалу эканомікі. Галоўныя дасягненні – рост узроўню жыцця насельніцтва, захаванне бяспекі і суверэнітэту краіны.

Па індэксе чалавечага капіталу Сусветнага банка Рэспубліка Беларусь увайшла ў топ-40, заняўшы 36-е месца са 174 дзяржаў па ўзроўні прадукцыйнасці працы новага пакалення работнікаў. Чаканая працягласць жыцця сёння складае 74,5 года.

Па індэксе ўзроўню адукацыі рэспубліка супастащляецца з перадавымі еўрапейскімі краінамі і займае 30-е месца са 189 дзяржаў. Беларуская медыцына характарызуецца высокім узроўнем, перш за ўсё ў педыятрыі (асабліва неанаталогіі), кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі. За мінулае пяцігоддзе ўведзена ў эксплуатацыю 69 паліклінік і бальніц. Па ўзроўні развіцця медыцыны наша краіна ў міжнародным рэйтынгу заняла 59-ю пазіцыю з 93 краін.

Несумнеўныя дасягненні і ў эканоміцы. Рэспубліцы Беларусь удалося захаваць прамысловы патэнцыял і асноўныя вядомыя ў свеце беларускія брэнды. У сусветным рэйтынгу па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь знаходзіцца на 47-й пазіцыі са 152 краін свету.

Беларусь з'яўляецца рэгіянальным лідарам у вытворчасці трактароў, займаючы каля 80 % іх агульнага выпуску ў ЕАЭС, забяспечвае каля траціны сусветнага рынку велікагрузных кар'ерных самазвалаў. Асвоена вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Наша краіна ўваходзіць у тройку лідараў па экспарце калійных угнаенняў, забяспечваючы сёмую частку сусветнай вытворчасці.

Уступіўшы ў сусветны клуб дзяржаў, якія выкарыстоўваюць энергію мірнага атама, рэспубліка атрымала экалагічна чыстую крыніцу энергіі, якая знізіць залежнасць ад вуглевадароднай сыравіны.

Істотную ўвагу дзяржава надае развіццю бізнесу. Прадпрымальніцтва ўносіць значны ўклад у эканоміку. Яно забяспечвае больш за 40 % экспарту тавараў і 50 % ВУП. У краіне створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця прыватнага сектара.

За мінулае пяцігоддзе інфляцыя паменшылася да адназначных велічынь, яе ўзровень падтрымліваўся ў мэтавых значэннях. Павысілася даступнасць крэдытаў. Стаўка рэфінансавання зменшана больш чым у тры разы.

Краіна цалкам забяспечвае сябе харчаваннем. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышаюць паказчыкі, дасягнутыя ў краінах ЕС: па мясу – у 1,2 разы, малацэ – у 1,7 разы, гародніне – у 1,4 разы. Наша рэспубліка займае трэцяе месца ў свеце па экспарце масла жывёльнага паходжання, чацвёртае месца — па экспарце сыроў і тварагу.

Захавана ўнікальная для паўнавартаснага і разнастайнага жыцця людзей навакольнае прыроднае асяроддзе. Па індэксе экалагічнай эфектыўнасці Беларусь у сусветным рэйтынгу займае 49-ю пазіцыю са 180 краін.