§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця

3. Мэты і сродкі рэалізацыі сацыяльна арыентаванай эканомікі

Пад сацыяльна арыентаванай эканомікай маецца на ўвазе пэўны тып эканамічнай сістэмы, які адрозніваецца высокім узроўнем эканамічнага, палітычнага, сацыяльнага развіцця і забяспечвае дасягненне істотнага ўзроўню дабрабыту і якасці жыцця, сацыяльнай справядлівасці і абароненасці.

Галоўнай мэтай сацыяльнай палітыкі ў доўгатэрміновай перспектыве з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівага росту ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва і стварэнне ўмоў для развіцця чалавечага патэнцыялу. Пры гэтым дзяржава павінна прадаставіць кожнаму працаздольнаму чалавеку ўмовы, якія дазваляюць яму ўласнай працай і прадпрымальнасцю забяспечыць свой дабрабыт і дабрабыт сваёй сям'і і цалкам выканаць сацыяльныя абавязацельствы перад інвалідамі, шматдзетнымі сем'ямі, непрацаздольнымі і малазабяспечанымі слаямі насельніцтва і інш.

Асноўныя напрамкі рэалізацыі сацыяльнай палітыкі:

  • стварэнне ўмоў і магчымасцей усім працаздольным грамадзянам зарабляць сродкі для задавальнення сваіх патрэб;
  • забеспячэнне рацыянальнай занятасці насельніцтва на аснове захавання працоўных месцаў на жыццёва важных і перспектыўных прадпрыемствах, стварэння новых працоўных месцаў, у тым ліку ў прыватным сектары эканомікі;
  • стварэнне гнуткай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў;
  • забеспячэнне росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва;
  • паслядоўнае павышэнне ўзроўню аплаты працы як асноўнай крыніцы грашовых даходаў насельніцтва і найважнейшага стымулу працоўнай актыўнасці работнікаў наёмнай працы;
  • фарміраванне сярэдняга класа як фактару стабілізацыі грамадства на аснове значнага росту грашовых даходаў насельніцтва і зніжэння ўзроўню малазабяспечанасці;
  • павышэнне ўзроўню пенсійнага забеспячэння;
  • павышэнне сацыяльнай абароны маючых патрэбу на аснове ўзмацнення адраснасці аказання дапамогі, рацыяналізацыі сістэмы льгот, паляпшэння сацыяльнага абслугоўвання і інш.

Рэспубліка Беларусь, захоўваючы пераемнасць мэт і прыярытэтаў папярэдніх гадоў, у сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыцы на перыяд 2016—2020 гг. зыходзіла з неабходнасці аднаўлення эканамічнага росту, у тым ліку на аснове ўдасканалення структуры эканомікі, развіцця прыватнага сектара эканомікі, павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання і занятасці насельніцтва. Галоўная мэта развіцця краіны — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны грунтуецца на наступных прыярытэтах:

  • інвестыцыі ў мэтах росту прадукцыйнасці працы і фарміравання цэнтраў апераджальнага рэгіянальнага развіцця («Інвестыцыі»). Яны з'яўляюцца асновай развіцця эканомікі ведаў, новых тэхналогій, павышэння прадукцыйнасці працы і якасці жыцця людзей. За кошт інвестыцый эканоміка павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці і канкурэнтаздольнай;
  • стварэнне новых працоўных месцаў і забеспячэнне эфектыўнай занятасці («Занятасць») як асновы для росту прадукцыйнасці працы, даходаў насельніцтва і сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве;
  • рост і дыверсіфікацыя экспарту тавараў і паслуг, забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю («Экспарт») у мэтах устойлівага развіцця эканомікі, стабільнасці ўнутранага валютнага рынку і збалансаванасці бюджэту;
  • развіццё інфармацыйнага грамадства і шырокае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій («Інфарматызацыя») як ключавы складнік стратэгіі інавацыйнага развіцця краіны;
  • развіццё патэнцыялу моладзі і яе актыўнае ўцягванне ў стварэнне эканомікі ведаў («Моладзь»). Рэалізацыя творчага патэнцыялу маладога пакалення, прыцягненне яго ў грамадска карысную дзейнасць. Задача дзяржавы — стварэнне ўсіх умоў для паўнавартаснага станаўлення грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.