§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
2. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс і шляхі пераадолення яго наступстваў у Рэспубліцы Беларусь
Сусветны фінансава-эканамічны крызіс выявіўся ў верасні — кастрычніку 2008 г. у выглядзе значнага пагаршэння асноўных эканамічных паказчыкаў у большасці развітых краін і глабальнай рэцэсіі, якая пачалася ў канцы таго ж года пасля крызісу рынку нерухомасці і звязаных з ім каштоўных папер у ЗША. Адбылося скарачэнне аб'ёму сусветнага ВУП, гандлю, зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці ў многіх краінах свету, скарачэнне эканамічнай актыўнасці, падзенне коштаў на нерухомасць. Прычына сусветнага крызісу заключаецца ў адрыве фінансавага сектара эканомікі ад вытворчасці, незабяспечанасці грошай і каштоўных папер рэальнымі актывамі, якія маюць сапраўдны кошт.
Уздзеянне фінансавага крызісу на беларускую эканоміку ішло праз два асноўныя напрамкі: зніжэнне аб'ёмаў (тэмпаў росту) вытворчасці ў краінах-партнёрах і, як следства, памяншэнне попыту на асобныя пазіцыі беларускага экспарту (перш за ўсё нафтапрадукты, чорныя металы, калійныя ўгнаенні, машынабудаўнічая прадукцыя); абмежаванне магчымасцей прыцягнення замежнага капіталу, як у выглядзе знешняга запазычання, так і прамых інвестыцый.
На эканоміку рэспублікі сусветны фінансава-эканамічны крызіс паўплываў не адразу, бо не былі развітыя фондавыя і фінансавыя рынкі ў краіне. І яны, адпаведна, былі слаба інтэграваныя ў сусветную фінансавую сістэму.
Разам з тым з IV квартала 2008 г. пачалі выяўляцца негатыўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай эканомікі:
- істотнае падзенне экспарту і валютнай выручкі;
- павелічэнне адмоўнага сальда знешнегандлёвага абароту;
- скарачэнне валютных рэзерваў, рост напружанасці на валютным рынку;
- нарастанне дзяржаўнага і валавога знешняга доўгу;
- зніжэнне рэнтабельнасці і прыбытку;
- запаволенне тэмпаў эканамічнага росту;
- рост звышнарматыўных запасаў гатовай прадукцыі на складах і г. д.
У 2009 г. Урад выступіў з Праграмай антыкрызісных мер па рабоце эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу. У адпаведнасці з антыкрызіснай праграмай дзяржаўная падтрымка ажыццяўлялася ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.
У сувязі са змяненнем цэн на сусветным рынку і для захавання заваяваных экспартных пазіцый айчынным таваравытворцам ва ўстаноўленым парадку да 2010 г. было прадастаўлена права рэалізацыі прадукцыі за межы рэспублікі па цэнах, што вызначаюцца з улікам кан'юнктуры рынку, у тым ліку і ніжэй за сабекошт.
Для фінансавага забеспячэння рэалізацыі мерапрыемстваў антыкрызіснай праграмы, іншых дзяржаўных праграм беларуская банкаўская сістэма ў неабходных аб'ёмах аказвала крэдытную падтрымку прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі.
Усе антыкрызісныя мерапрыемствы, якія прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь, складаліся з наступных чатырох асноўных блокаў:
1) першачарговыя меры па лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці;
2) антыкрызісныя меры ў галіне манетарнай і фіскальнай палітыкі;
3) меры па падтрымцы валаўтваральных прадпрыемстваў;
4) сумесны план дзеянняў з Расійскай Федэрацыяй па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу.
Для стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі Рэспублікі Беларусь вялікае значэнне мела супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. МВФ 12 студзеня 2009 г. у рамках рэалізацыі праграмы стэнд-бай прадаставіў Рэспубліцы Беларусь 2,46 млрд даляраў ЗША тэрмінам на пятнаццаць месяцаў. 29 чэрвеня 2009 г. было прынята рашэнне аб павелічэнні аб'ёму фінансавання на 1 млрд даляраў ЗША.