§ 11–3. Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці ў другой палове 1980-х гг.
5. Пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Невымерную шкоду нанесла рэспубліцы самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС) 26 красавіка 1986 г. Пад радыеактыўнае забруджванне трапілі многія раёны Гомельскай і Магілёўскай, частка Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Высокі ўзровень радыяцыі назіраўся амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, у некаторых раёнах ён быў у некалькі тысяч разоў вышэй за натуральны радыяцыйны фон.
Дзяржава пастаянна вядзе працу па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. На пераадоленне наступстваў катастрофы выдаткоўваюцца вялізныя сумы: агульны аб’ём фінансавання з 1990 па 2020 г. склаў у эквіваленце больш за 19 млрд долараў. З іх 9 млрд было патрачана на сацыяльную абарону насельніцтва, каля 8 млрд — на сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў.
Беларусь затрачвае на пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС 3 % гадавога бюджэту. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прадугледжаны шэраг важных мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне, медыцынскім забеспячэнні, санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні пацярпелага насельніцтва. У рамках праграмы на 2016–2020 гг. на пераадоленне наступстваў катастрофы запланаваны расходы ў 2,51 млрд рублёў, з іх 1,438 млрд — на сацыяльную абарону, медыцынскае забеспячэнне пацярпелых.