§ 11–3. Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці ў другой палове 1980-х гг.

4. Прычыны пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча

Да канца 1980-х гг. стала відавочна, што эканамічныя рэформы, якія праводзіліся ў СССР, не прывялі да магчымых зрухаў у народнай гаспадарцы. Эканамічныя вынікі паказалі супярэчлівасць праводзімых рэформ. На мяжы 80—90-х гг. ХХ ст. абвастрыўся эканамічны крызіс.

Пошукі шляхоў выхаду з крызісу і пераходу да новых эканамічных адносін адбываліся метадам спроб і памылак. У грамадстве нарасталі напружанасць, супрацьстаянне. Абвастралася палітычная абстаноўка.

Застаўшыся ў рамках сацыялістычнай эканамічнай сістэмы (усеагульнага планавання, размеркавання рэсурсаў, дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці і г. д.) народная гаспадарка краіны пазбавілася і адміністрацыйна-камандных рычагоў прымусу з боку партыі. Пры гэтым рынкавых механізмаў кіравання гаспадаркай створана не было. Кіраўніцтва краіны не змагло выпрацаваць выразнай стратэгіі, канцэпцыі рэфармавання. Рэформы праводзіліся непаслядоўна: не завяршыўшы пераўтварэнняў у эканамічнай сферы, кіраўніцтва СССР перайшло да рэформы палітычнай сістэмы.

У чэрвені 1988 г. кіраўнікі шэрагу Рэспублік з мэтай паглыблення радыкальнай эканамічнай рэформы прапанавалі перайсці на рэспубліканскі або рэгіянальны гасразлік. Нарасталі канфлікты паміж цэнтрам і рэгіянальнымі ўладамі. Многія рэспублікі адмаўляліся выконваць абавязацельствы па гаспадарчых пагадненнях, абмяжоўвалі вываз прадукцыі мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, пачалі праводзіць уласную цэнавую палітыку. Гэта прывяло да разрыву гаспадарчых сувязяў, разбурэння адзінай эканамічнай прасторы СССР.

Уплыў цэнтра на чале з Прэзідэнтам СССР М. Гарбачовым істотна аслаб. Саюзны ўрад не мог ажыццяўляць комплексны падыход да рэформ, супрацьстаяць бюракратызму міністэрстваў.У трэцім квартале 1988 г. пачаўся адзін з самых разбуральных ў гісторыі эканамічных крызісаў.

Істотнымі прычынамі няўдач эканамічных рэформ перыяду «перабудовы» сталі: нерашучасць і непаслядоўнасць, бесперапынныя карэкціроўкі ўжо прынятых рашэнняў у галіне эканомікі; прамаруджванне ў ажыццяўленні пераўтварэнняў; пачатак дэмантажу ранейшай вертыкалі кіравання эканомікай без стварэння новых механізмаў кіравання.