§ 11–3. Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці ў другой палове 1980-х гг.

2. Перавод прадпрыемстваў на гаспадарчы разлік і самафінансаванне

У 1987 г. быў прызнаны фактычны правал палітыкі паскарэння, і на змену ёй прыйшла эканамічная рэформа, якая прадугледжвала істотнае пашырэнне самастойнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і развіццё прыватнага сектара.

У 1987 г. выбітнымі эканамістамі СССР было прапанавана павысіць эканамічную самастойнасць прадпрыемстваў, пашырыць сферу дзейнасці прыватнага сектара. У гэтым жа годзе быў прыняты «Закон аб дзяржаўным прадпрыемстве».

Прадугледжвалася пашырэнне межаў самастойнасці прадпрыемстваў, перавод іх на гасразлік, устанаўленне прамой залежнасці даходаў калектыву ад эфектыўнасці вытворчасці. З гэтай мэтай складанне планаў вытворчасці, выбар асартыменту выпускаемай прадукцыі пераходзілі ў вядзенне саміх прадпрыемстваў. Планы павінны былі складацца на аснове дзяржаўных заказаў і прамых дагавораў з прадпрыемствамі і гандлёвымі арганізацыямі. Усе бягучыя выдаткі (аплата працы, рэканструкцыя, сацыяльнае развіццё) пакрываліся за кошт прадпрыемства, які ўносіў толькі плацяжы ў бюджэт за вытворчыя фонды, зямлю, ваду і г. д. Тыя сродкі, што засталіся, пакідаліся ў распараджэнні прадпрыемстваў. Закон падаваў прадпрыемствам большую свабоду распараджацца сваім прыбыткам: укладваць яе ў развіццё вытворчасці, павышаць заработную плату работнікам і г. д. Прадугледжвалася абранне кіраўнікоў прадпрыемстваў, стварэнне саветаў працоўных калектываў.

Такім чынам, рэформа прадугледжвала перавод прадпрыемстваў на самастойнасць, самафінансаванне, самакіраванне, самаакупнасць. Галоўнай задачай рэформы быў абвешчаны пераход ад пераважна адміністрацыйных да пераважна эканамічных метадаў кіравання.

Аднак рэалізаваць такія маштабныя пераўтварэнні ў сістэме кіравання савецкай эканомікай не ўдалося. Неабходных умоў для ажыццяўлення рэформы створана не было: кіраўніцтва прадпрыемстваў не мела вопыту рэалізацыі прадукцыі, а пасрэдніцкія канторы і біржы пакуль адсутнічалі. Сувязі паміж прадпрыемствамі прымалі форму натуральнага абмену (бартэру) і не мелі ніякага дачынення да рынку.