§ 11–2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі

6. Праявы стагнацыі ў эканоміцы

З сярэдзіны 1970-х гг. усё ярчэй сталі выяўляцца сімптомы крызісных з'яў у эканоміцы, якія далі падставу характарызаваць 70-я – першую палову 80-х гг. ХХ ст. як перыяд «застою».

У эканоміцы Беларусі, як і ў цэлым у СССР, у другой палове 1970-х — пачатку 1980-х гг. пачаў выяўляцца механізм тармажэння сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Зніжэнне тэмпаў росту нацыянальнага даходу, прадукцыі прамысловасці і прадукцыйнасці працы сведчыла аб тым, што ў эканоміцы СССР, у тым ліку і БССР сталі нарастаць крызісныя з'явы.

Аб'ектыўнымі прычынамі страты савецкай эканомікай дынамізму былі сусветны энергетычны крызіс, які прывёў да зніжэння коштаў на энергарэсурсы (нафта, газ) і памяншэння валютных паступленняў ад іх продажу. Уплывала таксама гонка ўзбраенняў, у якую быў уцягнуты Савецкі Саюз у гады «халоднай вайны».

Развіццё краіны стрымлівала павольнае ўкараненне дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў вытворчасць і, як следства, захаванне экстэнсіўных метадаў гаспадарання, адсутнасць матэрыяльнага стымулявання вытворчасці (напрыклад, ўраўняльная аплата працы) і іншае. Суб'ектыўнай прычынай з'яўлялася імкненне савецкага кіраўніцтва захоўваць нязменнай існуючую палітычную сістэму, заснаваную на жорсткай цэнтралізацыі, усеўладдзі адной марксісцка-ленінскай ідэалогіі і камуністычнай партыі, якая сцвярджае, што толькі грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці здольная забяспечыць росквіт народа, краіны. У канчатковым выніку камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання, якая з'яўляецца эфектыўнай у крызісных умовах, усё больш уступала ў супярэчнасць з патрэбамі грамадскага развіцця.