§ 11–2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі
4. Эканамічныя рэформы і іх вынікі
Курс на дэмакратызацыю грамадства, абвешчаны ў сярэдзіне 1950-х гг., запатрабаваў сур'ёзнага перагляду эканамічнай палітыкі, змены жорстка цэнтралізаванай структуры кіравання прамысловасцю, аграрным сектарам.
Змены тычыліся, у першую чаргу, уздыму сельскай гаспадаркі з мэтай забеспячэння насельніцтва харчаваннем і лёгкай прамысловасці – сыравінай. Для гэтага пачалася распрацоўка новай аграрнай палітыкі, асновы якой былі зацверджаны КПСС у 1953 г. Для ўзмацнення матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў і рабочых былі павышаны закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, значна зніжаны нормы абавязковых паставак з асабістай падсобнай гаспадаркі, напалову паменшаны грашовы падатак, які спаганяецца з кожнага калгаснага двара. Змянілася сацыяльнае і прававое становішча калгаснікаў.
Прынятыя савецкім кіраўніцтвам меры па развіцці аграрнага сектара ў цэлым спрыялі ўмацаванню эканомікі калгасаў і саўгасаў, росту вытворчасці сельгаспрадукцыі. Новыя падыходы да развіцця аграрнай вытворчасці сталі даваць першыя, станоўчыя вынікі. Ужо ў 1954 г. быў перавыкананы план развіцця жывёлагадоўлі рэспублікі, а ў 1955 г. калгасы датэрмінова выканалі план хлебазагатовак. Аднак сельская гаспадарка значна адставала ў сваім развіцці ад прамысловасці.
Адной з найбольш значных гаспадарчых рэформ пасляваеннага перыяду стала спроба пераходу ад галіновага да тэрытарыяльнага прынцыпу кіравання прамысловасцю. У траўні 1957 г. былі створаны Саветы народнай гаспадаркі (Саўнаргасы), што замянілі сабой частку міністэрстваў. Такім чынам, пры захаванні адзінай планавай палітыкі ў развіцці народнай гаспадаркі кіраванне прамысловасцю ад цэнтра было часткова перададзена саюзным рэспублікам.
У БССР існаваў адзін Саўнаргас. Гэтая рэформа значна пашырыла самастойнасць і ініцыятыву рэспублікі і садзейнічала ўздыму развіцця прамысловасці і будаўніцтва. Савету народнай гаспадаркі БССР было перададзена звыш 50 прадпрыемстваў. Мясцовая прамысловасць атрымала стымул для развіцця, але навукова-даследчыя і праектна-канструктарскія ўстановы апынуліся падпарадкаваныя розным саўнаргасам. Гэта ўскладніла правядзенне адзінай навукова-тэхнічнай палітыкі і ўкараненне новай тэхнікі.
На першым этапе рэформа дала імпульс развіццю эканомікі – выраслі тэмпы росту нацыянальнага даходу, былі сэканомлены значныя сродкі за кошт змяншэння бюракратычнага апарату. Аднак у сілу абмежаванасці прадпрымаемых мер вызначальнай тэндэнцыяй стала аднаўленне ранейшай сістэмы кіравання.
З пачатку 1960-х гг. эканамічная сітуацыя стала пагаршацца: знізіліся прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць прадпрыемстваў, даходы насельніцтва; паменшыўся прырост рознічнага тавараабароту.
У 1965 г. Старшыня Савета Міністраў А. М. Касыгін ініцыяваў гаспадарчую рэформу. Была зменена сістэма нарыхтовак сельгаспрадукцыі – уведзены пяцігадовы план на пяць гадоў для кожнага калгаса, саўгаса, раёна, вобласці, рэспублікі; у 1,5—2 разы былі павышаны закупачныя цэны; за здадзеную прадукцыю звыш плана уводзілася 50 %-ная надбаўка да цаны; былі зняты абмежаванні на ўтрыманне жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; павялічаны пастаўкі тэхнікі; уведзены пенсіі і гарантаваны ўзровень заробкаў для калгаснікаў.
Рэформа першапачаткова дала станоўчыя вынікі. Павышалася культура земляробства, знізілася вастрыня харчовага пытання. Палепшылася механізацыя вытворчых працэсаў у аграрным сектары. Усё гэта спрыяла пэўнаму павышэнню эфектыўнасці сельскай гаспадаркі.
Была праведзена рэформа кіравання прамысловай вытворчасцю, часта званая «касыгінскай», у ходзе якой разам з адміністрацыйнымі метадамі меркавалася задзейнічаць эканамічныя рычагі. У прамысловасці ліквідавалі саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах, уводзіўся гасразлік. За кошт адлічэння ад прыбытку прадпрыемства маглі ствараць грашовыя фонды для развіцця вытворчасці, сацыяльнай сферы, жыллёвага будаўніцтва і матэрыяльнага заахвочвання. У 1968—1969 гг. у рэспубліцы пачаўся масавы перавод прамысловых прадпрыемстваў на новую сістэму. Да канца 1970 г. на гаспадарчы разлік у БССР было пераведзена 1559 прадпрыемстваў або 83 % іх агульнай колькасці.
Такім чынам рашэння сакавіцкага і вераснёўскага пленумаў ЦК КПСС 1965 г. паклалі пачатак буйнамаштабнай эканамічнай рэформе, якая была накіравана на ўзмацненне эканамічных метадаў кіравання народнай гаспадаркай.
На першым этапе эканамічная рэформа апынулася эфектыўнай. Восьмая пяцігодка (1965—1970 гг.) па большасці паказчыкаў была выкананая. Валавая прадукцыя прамысловасці БССР вырасла на 79 % пры плане 70 %. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся галіны, якія вызначалі тэхнічны прагрэс — хімічная, асабліва вытворчасць угнаенняў і штучных валокнаў, прыборабудаванне і электроніка. У аграрным сектары рэспублікі былі пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. Вырасла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі.
Але эканамічная рэформа не мела працягу і далейшых пераўтварэнняў, і ў пачатку 1970-х гг. яна была фактычна згорнутая.
Увесну 1973 г. у гаспадарчым жыцці СССР намеціўся чарговы этап пераўтварэнняў у сістэме кіравання прамысловым патэнцыялам краіны, які часам называюць другой «касыгінскай рэформай». Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 2 сакавіка 1973 г. «Аб некаторых мерапрыемствах па далейшым удасканаленні кіравання прамысловасцю» прадугледжвалася паляпшэнне арганізацыі кіравання шляхам узбуйнення прадпрыемстваў, стварэння вытворчых аб'яднанняў ( камбінатаў), ліквідацыя шматступеннасці ў кіраванні галінамі і пераход на двух- і трохзвённую структуры кіравання шляхам стварэння ўсесаюзных прамысловых і вытворчых аб'яднанняў. Цяпер асноўнай формай арганізацыі прамысловасці стала аб'яднанне — вытворчае, прамысловае або навукова-вытворчае.
Разам з тым захавалася адміністрацыйная сістэма кіравання ўступала ва ўсё большую супярэчнасць з развіццём прадукцыйных сіл, з патрабаваннем навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Пачынаючы з 1970-х гг. экстэнсіўны шлях развіцця эканомікі за кошт прыросту рэсурсаў стаў усё больш цяжкім.
У канцы 1970-х гг. савецкае кіраўніцтва пад ціскам складанай эканамічнай сітуацыі вымушана было зноў вярнуцца да ідэі гаспадарчай рэформы, якую называюць трэцяй «касыгінскай рэформай». Пачаткам чарговага этапу рэформы варта лічыць выхад пастановы ЦК КПСС «Аб далейшым удасканаленні гаспадарчага механізму і задачах партыйных і дзяржаўных органаў», а таксама сумеснай пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 12 ліпеня 1979 г. «Аб паляпшэнні планавання і ўзмацненні ўздзеяння гаспадарчага механізму на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і якасці працы».
У цэлым у гэтых пастановах прайграваліся асноўныя палажэнні гаспадарчай рэформы 1965 г., якія датычыліся прынцыпаў гасразліку, аднак ўтрымлівалі новую ідэю ўсеагульнай стандартызацыі і ўніфікацыі кіравання прадпрыемствамі, шляхам прывядзення ўсёй вытворчай, фінансавай і камерцыйнай дзейнасці ў сістэму са строга вызначанымі нарматывамі і правіламі. Прадугледжвалася ўзмацненне як гасразліковых адносін, так і іх антыпода — дырэктыўнага планавання.
Пасля прыходу да ўлады новага савецкага лідара Ю. В. Андропава (1983—1984 гг.) было вырашана правесці шырокамаштабны эксперымент. Для гэтага былі вылучаныя некаторыя галіны і буйныя прадпрыемствы ў шэрагу рэспублік СССР. На іх уводзілася залежнасць заробку ад прыбытку, прычым прадпрыемствы самі маглі ўсталёўваць цэны і распрацоўваць узоры прадукцыі. Гэта быў пашыраны варыянт гасразліку. Пачалася адкрытая эканамічная дыскусія, распрацоўка плана пераўтварэнняў. Прадугледжвалася «павышэнне ролі працоўных калектываў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі», іншымі словамі — іх самастойнасці. Настойліва казалі аб прывязцы прадукцыйнасці і вынікаў працы да заработнай платы і іншых форм матэрыяльнага заахвочвання. Меркавалася пашырэнне і павелічэнне колькасці асабістых прысядзібных гаспадарак, падсобных гаспадарак пры прадпрыемствах.
Андропаў лічыў, што неабходна забяспечыць паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР — пераважна шляхам навядзення дысцыпліны на кожным працоўным месцы, барацьбы з карупцыяй. Былі больш жорсткімі меры працоўнай дысцыпліны з мэтай выявіць прагульшчыкаў і дармаедаў. Пачалася барацьба са спекуляцыяй і непрацоўнымі крыніцамі даходу. Сталі больш жорсткімі меры барацьбы з карупцыяй і злоўжываннем у гандлі. Андропаў настойваў на нарошчванні вытворчасці айчыннай прадукцыі і абмежаванні імпарту.