§ 11–2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі

3. Матэрыяльны дабрабыт насельніцтва

З сярэдзіны 1950-х гг. у БССР, як і ва ўсёй савецкай краіне адбываецца істотны рост матэрыяльнага і культурнага ўзроўню шырокіх слаёў насельніцтва. Была значна павялічаная доля нацыянальнага даходу, якая выдаткоўвалася на сацыяльныя патрэбы грамадства.

У гэты перыяд мела месца павышэнне рэальных даходаў як гарадскога, так і сельскага насельніцтва. Яны характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт і паслуг, набываемых насельніцтвам, з улікам змены рознічных коштаў і выдаткаў на выплату падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў. Да канца 50-х гг. у параўнанні з 1950 г. рэальныя даходы рабочых і служачых выраслі на 60 %, калгаснікаў — на 90 %. Рэальныя даходы насельніцтва – абагульняючы паказчык узроўню жыцця народа.

У 1965 г. мінімальная зарплата склала 45—50 руб., а ў 1968 г. – 60 руб. за месяц. Важнае значэнне мелі пашырэнне льгот інвалідам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Развіваліся такія формы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, як дапамога шматдзетным і адзінокім маці, утрыманне на сродкі дзяржавы састарэлых грамадзян. Быў прыняты закон аб пенсіях, які ўсталяваў адзін з самых нізкіх у свеце ўзроставы цэнз. Павялічыліся памеры пенсій і пашырыўся круг пенсіянераў. З 1964 г. упершыню ўсталёўваліся дзяржаўныя пенсіі калгаснікам па старасці і інваліднасці . З 1966 г. уводзілася гарантаваная аплата працы калгаснікаў.

Істотную ролю адыгрывалі грамадскія фонды спажывання — частка фонду спажывання, якая выкарыстоўвалася для задавальнення патрэб насельніцтва звыш фонду аплаты па працы, г. зн. бясплатна або на льготных умовах. З іх выплачваліся пенсіі, дапамогі, стыпендыі, праводзілася аплата пуцёвак у санаторыі, піянерскія лагеры, за ўтрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, фінансавалася адукацыя і г. д. У 1967 г. выплаты з гэтых фондаў насельніцтву Беларусі ў параўнанні з 1958 г. падвоіліся.

У канцы 50-х — 60-я гг. ХХ ст. у СССР і саюзных рэспубліках высокімі тэмпамі разгортвалася масавае жыллёвае будаўніцтва. За 1959—1965 гг. у рэспубліцы было пабудавана 15,6 млн м2 жылой плошчы — у 2,2 разы больш, чым за папярэднія сем гадоў. Акрамя таго, за гэты перыяд у сельскай мясцовасці было пабудавана 145, 4 тыс. дамоў.

Важным паказчыкам росту матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва БССР стала развіццё ў 50-60-я гг. ХХ ст. сферы абслугоўвання, якая ўключала ў сябе гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі, жыллёва-камунальную гаспадарку, а таксама ахову здароўя, турызм, спорт, адукацыю і г. д. Рознічны тавараабарот дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю рэспублікі толькі за 1951–1958 гг. павялічыўся больш, чым у 2 разы. Многа ўвагі стала надавацца будаўніцтву і абсталяванню прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. У 1959—1965 гг. на гэтыя мэты ў Беларусі было выдаткавана столькі, колькі за папярэднія 15 гадоў.

Рост рэальных даходаў насельніцтва прывёў да так званай «спажывецкай рэвалюцыі». У паўсядзённым жыцці больш шырока стала выкарыстоўвацца бытавая тэхніка: пыласосы, пральныя машыны, кухонныя камбайны, электра- і газавыя пліты, халадзільнікі. У карыстанні насельніцтва знаходзілася значная колькасць аўтамабіляў.

Неад'емнай часткай побыту станавіліся модная вопратка і абутак. З'яўленне новых відаў сінтэтычных матэрыялаў дазволіла асвоіць вытворчасць адзення і бялізны з капрону, нейлону, штучнага футра. Аднак айчынная лёгкая прамысловасць не магла задаволіць большыя патрэбы насельніцтва ў сувязі з невысокай якасцю прадукцыі.

У 1970-я — першай палове 1980-х гг. асаблівым попытам карысталіся імпартныя рэчы, аднак іх не хапала для поўнага задавальнення спажывецкага попыту. Некаторыя тавары народнага спажывання (мэбля, крышталь, дываны, посуд, бытавая тэхніка) імгненна знікалі з прылаўкаў крам, у той час як склады былі заваленыя нехадавымі таварамі.

У 70-я гг. — першай палове 80-х гг. ХХ ст. савецкім кіраўніцтвам прымаліся пэўныя меры па рашэнні сацыяльных задач. Былі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады на вытворчасці. Сярэднямесячная зарплата рабочых і служачых БССР вырасла на 63 % і склала 173 руб. у месяц, аплата працы калгаснікаў — 154 руб. у месяц (па СССР адпаведна 190 і 153 рубля).

Некалькі палепшылася забеспячэнне насельніцтва за кошт грамадскіх фондаў спажывання. Рост грашовых даходаў насельніцтва садзейнічаў росту яго пакупніцкай здольнасці. Аднак інфляцыйныя працэсы, якія выявіліся ў гэты перыяд, вялі да павышэння рознічных цэн не толькі на «прэстыжныя» тавары (крышталь, ювелірныя вырабы, дываны і інш.), але і на прадукты харчавання. Абвастрыліся многія сацыяльныя праблемы: жыллёвая, аховы здароўя, экалагічная і іншыя.