§ 11–2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі

2. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аграрнага сектара эканомікі

Важнай умовай паспяховай рэалізацыі харчовай бяспекі з'яўлялася ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі і звязаных з ім галін на аснове далейшага развіцця механізацыі вытворчасці.

У гэтых умовах павысілася роля сферы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння як пасрэдніка паміж галінамі аграпрамысловага комплексу, якія вырабляюць матэрыяльна-тэхнічныя сродкі, з аднаго боку, сельскай гаспадаркай і харчовай прамысловасцю – з другога. Гэтая сфера аказвала большы ўплыў на фарміраванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы галін, рост прадукцыйнасці працы работнікаў.

З сярэдзіны 1950-х гг. дасягненні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі закранулі сельскую гаспадарку Беларусі. Паляпшалася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аграрнага сектара, яго энергаўзброенасць.

З 1960-х гг. у рэспубліцы шырока праводзіліся меліярацыйныя работы. Землі, якія падвергліся меліярацыі, давалі амаль 1/3 усёй прадукцыі раслінаводства і 40 % кармоў. Меліярацыя спрыяла нарошчванню валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.

З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аграрнага сектара ў 1962 г. у СССР былі павышаны закупачныя цэны на мяса на 35 %, алей — на 25 %. Адначасова былі зніжаны цэны на грузавыя аўтамабілі для вёскі на 17 %, на трактары — на 9 %, на запчасткі для іх і паліва – на 40 %.

Інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі садзейнічала і хімізацыя — больш шырокае выкарыстанне мінеральных угнаенняў, вапнаванне кіслых глеб. Гэта садзейнічала павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, хоць у вядомай ступені выклікала і новыя экалагічныя праблемы, звязаныя з забруджваннем глебы, рэк і вадаёмаў.

У перыяд 1966—1970 гг. у рэспубліцы ішло інтэнсіўнае будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў у жывёлагадоўлі. Усё гэта спрыяла павышэнню прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі. У выніку хуткага ўкаранення ў сельскую гаспадарку рэспублікі дасягненняў НТП, інтэнсіўных тэхналогій, паглыблення спецыялізацыі, развіцця кааперацыі і інтэграцыі аграрная галіна пачала развівацца даволі эфектыўна.

Аднак рост вытворчых выдаткаў, якія не папаўняліся закупачнымі цэнамі і іншымі крыніцамі, прывёў да канца 80-х гг. да пагаршэння эканамічнага становішча ў калгасах і саўгасах БССР, стаў адной з найважнейшых прычын зніжэння тэмпаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Спробы вырашыць праблемы сельскай гаспадаркі толькі шляхам павелічэння матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння не прынеслі чаканых вынікаў. Тэмпы роста аграпрамысловага сектара замарудзіліся. Адбылося адступленне ад прынятых рашэнняў як у ажыццяўленні эканамічных мерапрыемстваў, так і ў планаванні сельскагаспадарчай вытворчасці, кіраўніцтве ім. Нягледзячы на пэўныя поспехі, дасягнутыя за 1970—1985 гг., утварылася ўстойлівая тэндэнцыя на зніжэнне тэмпаў росту па ўсіх эканамічных паказчыках.