*§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў

Паняцце пра ўзаемадзеянне фактараў асяроддзя

У асяроддзі пражывання экалагічныя фактары не толькі ўплываюць на арганізмы, але і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Пры гэтым назіраецца ўзмацненне ці аслабленне сілы ўздзеяння на арганізм аднаго фактару пад уплывам іншага. У выніку абсалютная сіла ўздзеяння фактару, якая вымяраецца з дапамогай адпаведнага прыбора, не роўная сіле ўздзеяння фактару, якая ўспрымаецца арганізмам. Напрыклад, добра вядома, што высокую тэмпературу лягчэй пераносіць пры нізкай, а не пры высокай вільготнасці паветра, таму што высокая вільготнасць перашкаджае выпарэнню поту. Пагроза абмаражэння вышэйшая на марозе з моцным ветрам, чым у зацішнае надвор’е. Такім чынам, адзін і той жа фактар у спалучэнні з іншымі аказвае неаднолькавае экалагічнае ўздзеянне на арганізм. І наадварот, адзін і той жа экалагічны эфект для арганізма можа быць дасягнуты рознымі шляхамі. Напрыклад, хуткасць фотасінтэзу пры слабой асветленасці можа быць павялічана дадатковым асвятленнем ці павышэннем канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў паветры.

Усе прыведзеныя прыклады служаць доказам узаемадзеяння фактараў асяроддзя. У прыродным асяроддзі ў выніку ўзаемадзеяння розных фактараў іх уздзеянне на арганізм можа кампенсавацца, падсумоўвацца і ўзаемна ўзмацняцца.