Печатать книгуПечатать книгу

*§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў

  • Успомніце, як змяняецца жыццядзейнасць арганізма пры змяненні сілы ўздзеяння экалагічнага фактару.
  • Як вы думаеце? Ці можа адзін фактар асяроддзя ўплываць на іншы і пры гэтым змяняць сілу ўздзеяння на арганізм?
  • Вы даведаецеся пра розныя тыпы ўзаемадзеяння экалагічных фактараў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 3—1. Узаемадзеянне экалагічных фактараў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 13 Июль 2025, 07:05

Прэамбула

Зыходзячы з апісаных раней заканамернасцей уздзеяння фактараў асяроддзя на арганізм, можна прадбачыць рэакцыю арганізма на пэўную сілу ўздзеяння фактару. Аднак у прыродзе ўсе фактары асяроддзя ўздзейнічаюць на арганізм адначасова і з рознай сілай. Пры гэтым сіла ўздзеяння асобнага фактару залежыць ад спалучэння і колькаснага значэння сілы ўздзеяння іншых фактараў.

Паняцце пра ўзаемадзеянне фактараў асяроддзя

У асяроддзі пражывання экалагічныя фактары не толькі ўплываюць на арганізмы, але і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Пры гэтым назіраецца ўзмацненне ці аслабленне сілы ўздзеяння на арганізм аднаго фактару пад уплывам іншага. У выніку абсалютная сіла ўздзеяння фактару, якая вымяраецца з дапамогай адпаведнага прыбора, не роўная сіле ўздзеяння фактару, якая ўспрымаецца арганізмам. Напрыклад, добра вядома, што высокую тэмпературу лягчэй пераносіць пры нізкай, а не пры высокай вільготнасці паветра, таму што высокая вільготнасць перашкаджае выпарэнню поту. Пагроза абмаражэння вышэйшая на марозе з моцным ветрам, чым у зацішнае надвор’е. Такім чынам, адзін і той жа фактар у спалучэнні з іншымі аказвае неаднолькавае экалагічнае ўздзеянне на арганізм. І наадварот, адзін і той жа экалагічны эфект для арганізма можа быць дасягнуты рознымі шляхамі. Напрыклад, хуткасць фотасінтэзу пры слабой асветленасці можа быць павялічана дадатковым асвятленнем ці павышэннем канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў паветры.

Усе прыведзеныя прыклады служаць доказам узаемадзеяння фактараў асяроддзя. У прыродным асяроддзі ў выніку ўзаемадзеяння розных фактараў іх уздзеянне на арганізм можа кампенсавацца, падсумоўвацца і ўзаемна ўзмацняцца.

Кампенсаванне фактараў асяроддзя

Для арганізма кампенсацыя фактараў асяроддзя найбольш прыметная ў межах экасістэмы. Менавіта ў экасістэме ўзмацненне ці аслабленне сілы ўздзеяння аднаго фактару можа кампенсаваць недахоп ці лішак сілы ўздзеяння іншага фактару. Напрыклад, для раслін зніжэнне тэмпературы можа часткова кампенсаваць недахоп вільгаці ў глебе. Гэта адбываецца ў выніку аслаблення транспірацыі і памяншэння расходавання вады раслінамі пры нізкай тэмпературы.

Узаемная кампенсацыя фактараў мае межы і цалкам замяніць адзін з неабходных арганізму фактараў іншым немагчыма. Напрыклад, зялёную расліну нельга вырасціць у поўнай цемнаце нават пры самай высокай канцэнтрацыі вуглякіслага газу. Яна не будзе расці на дыстыляванай (якая не змяшчае мінеральных рэчываў) вадзе пры самым аптымальным светлавым і цеплавым рэжыме. Гэта заканамернасць атрымала назву прынцыпу незаменнасці фактараў: дзеянне аднаго фактару можа быць зменена іншым, але не заменена ім.

Падсумоўванне фактараў асяроддзя

Прыкладам простага падсумоўвання фактараў з’яўляецца адначасовае неспрыяльнае ўздзеянне на чалавека і жывёл недахопу вады і высокай тэмпературы. Пры недастатковым паступленні вады адбываецца абязводжванне арганізма. Пры высокай тэмпературы паветра павялічваецца потааддзяленне (выпарэнне вады пакровамі цела), у выніку якога арганізм таксама абязводжваецца. Пры адначасовым дзеянні гэтых двух фактараў дэфіцыт вады ў арганізме будзе роўны суме аб’ёмаў вады, якая была недаатрымана шляхам піцця, і вады, якая выпарылася пры потааддзяленні. 

Узаемнае ўзмацненне фактараў асяроддзя

Экалагічныя фактары могуць узаемна ўзмацняць дзеянне адзін аднаго. Прыкладам можа служыць адначасовае неспрыяльнае ўздзеянне на арганізм чалавека радыеактыўнага выпраменьвання і павышанага ўтрымання нітратаў у пітной вадзе. У гэтым выпадку значна павялічваецца пагроза здароўю ў параўнанні з уздзеяннем кожнага з гэтых фактараў паасобку. Таксама вам добра вядома, што вецер узмацняе ўздзеянне нізкай тэмпературы на арганізмы.

Такім чынам, улічваючы ўзаемадзеянне фактараў асяроддзя, трэба памятаць, што сіла дзеяння фактару, якая вымяраецца прыборам, не заўсёды роўная той сіле, з якой ён уздзейнічае на арганізм. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння арганізма і асяроддзя пражывання трэба кіравацца рэакцыяй арганізма ў адказ, гэта значыць жыццядзейнасцю арганізма. Менавіта яна з'яўляецца адлюстраваннем сілы ўздзеяння асобных фактараў, якая фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння фактараў.

Паўторым галоўнае. У прыродзе ўсе фактары асяроддзя ўздзейнічаюць на арганізм як адзіны комплекс. Уздзеянне асобнага фактару залежыць ад спалучэння і колькаснага значэння абсалютнай сілы іншых фактараў. Пры ўзаемадзеянні фактараў асяроддзя адзін з адным іх уздзеянне на арганізм можа кампенсавацца, падсумоўвацца і ўзаемна ўзмацняцца. Кампенсацыя фактараў мае межы. Цалкам замяніць адзін з неабходных арганізму фактараў іншым немагчыма — тут дзейнічае прынцып «незаменнасці фактараў».

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Што такое кампенсацыя ўздзеяння фактару на арганізм пад уплывам іншых фактараў асяроддзя? Прывядзіце прыклады.
2. Якія з названых ніжэй фактараў могуць узмацняць успрыманне холаду: высокая вільготнасць, слабы вецер, воблачнасць, нізкая вільготнасць, моцны вецер?
3. Назавіце комплекс фактараў асяроддзя, пры якім лягчэй пераносіцца высокая тэмпература.

    Складаныя пытанні

1. У чым заключаецца сутнасць прынцыпу «незаменнасці фактараў»? Прывядзіце прыклады, якія пацвярджаюць дадзены прынцып.
2. Пакажыце адрозненні паміж падсумоўваннем фактараў і іх узаемаўзмацненнем. Прывядзіце прыклады.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Правядзіце назіранне за вашым успрыманнем адной і той жа тэмпературы паветра пры розным спалучэнні кліматычных фактараў (вільготнасць, вецер, асветленасць). Параўнайце вашы адчуванні і вызначыце, якія з фактараў і ў які бок змяняюць абсалютную сілу ўздзеяння тэмпературы на ваш арганізм.