§ 10–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.
4. Уплыў сусветнага эканамічнага крызісу. Працоўная эміграцыя
Спад прамысловай вытворчасці, які быў выкліканы сусветным эканамічным крызісам і зацягнуўся ў польскай эканоміцы фактычна да 1935 г., справакаваў значны рост беспрацоўя. На тэрыторыі Заходняй Беларусі на кожнага працоўнага прамысловага рабочага прыходзіўся адзін беспрацоўны. У 1931 г. у Заходняй Беларусі было каля 700 тыс. беспрацоўных (у прамысловасці і сельскай гаспадарцы). Значную частку беспрацоўных у гарадах Заходняй Беларусі складалі маладыя нізкакваліфікаваныя рабочыя, якія звальняліся ў першую чаргу падчас крызісу. Многія прадстаўнікі гарадской моладзі нават не мелі магчымасці пачаць сваю кар'еру, што звычайна прыводзіла да маргіналізацыі маладых гараджан.
Істотнай праблемай была нізкая заработная плата рабочых як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці Заходняй Беларусі. Пасля адноснай эканамічнай стабілізацыі, якая пачалася з 1935 г., сітуацыя ў сферы заработнай платы кардынальна не змянілася.
Узровень жыцця значнай часткі насельніцтва вобласці быў даволі нізкім. Не было належным чынам арганізаванай сістэмы аховы здароўя. Па стане на 1 студзеня 1938 г. у Віленскім ваяводстве налічвалася 37 бальніц. Не хапала лекараў. Адным з наступстваў сітуацыі, якая склалася, стаў дрэнны стан здароўя насельніцтва. Варта таксама адзначыць, што сістэма сацыяльных выплат па хваробе ў Заходняй Беларусі знаходзілася ў зачаткавым стане. Тое ж самае тычылася і пенсійнай сістэмы.
Складаная эканамічная сітуацыя выклікала адток працаздольнага насельніцтва з Заходняй Беларусі ў Аргенціну, ЗША, Канаду і Бразілію. Невялікая колькасць эмігрантаў выехала ў еўрапейскія краіны, у асноўным у Францыю. Асноўную масу эмігрантаў складалі сяляне (57 %) і рабочыя (11 %). Усяго па розных ацэнках за 1921—1938 гг. у цэлым Заходнюю Беларусь пакінула ад 120 да 150 тыс. чалавек.
Такім чынам, варта адзначыць, што эканамічнае становішча заходнебеларускіх ваяводстваў, нягледзячы на пэўныя меры, прынятыя польскімі ўладамі, заставалася цяжкім на працягу ўсяго міжваеннага перыяду. Гэта было звязана з шэрагам аб'ектыўных прычын: першапачатковая эканамічная адсталасць, ваенная разруха, цяжкія наступствы глабальнага эканамічнага крызісу. Таксама варта ўлічваць і тое, што польскія ўлады праводзілі палітыку ў інтарэсах заможнай меншасці насельніцтва і надавалі больш увагі праблемам развіцця ўласна польскіх зямель, а не тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў.