§ 10–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.
3. Праблемы прамысловага развіцця
Прамысловасць Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд перажывала не самыя лепшыя часы. На яе развіцці адмоўна адбілася эканамічная разруха, выкліканая ваеннымі падзеямі Першай сусветнай і польска-савецкай войнаў. Таксама негатыўны ўплыў мела і пераарыентацыя на польскі і заходнееўрапейскі рынкі, на якіх мясцовыя тавары вельмі часта не вытрымлівалі канкурэнцыі. Перашкодай для нармальнага функцыянавання прамысловасці з'яўлялася слабое развіццё транспартнай сеткі ў рэгіёне. Значна пацярпела заходнебеларуская прамысловасць у выніку сусветнага эканамічнага крызісу.
Усё гэта вяло да памяншэння колькасці прамысловых прадпрыемстваў і прамысловых рабочых. У параўнанні з усёй Польшчай прамысловасць Заходняй Беларусі выглядала вельмі сціпла. У 1926 г. агульная колькасць прамысловых прадпрыемстваў у Заходняй Беларусі складала 6,8 % ад агульнай колькасці ў Польшчы — 1 403 прадпрыемствы. Пры гэтым большую частку з іх складалі малыя прадпрыемствы. Агульная колькасць прамысловых рабочых у трох заходнебеларускіх ваяводствах у гэты перыяд складала толькі 1,4 % ад усіх рабочых у тагачаснай польскай дзяржаве — усяго 5 954 чалавекі.
Найважнейшымі прадпрыемствамі рэгіёна, у тым ліку і з пункту гледжання экспарту, былі будаўнічае прадпрыемства князя Друцкага-Любецкага ў Гродне і тытунёвая фабрыка ў Вільні.
У 1930-я гг. эканоміка Заходняй Беларусі працягвала захоўваць аграрны характар. Калі характарызаваць асобныя галіны заходнебеларускай прамысловасці, то варта адзначыць, што найбольшая па колькасці занятых харчовая прамысловасць была прадстаўлена пераважна невялікімі млынамі (714 прадпрыемстваў). Адносна вялікімі па ліку рабочых былі 5 кансервавых і 19 цукровых заводаў. Дрэваапрацоўчая галіна была прадстаўлена прадпрыемствамі першаснай дрэваапрацоўкі: у трох заходнебеларускіх ваяводствах налічвалася 152 лесапільні. Пэўнае развіццё атрымала вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, у першую чаргу цэглы. У хімічнай прамысловасці дзейнічалі невялікія прадпрыемствы па вытворчасці тлушчаў і дзёгцю, пры гэтым прадпрыемствы па вытворчасці штучных угнаенняў адсутнічалі.
За час знаходжання ў складзе Польшчы Заходняя Беларусь займала апошняе месца па колькасці электрастанцый. Так, у 1925 г. тут налічвалася 32 электрастанцыі, з іх толькі 13 станцый абслугоўвалі патрэбы насельніцтва. Да 1929 г. колькасць электрастанцый вырасла да 39 з якіх толькі 15 абслугоўвалі патрэбы насельніцтва, а астатнія выкарыстоўваліся для забеспячэння чыгуначнага транспарту.
З-за нізкага ўзроўню прамысловай вытворчасці значную ролю ў эканамічным жыцці рэгіёна працягвалі адыгрываць народныя промыслы і рамёствы сельскага насельніцтва. Вядома, што большасць тканін, якімі карысталася насельніцтва, былі вырабамі хатняй вытворчасці. Драўляны і гліняны посуд быў звычайнай з'явай на гарадскіх кірмашах. Існавалі нават населеныя пункты, якія спецыялізаваліся ў дадзенай галіне і мелі сваю асаблівую тэхналогію вытворчасці. З мэтай развіцця традыцыйных народных промыслаў у 1925 г. у Вільні было створана Таварыства развіцця народных промыслаў, затым падобнае таварыства было створана ў Наваградку і ў Брэсце. Пры гэтых грамадствах існавалі спецыяльныя кааператыўныя арганізацыі — кірмашы народных промыслаў, якія спрыялі развіццю працэсу вытворчасці і продажу прадукцыі саматужных і рамесных промыслаў.
У міжваенны перыяд актыўнай распрацоўцы падвяргаліся лясы Заходняй Беларусі. Лясныя багацці заходнебеларускіх ваяводстваў падвяргаліся сур'ёзнай эксплуатацыі, а папаўненне лясных рэсурсаў было нашмат ніжэй, чым у сярэднім па Польшчы. Таксама аграрныя рэформы суправаджаліся перамяшчэннем значнай часткі сялянскіх гаспадарак і, як следства, павелічэннем высечкі лясоў у будаўнічых мэтах.