§ 10–3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі
3. Палітыка ліквідацыі кулацтва як класа
Да пачатку суцэльнай калектывізацыі ў партыйным кіраўніцтве зацвердзілася меркаванне, што перашкодай калгаснаму руху будзе заможная праслойка вёскі – кулакі, а таксама «падкулачнікі», якія падтрымліваюць іх. Да кулацкіх гаспадарак былі аднесены тыя, што мелі ў сваім карыстанні зямельны надзел, памер якога перавышаў сярэднія нормы ў дадзенай мясцовасці, больш за трох коней, сістэматычна выкарыстоўвалі наёмную працу ў сельскай гаспадарцы, на прыватных промыслах і прадпрыемствах. Таксама мелі млыны, алейні, сыраварні, сушылкі для садавіны і агародніны або іншыя прамысловыя прадпрыемствы з механічным рухавіком, здавалі ў наём сельскагаспадарчыя машыны, асобныя памяшканні пад жыллё або прадпрыемства, мелі даходы з гандлю.
Гэтая сацыяльная група ўспрымалася партыйнай ідэалогіяй як класавыя ворагі і праціўнікі савецкай улады. Да таго ж існаванне кулакоў супярэчыла афіцыйнай ідэалогіі. Пабудова сацыялізму не дапускала існавання буржуазіі ні ў якім выглядзе.
У снежні 1929 г. І. В. Сталін заклікаў ліквідаваць кулацтва як клас. Пачалася паўсюдная ліквідацыя індывідуальных сялянскіх гаспадарак і перадача іх уласнасці — зямлі, тэхнікі і жывёлы — калгасам. Адначасова ўзнік тэрмін «раскулачванне». Сэнс такой палітыкі — пазбавіць кулакоў сродкаў вытворчасці і магчымасці эксплуатаваць сялян, а таксама прыцягнуць іх да прадукцыйнай працы. Кулакі былі падзеленыя на тры катэгорыі: першая — контррэвалюцыйны актыў: кулакі, якія процідзейнічалі калектывізацыі, пакідалі месца жыхарства і пераходзілі на нелегальнае становішча; другая — найбольш багатыя кулакі, якія з'яўляліся апорай антысавецкага актыву; трэцяя — астатнія. На практыцы адзначаліся неаднаразовыя выпадкі, калі ў трэцюю катэгорыю ўключалі і так званых падкулачнікаў, г. зн. сераднякоў, беднякоў і нават парабкаў, абвінавачаных у антыкалгасных дзеяннях.
Раскулачванне меркавала прымусовае перасяленне ў іншыя вобласці і рэспублікі разам з маёмасцю і сям'ёй. Раскулачванне набыло характар прамога рабавання і здзеку над асобай селяніна. Частка маёмасці раскулачаных даставалася бядняцкім слаям вёскі.
На падставе пастановы ЦК ВКП(б) ад 30 студзеня 1930 г. «Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі» пачалося раскулачванне. Да канца 1930-х гг. у БССР было раскулачана звыш 34 тыс. сялянскіх гаспадарак. За межы рэспублікі былі высланыя 6 тыс. кулакоў. У выніку пачаліся адкрытыя пратэсты сялян. У Беларусі ў 1930 г. было больш за 500 сялянскіх выступленняў.