§ 10–2. Індустрыялізацыя
5. Вынікі ажыццяўлення індустрыялізацыі
Вынікамі правядзення сталінскага плана індустрыялізацыі стала стварэнне сучаснай на той момант матэрыяльна-тэхнічнай базы ў прамысловасці. Гэта забяспечыла будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў СССР, у тым ліку і БССР.
Беларуская ССР з аграрнай ускраіны былой Расійскай імперыі пераўтварылася ў рэспубліку з развітой прамысловасцю. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны 80 % усёй прадукцыі народнай гаспадаркі рэспублікі прыходзілася на прамысловасць, якая выпускала складаныя металаапрацоўчыя станкі, сельскагаспадарчыя машыны, рухавікі, турбіны, радыятары, чыгунныя трубы, радыёпрыёмнікі, цэмент, штучны шоўк, прадукцыю лесахіміі, фанеру, паперу, мэблю, абутак, ільняныя, ваўняныя і баваўняныя тканіны, трыкатажныя, швейныя вырабы і інш.
У СССР зацвердзіўся індустрыяльны тып грамадства. Павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва, што азначала ўрбанізацыю. Палепшыліся матэрыяльныя ўмовы жыцця савецкіх людзей. Было ліквідавана беспрацоўе, адменена картачная сістэма на прамысловыя і харчовыя тавары. Таксама быў дасягнуты высокі ўзровень адукацыі, навукі, культуры.
Істотна змянілася Сацыяльная структура грамадства, значна вырасла доля працоўнага класа ў агульнай структуры насельніцтва. У БССР згодна з Усесаюзным перапісам насельніцтва 1939 г. ён складаў 21,9 %. Больш шматлікай стала інтэлігенцыя, дасягнуўшы 14,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва Рэспублікі.
Прамысловая мадэрнізацыя забяспечыла будаўніцтва ў краіне дзяржаўнай мадэлі сацыялізму, як яго характарызуюць сучасныя гісторыкі. У эканамічнай галіне ўсталявалася адзіная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці.
Разам з тым курс на фарсіраваную індустрыялізацыю прывёў да фарміравання каманднай эканомікі, звыш цэнтралізаванай, падпарадкаванай дырэктыўнаму планаванню, якая звяртаецца да пазаэканамічных мер прымусу да працы і нярэдка рэпрэсій. Ліквідаваліся механізмы рэгулявання эканамічнага жыцця, усталявалася перавага адміністрацыйна-гаспадарчай сістэмы кіравання.