§ 10–2. Індустрыялізацыя

3. Будаўніцтва і мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў

З абвяшчэннем курсу на сацыялістычную індустрыялізацыю ў Савецкай Беларусі разгарнулася бурнае будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў. Намаганнямі беларускага народа і ўсіх народаў СССР у гады першай пяцігодкі былі ўведзеныя ў строй швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка імя «КІМ» (Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі) у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты. У 1930 г. увайшоў у строй флагман беларускай энергетыкі — БелДРЭС. Яго ўзвядзенне праславіў у сваёй паэме «Над ракой Арэсай» Я. Купала.

Адной з самых значных прамысловых новабудоўляў Беларусі ў гады першай пяцігодкі стаў завод сельскагаспадарчага машынабудавання ў Гомелі («Гомсельмаш»). У 1930-я гг. ён вырабляў сіласарэзкі, бульба- і сенасартавальныя машыны, малатарні, сенажаці і іншую сельскагаспадарчую тэхніку для патрэб усяго СССР.

Індустрыялізацыя ў БССР, як і ў СССР, праходзіла фарсіраванымі (паскоранымі) тэмпамі пад лозунгам «Пяцігодку — за чатыры гады». Усяго за першую пяцігодку ў БССР уступілі ў строй 78 буйных і 460 сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, а таксама ўзніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная прамысловасць. Агульны аб'ём капіталаўкладанняў у прамысловасць БССР За першую пяцігодку склаў 243 млн руб., перавысіўшы больш чым у 5,3 разы капіталаўкладанні за папярэднія 10 гадоў. З гэтай сумы на новае будаўніцтва было выдзелена 58,8 %, на пашырэнне і рэканструкцыю дзеючых прадпрыемстваў – 38,6 %. Першарадная ўвага надавалася такім галінам прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, ільняная і швейная.

Дзякуючы высокім тэмпам індустрыяльнага будаўніцтва аб'ём прамысловай прадукцыі ўжо ў 1931 г. перавысіў аб'ём прадукцыі сельскай гаспадаркі: Рэспубліка з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. Калі ў 1928 г. доля прамысловай прадукцыі ў ВУП Савецкай Беларусі складала 41,3 % , то ў 1932 г. — 67 %.

Усяго за 1929—1940 гг. у БССР былі ўведзеныя ў дзеянне і рэканструяваныя 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90 % усёй прамысловай прадукцыі.