§ 10–2. Індустрыялізацыя

2. Прычыны і напрамкі правядзення індустрыялізацыі

Да сярэдзіны 1920-х гг. савецкая краіна скончыла аднаўленчы перыяд, дасягнула ўзроўню 1913 г., але заходнія краіны за гэты час пайшлі далёка наперад. З прычыны гэтага намецілася адставанне СССР. Тэхніка-эканамічная адсталасць магла стаць хранічнай і асудзіць краіну да становішча аграрна-сыравіннага прыдатка сусветнай эканомікі.

Для будаўніцтва сацыялізму правядзенне індустрыялізацыі было першараднай задачай. Менавіта развіццё прамысловага сектара народнай гаспадаркі давала неабходную незалежнасць савецкага ладу ад «капіталістычнага свету». Акрамя таго, індустрыялізацыя з'яўлялася важнейшай крыніцай умацавання ваеннага патэнцыялу дзяржавы. Да ўсяго, па перакананні савецкага кіраўніцтва, толькі развітая прамысловасць дасць магчымасць арганізаваць і развіваць земляробства.

Эканамічнай прычынай індустрыялізацыі з'яўлялася тое, што буйная прамысловасць, і ў першую чаргу група «А» (вытворчасць сродкаў вытворчасці), вызначае эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і развіццё сельскай гаспадаркі ў прыватнасці.

Сацыяльная прычына пераводу эканомікі на індустрыяльныя рэйкі заключалася ў тым, што без зацвярджэння прамысловай вытворчасці немагчыма развіццё адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння насельніцтва.