§ 10–1. Ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі
4. Вынікі аднаўлення народнай гаспадаркі Савецкай Беларусі
Ажыццяўленне новай эканамічнай палітыкі садзейнічала хуткаму адраджэнню сельскай гаспадаркі Беларусі. Былі адноўлены пасяўныя плошчы, павысіліся ўраджайнасць і валавыя зборы сельскагаспадарчых культур, павялічылася пагалоўе жывёлы. Сталі з’яўляцца буйны́я калектыўныя прадпрыемствы для вядзення сельскай гаспадаркі (калгасы і саўгасы).
Адносная эканамічная лібералізацыя ў гады нэпа стварыла спрыяльныя ўмовы для аднаўлення прамысловасці. Былі рэканструяваны і пабудаваны некалькі дзясяткаў фабрык і заводаў. Да пачатку 1928 г. аб’ём прамысловай прадукцыі ў рэспубліцы ўзрос у 2,3 раза. Дынамічна развівалася энергетыка. У адпаведнасці з планам дзяржаўнай электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне 1920‑х гг. будаваліся электрастанцыі ў Мінску і іншых гарадах рэспублікі. Быў у асноўным адноўлены чыгуначны і рачны транспарт.
У гады нэпа была адменена абавязковая працоўная павіннасць. На біржах працы ў БССР у 1925 г. было зарэгістравана 147 тыс. чалавек. Увядзенне гасразліку прывяло да ліквідацыі ўраўняльнага прынцыпу ў аплаце працы. Пры аплаце працы цяпер улічвалася кваліфікацыя рабочых і служачых. У 1927 г. прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах БССР перавысіла даваенны ўзровень у 1,8 раза.
За перыяд нэпа былі адноўлены сельская гаспадарка рэспублікі і прамысловасць, узрасла колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх. Спажывецкі рынак быў напоўнены асноўнымі таварамі, павялічыўся гандлёвы абарот.