§ 10–1. Ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі

2. Палітыка «ваеннага камунізму», яе сутнасць. Крызіс палітыкі «ваеннага камунізму» і пераход да новай эканамічнай палітыцы

Палітыка «ваеннага камунізму» праводзілася ў 1918—1921 гг. ва ўмовах грамадзянскай вайны і замежнай ваеннай інтэрвенцыі. Сваю назву палітыка атрымала па прычыне адмены таварна-грашовых адносін, адсутнасці прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, увядзення натуральнай аплаты працы, роўнасці ў размеркаванні матэрыяльных выгод. Гэта нагадвала прынцыпы, на аснове якіх, на думку бальшавікоў, паўстане будучае камуністычнае грамадства. «Камуністычныя» пачаткі ў перыяд Грамадзянскай вайны былі следствам разрухі, крайняга недахопу рэсурсаў і ўкараняліся ваенна-адміністрацыйным шляхам. Адсюль і тэрмін «ваенны».

У асноўным палітыка «ваеннага камунізму» была абумоўлена гаспадарчай разрухай, выкліканай ваеннымі дзеяннямі. Яе мэтай з'яўлялася мабілізацыя ўсіх сіл і рэсурсаў на захаванне ўлады бальшавікоў, абарону заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Увядзенне харчразвёрсткі ставіла большасць сялян на мяжу напаўгалоднага выжывання. Для дзяржаўнай нарыхтоўкі хлеба ствараліся спецыяльныя харчовыя атрады. Яны забіралі ў сялян не толькі лішкі, але і часта неабходныя для спажывання прадукты.

Дэзарганізацыя вытворчасці, адсутнасць стымулаў да вытворчай працы запатрабавалі ўзмацнення жорсткасці мер па арганізацыі вытворчасці, якія выліліся ў мілітарызацыю працы. Спачатку яна ахапіла рабочых і служачых абаронных галін, а затым на ваеннае становішча былі пераведзеныя ўсе галіны прамысловасці і чыгуначны транспарт. Былі ўведзеныя нармаванае картачнае размеркаванне прадуктаў, усеагульная працоўная павіннасць для асоб ад 16 да 50 гадоў, ураўняльная аплата працы. З прычыны інфляцыі і краху крэдытна-грашовай сістэмы некаторыя паслугі (квартплата, праезд) былі бясплатнымі.

У вёсцы дзейнічалі так званыя камітэты беднаты, якія канфіскавалі зямлю, інвентар, харчаванне ў асноўным у заможнага сялянства. Забараняўся ўсякі прыватны гандаль.

Палітыка «ваеннага камунізму», заснаваная на гвалце і надзвычайных ваенна-загадных метадах кіравання гаспадарчым жыццём, перш за ўсё ў дачыненні да сялянства, выклікала сапраўдную вайну на вёсцы і паставіла пад пытанне сам факт захавання ўлады бальшавікоў. Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны, паслаблення міжнароднай напружанасці сяляне сталі патрабаваць права распараджэння зямлёй і вырабленай прадукцыяй, адмены палітыкі «ваеннага камунізму». Кульмінацыяй агульнай незадаволенасці стала ўзброенае выступленне маракоў Кранштата ў лютым — сакавіку 1921 г., якое адлюстравала агульны настрой сялянства, паказала бесперспектыўнасць палітыкі «ваеннага камунізму».

Глыбокі эканамічны крызіс, сялянскія хваляванні, працяг палітыкі «ваеннага камунізму» стварылі пагрозу ўлады бальшавікоў і прымусілі іх пайсці на перагляд свайго эканамічнага курсу.