§ 5-1. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краін Захаду ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст.
4. Палітычнае развіццё краін Захаду
Унутрыпалітычная барацьба стала адбывацца пры пасярэдніцтве створаных у той перыяд палітычных партый, якія выражалі інтарэсы розных грамадскіх груп. Амаль паўсюль асноўнымі партыямі ва ўладзе сталі лібералы і кансерватары. Практычна зніклі партыі, якія падтрымлівалі феадальна-абсалютысцкія парадкі. Працоўныя слаі насельніцтва былі прадстаўлены сацыял-дэмакратамі, партыямі левай арыентацыі.
У другой палове XIX ст. у асноўным завяршыўся працэс фарміравання палітычнай сістэмы буржуазнага грамадства. Пачатак гэтаму працэсу паклалі яшчэ рэвалюцыі XVII—XVIII стст. Буржуазія ўпарта адстойвала свабоду прадпрымальніцтва, дабівалася пашырэння палітычных правоў і ўсталявання канстытуцыйнага ладу. Прамысловы пераварот, які рэзка змяніў сацыяльную структуру еўрапейскага грамадства, прывёў да шырокіх палітычных пераўтварэнняў. XIX ст. у гісторыі Еўропы стала эпохай канчатковай ліквідацыі феадальна-абсалютысцкіх рэжымаў і станаўлення парламентарызму. Важнейшымі вяхамі на гэтым шляху можна лічыць парламенцкую рэформу 1832 г. у Англіі, рэвалюцыю 1848—1849 гг. у Францыі, аб’яднанне Германіі і Італіі, рэформы 1860—1870-х гг. у Расіі. Буржуазія атрымлівала ўсё больш свабоды, а ў некаторых краінах прыходзіла да ўлады. Да пачатку XX ст. склаліся тры асноўныя формы буржуазнай дзяржавы: канстытуцыйная манархія, прэзідэнцкая рэспубліка, парламенцкая рэспубліка.
Канстытуцыйная, або парламенцкая, манархія ў класічным выглядзе была прадстаўлена Вялікабрытаніяй. Там усёй паўнатой заканадаўчай улады валодаў парламент, які складаўся з дзвюх палат. Ніводзін закон не мог быць зацверджаны каралём без ухвалення палатай абшчын і палатай лордаў. Выканаўчая ўлада цалкам належала кабінету міністраў, які з сярэдзіны XIX ст. стаў карыстацца манапольным правам заканадаўчай ініцыятывы. Асноўную ролю ў фарміраванні ўрада адыгрывалі ліберальная і кансерватыўная партыі. Пры гэтым партыя, што знаходзілася ў апазіцыі, крытыкавала палітычны курс партыі, якая знаходзілася пры ўладзе. Выбарчыя законы 1867 і 1884 гг. садзейнічалі далейшай дэмакратызацыі палітычнага жыцця. Гнуткая палітыка саступак і кампрамісаў дазволіла кіруючым колам Вялікабрытаніі пазбегнуць усплёску радыкалізму і рэвалюцыйных катастроф у XIX — пачатку XX ст. Сацыяльныя праблемы вырашаліся шляхам мірнага эвалюцыйнага рэфармавання.
Прэзідэнцкая рэспубліка як форма праўлення ўсталявалася ў Злучаных Штатах Амерыкі. Пасля рэвалюцыі 1775—1783 гг. у ЗША практычна зніклі рэшткі феадальных адносін. У адпаведнасці з канстытуцыяй вышэйшым заканадаўчым органам быў абвешчаны Кангрэс, які складаўся з дзвюх раўнапраўных палат. Прэзідэнт не толькі з’яўляўся кіраўніком дзяржавы, але і ўзначальваў выканаўчую ўладу. Ён жа меў права заканадаўчай ініцыятывы і мог прызначаць людзей на вышэйшыя пасады ў дзяржаўным апараце. Улада прэзідэнта ўраўнаважвалася ўладай парламента. Як і ў Англіі, існавала двухпартыйная сістэма з чаргаваннем ва ўладзе Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. Дэмакратычная сістэма выбараў забяспечвала большай частцы насельніцтва ўдзел у палітычным жыцці краіны. Многія прэзідэнты паходзілі з ніжэйшых слаёў грамадства, як, напрыклад, Э. Джэксан альбо А. Лінкальн. Людзі такога паходжання не маглі заняць высокія пасады ні ў адной з краін Старога Свету. Важным элементам палітычнай сістэмы ў ЗША быў таксама незалежны Вярхоўны суд.
У Еўропе захапляліся амерыканскай дэмакратыяй, якая для XIX ст. была сапраўды ўнікальнай з’явай. Але і яна не выратавала краіну ад разбуральнай Грамадзянскай вайны, што праходзіла пад лозунгамі абароны дэмакратыі і роўнасці ўсіх рас. Некалькі разоў на працягу другой паловы XIX ст. у ЗША адбываліся эканамічныя крызісы, а супраць злоўжыванняў манаполій і карпарацый ураду давялося прымаць спецыяльныя антытрэстаўскія законы.
Парламенцкая рэспубліка — гэта форма праўлення, калі вышэйшая ўлада, згодна з канстытуцыяй, належыць парламенту, які самастойна фарміруе кабінет міністраў, выбірае прэм’ераў, а ў сучасных парламенцкіх рэспубліках — і прэзідэнта. Нестабільнасць урадавых кабінетаў — характэрная рыса парламенцкіх рэспублік. Найбольш яркім прыкладам парламенцкай рэспублікі ў XIX ст. была Францыя. Гэтая краіна прайшла праз шэраг рэвалюцый, перш чым у ёй канчаткова ўсталявалася рэспубліканская форма праўлення. Рэвалюцыя 1870 г. скінула рэжым Другой імперыі. Прыняцце ў 1875 г. канстытуцыі зацвердзіла палітычны рэжым Трэцяй рэспублікі.
Заканадаўчая ўлада, згодна з канстытуцыяй, належала парламенту. Аднак верхняя палата парламента — Сенат — абіралася не насельніцтвам, а дэпутатамі ўсіх узроўняў, выбранымі ў дадзенай акрузе. Прэзідэнт, які атрымліваў вялікія паўнамоцтвы, таксама абіраўся не насельніцтвам, а на сумесным пасяджэнні Палаты дэпутатаў і Сената. Яму і міністрам належала ўся паўната выканаўчай улады.
Уздым марксісцкага руху. У другой палове XIX ст. марксісты прыступілі да стварэння палітычных арганізацый. У 1864 г. быў утвораны I Інтэрнацыянал. Затым марксісты заснавалі сацыял-дэмакратычныя партыі. У іх вылучыліся два кірункі: радыкальны (рэвалюцыйны) і ўмераны (рэфармісцкі). Прадстаўнікі апошняга адмаўлялі неабходнасць сацыялістычнай рэвалюцыі і спадзяваліся на рэформы ў рамках капіталістычнага ладу.
Тым не менш у створаным у 1889 г. II Інтэрнацыянале да пачатку 1900-х гг. пераважалі прыхільнікі рэвалюцыйнага пункта гледжання. На яго пасяджэннях прымаліся рашэнні аб немагчымасці саюза з буржуазіяй, недапушчальнасці ўваходжання ў буржуазныя ўрады, аб пратэстах супраць мілітарызму і войнаў і да т. п. Аднак у далейшым у Інтэрнацыянале ўзмацніўся ўплыў рэфармістаў.
У сваю чаргу рост рабочага руху і распаўсюджванне марксізму падштурхоўвалі лібералаў да выпрацоўкі новых ідэй. У выніку на рубяжы стагоддзяў узнік так званы новы лібералізм. Яго прыхільнікі ў Англіі, Францыі, ЗША (Д. Лойд Джордж, Ж. Клемансо, Т. Рузвельт, В. Вільсан) праводзілі рэформы, накіраваныя на ўмацаванне дэмакратыі і паляпшэнне жыцця народных мас. Асноўнай мэтай гэтай палітыкі было імкненне не дапусціць рэвалюцыйных узрушэнняў у грамадстве.