§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.
7. Стан гандлю
У 1860–1890‑я гг. распаўсюджванне капіталізму ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, рост гарадскога насельніцтва, развіццё чыгуначнага транспарту, сродкаў сувязі і выхад на рынак вялікай колькасці прамысловай прадукцыі прывялі да заняпаду кірмашовай формы гандлю. Усё большае значэнне набываў стацыянарны магазінны і крамны гандаль. Гэта дазваляла весці яго больш раўнамерна на працягу года, не арыентуючыся на ўмовы надвор’я.
Урбанізацыя Беларусі прывяла да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У магазінах Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Гомеля, Магілёва, Пінска прадаваліся тавары на сотні тысяч рублёў. Гэтыя гарады сталі цэнтрамі мясцовых рынкаў.
У другой палове ХIХ ст. у буйны́х гарадах узніклі гандлёвыя дамы. У 1914 г. у Беларусі іх налічвалася 245. Усё часцей гандлёвыя дамы камбінавалі гандлёвую і вытворчую дзейнасць.
Выгаднае геаграфічнае становішча, адносна шырокая сетка чыгуначнага, воднага і шашэйнага транспарту садзейнічалі развіццю знешняга гандлю. Прадукцыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці вывозілася ў Германію, Польшчу, Расію, Украіну.
На рубяжы ХIХ–XХ стст. гандлёва-эканамічныя сувязі беларускіх губерняў з суседнімі рэгіёнамі Расіі і з суседнімі краінамі заўважна ажывіліся. Напрыклад, прадукцыя запалкавых фабрык знаходзіла збыт у Растове, Палтаве, Адэсе, Харкаве, Варшаве, Баку, Кішынёве і іншых гарадах. Папера і кардон вывозіліся ў Кіеў, Екацярынаслаў, Рыгу, Беласток, а прадукцыя шкляной і керамічнай прамысловасці — у Маскву, Кіеў, Адэсу.
Такім чынам, беларускія губерні ў 1860‑я гг. — пачатку XX ст. з’яўляліся часткай агульнарасійскага рынку. Адначасова складаліся ўнутрыбеларускі і рэгіянальныя рынкі. Экспартаваліся сельскагаспадарчая прадукцыя і лесаматэрыялы, імпартаваліся прамысловыя тавары і мінеральная сыравіна. Ва ўнутраным гандлі адрознымі рысамі сталі распаўсюджванне стацыянарных форм гандлю, з’яўленне гандлёвых дамоў, узнікненне біржавога гандлю.